18 красавiка 2024, Чацвер, 9:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нечаканы ўзлёт Уладзіміра Зяленскага

22
Нечаканы ўзлёт Уладзіміра Зяленскага

Што ён будзе рабіць з краінай у выпадку перамогі на выбарах?

Добра смяецца той, хто смяецца апошнім - гэтая фраза можа стацца ўдвая справядлівай для Уладзіміра Зяленскі. Чалавек, прафесія якога - смяшыць людзей, мае неабыякі шанец стаць прэзідэнтам Украіны пасля другога тура выбараў у нядзелю, 21 красавіка. Паводле звестак апытанняў, за вядомага тэлевізійнага коміка гатовыя прагаласаваць больш за дзве траціны ўкраінцаў. У першым туры 31 сакавіка Зяленскі атрымаў блізу 30 адсоткаў, удвая апярэдзіўшы цяперашняга прэзідэнта Пятра Парашэнку, піша «Нямецкая хваля».

Як комік стаў кандыдатам у прэзідэнты

У траўні Зяленскі можа быць прыведзены да прысягі ў якасці шостага прэзідэнта Украіны. З ім гэта ўжо было - у кіно. У папулярным камедыйным серыяле «Слуга народа» Зяленскі сыграў школьнага настаўніка гісторыі Васіля Галабародзьку, які выпадкова стаў прэзідэнтам. Многія аглядальнікі мяркуюць, што гэты серыял паспрыяў поспеху новаспечанага палітыка. Фільм пабудаваны на клішэ аб карумпаванай украінскай палітычнай эліце, жаданні народа адпомсціць істэблішменту і надзеях на несістэмнага палітыка. Менавіта ў якасці такога і пазіцыянуе сябе кандыдат.

41-гадовы Уладзімір Зяленскі - энэргічны мужчына невысокага росту з хрыплаватым голасам. Сын інстытуцкага прафесара з Крывога Рога - прамысловага цэнтра на паўднёвым усходзе Украіны – уважаецца за самага вядомага і паспяховага коміка краіны.

Выпускнік спецшколы з ангельскай мовай марыў аб МДІМА, аб чым сам распавядаў у розных інтэрв'ю, але ў выніку аддаў перавагу ўмоўнай «сініцы ў руках», атрымаўшы юрыдычную адукацыю ў ВНУ, дзе выкладаў ягоны бацька. У 1990-я Зяленскі пачаў выступаць у КВЗ, у тым ліку - у Вышэйшай лізе, шмат часу праводзіў у Маскве. Але ў выніку вярнуўся ва Украіну, дзе ў пачатку 2000-х пачаўся ягоны ўзлёт як шоўмэна і тэлевізійнага мэнэджара. Канёк Зяленскага: палітычная сатыра. Больш за 15 гадоў ён разам з камандай пацяшаецца з украінскай палітычнай эліты. Яны называюць сябе «Студыя Квартал 95», так называецца адзін з раёнаў Крывога Рога. Акрамя сцэнічных шоў калектыў робіць камедыйныя серыялы і мастацкія фільмы.

Крытыкі бачаць у Зяленскім несамастойную палітычную фігуру і кажуць аб ягоным магчымым хаўрусе з буйным бізнэсоўцам Ігарам Каламойскім з Дняпра, былога Днепрапятроўска. На тэлеканале Каламойскага «1+1» выходзяць праекты Зяленскага, які акрамя акторскай справы яшчэ і прадусар. Нібыта, мэта гэтага альянсу - перашкодзіць перавыбранню Парашэнкі. Каламойскі і Зяленскі адмаўляюць палітычнае супрацоўніцтва перад выбарамі.

Чаго пазбягае кандыдат Зяленскі

Незвычайная не толькі кандыдатура Зяленскага, але і ягоная кампанія. Класічных выступаў на плошчах практычна не было. Замест гэтага перад першым турам Зяленскі ездзіў па краіне з канцэртамі, а тэлеканал «1+1» круціў ягоныя шматлікія гумарыстычныя праграмы. Зяленскі амаль не даваў інтэрв'ю, меў стасункі ў асноўным з СМІ, якія яму сімпатызуюць, а з выбаршчыкамі - шляхам відэазваротаў у сацыяльных сетках. Пры дапамозе крэатыўных слоганаў і моладзевай мовы яму ўдалося мабілізаваць раней пасіўных маладых жыхароў усходу і поўдня Украіны.

З набліжэннем другога тура тон зваротаў Зяленскага да Парашэнкі станавіўся ўсё больш агрэсіўным. Ён паводзіў сябе як паляўнічы, які пераследуе параненага звера. Пры гэтым сам ён па магчымасці пазбягаў неабходнасці адказваць на крытычныя пытанні і адпраўляў на ток-шоў сваіх дарадцаў. Зяленскі пагадзіўся на дуэль з Парашэнкам, але паставіў умовы яе правядзення, сярод якіх - стадыён, а не тэлестудыя. Запланаваныя на пятніцу, 19 красавіка, дэбаты да апошняга моманту заставаліся пад пагрозай зрыву праз рознагалоссі ў дэталях.

Выбарчая праграма дае толькі прыблізнае ўяўленне аб тым, што чакае краіну ў выпадку прыходу Зяленскага да ўлады. Ён абяцае «Украіну мары» - краіну без карупцыі, з высокімі заробкамі і пенсіямі, хуткім інтэрнэтам і добрымі дарогамі. Таксама сярод ягоных абяцанняў - «больш народаўладдзя», гэта значыць, больш рэферэндумаў, больш справядлівасці і бяспекі. Кандыдат абяцае скончыць вайну на ўсходзе Украіны, але пра тое, як ён збіраецца гэта зрабіць, кажа мала. Разлік відавочны - спадабацца як мага большай колькасці выбаршчыкаў.

Але паспяховая медыястратэгія - не адзінае тлумачэнне поспеху Зяленскага. Корань, мяркуюць аглядальнікі, - ва ўкраінскай палітыцы, у якой за дзясяткі гадоў склаўся забойны імідж. Паводле звестак амерыканскай кампаніі Gallup, апублікаваных у сакавіку, Украіна займае першае месца ў свеце ва ўзроўні недаверу грамадзян да ўлады - ёй давяраюць толькі 9 адсоткаў. На гэтым фоне поспех Зяленскага - не толькі ягоная заслуга. Пятро Парашэнка мог бы спытаць сябе, ці не пераацаніў ён свае шанцы.

Многія ўкраінцы, якія былі рухаючай сілай змены ўлады зімой 2014 года і якія ўважаюць сябе за празаходніх патрыётаў, назіраюць за поспехам Зяленскага з сумессю турботы і адчаю. Мяркуючы па настроях у сацыяльных сетках, асноўных прэтэнзій да Зяленскага дзве. Па-першае, яго ўспрымаюць як расейскамоўнага коміка, які высмейваў украінскі патрыятызм. Па-другое, выказваюцца асцярогі, што палітычная недасведчанасць Зяленскага можа прывесці краіну да крызісу.

Некаторыя папярэджваюць аб магчымым рэваншы сіл з атачэння былой «Партыі рэгіёнаў», экс-прэзідэнта Віктара Януковіча, які ўцёк у Расею. Сам Януковіч у часы свайго прэзідэнцтва, відавочна, з вялікай сімпатыяй ставіўся да Зяленскага. У ліпені 2010 года, калі Януковіч прымаў нефармальны саміт СНД у Крыме, а заадно святкаваў свой юбілей, гасцей, сярод якіх быў і прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў, забаўляў Зяленскі і ягоны «95-ы Квартал».

Адно з галоўных пытанняў, якое застаецца адкрытым, - наколькі самастойным прэзідэнтам будзе Зяленскі, і наколькі вялікім уплывам будзе валодаць ягонае пакуль малавядомае асяроддзе і алігархі. Перамогі на прэзідэнцкіх выбарах яму ў кожным выпадку будзе недастаткова для паспяховага кіраўніцтва краінай. Восенню ва Украіне запланаваныя парламенцкія выбары, і ў Кіеве ўжо гадаюць, ці пойдзе Зяленскі на роспуск парламенту і датэрміновыя выбары. Ягоная партыя «Слуга народа», якая існуе пакуль, хутчэй, на паперы, лідаруе ў апытаннях.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках