29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнікі МЗС Турцыі, Румыніі і Польшчы падтрымалі ўступленне Украіны і Грузіі ў NATO

1
Кіраўнікі МЗС Турцыі, Румыніі і Польшчы падтрымалі ўступленне Украіны і Грузіі ў NATO

Грузія і Украіна павінны далучыцца да NATO для ўмацавання бяспекі ў Чарнаморскім рэгіёне.

Украіна і Грузія павінны стаць чальцамі NATO – гэта будзе спрыяць умацаванню бяспекі ў Чарнаморскім рэгіёне, якую сваімі дзеяннямі падрывае РФ. Пра гэта гаварылася на трохбаковай сустрэчы міністраў замежных справаў Турцыі, Польшчы і Румыніі ў Анкары 19 красавіка, піша «Гордон».

«З гледзішча бяспекі нашы краіны сутыкаюцца з падобнымі праблемамі... Такія краіны, як Грузія і Украіна, павінны далучыцца да NATO», – адзначыў на супольнай прэс-канферэнцыі міністр замежных справаў Румыніі Тэадор Мелешкану.

Ён нагадаў, што ягоная дзяржава не прызнае анэксію Крыма Расеяй.

Кіраўнік МЗС Турцыі Меўлют Чавушаглу дадаў, што Анкара таксама падтрымлівае курс Украіны на NATO.

«Мы асабліва хочам дапамагаць краінам у гэтым рэгіёне. Украіна – адна з гэтых краінаў. Мы таксама прыхільнікі таго, што Грузія павінна быць уключаная ў NATO як мага хутчэй», – падкрэсліў Чавушаглу.

Міністры замежных справаў Турцыі, Польшчы і Румыніі дамовіліся правесці яшчэ адну сустрэчу ў трохбаковым фармаце 15 ліпеня.

Украіна актывізавала супрацоўніцтва з NATO ў 2014 годзе на фоне анэксіі Крыма Расеяй і пачатку расейскай агрэсіі на Данбасе. У канцы 2014-га Вярхоўная Рада прыняла закон, які прадугледжвае адмову Украіны ад палітыкі «пазаблокавасці». У чэрвені 2017 года парламент падтрымаў закон, які замацоўвае намер Украіны ўступіць у NATO.

Паводле звестак апытання сацыялагічнай групы «Рэйтынг», праведзенага ў студзені 2019 года, уступленне Украіны ў NATO падтрымліваюць 46% украінцаў, 32% – супраць гэтага кроку. У снежні 2018 года за ўступленне Украіны ў NATO былі 44% апытаных, супраць таксама выступалі 32%.

7 лютага 2019 года ўкраінскі парламент прыняў закон пра ўнясенне ў Канстытуцыю палажэння аб стратэгічным курсе дзяржавы на набыццё паўнапраўнага сяброўства Украіны ў Еўрапейскім Звязе і NATO. У той самы дзень Рада ўхваліла праект пастановы, якім заклікала NATO прапанаваць Украіне план дзеянняў для сяброўства.

17 сакавіка прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што пытанне наконт плана дзеянняў для сяброўства ў NATO для Украіны можна будзе падняць у снежні 2019 года на лонданскім саміце Альянсу. 10 красавіка Парашэнка зацвердзіў нацыянальную праграму супрацоўніцтва з NATO на 2019 г.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках