29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Зімін: Вельмі дорага нам абыходзіцца кіраванне Лукашэнкі

5
Мікола Зімін: Вельмі дорага нам абыходзіцца кіраванне Лукашэнкі
МІКОЛА ЗІМІН

Мясцовыя кіраўнікі капіююць манеру кіравання дыктатара.

Беларускі незалежны прафесійны звяз існуе ў агрэсіўным асяродку, умовы для працы сталі больш жорсткія, канстатаваў старшыня арганізацыі Мікола Зімін на XI з'ездзе прафесійнага звязу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўнікаў, энэргетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых працаўнікоў, паведамляе «Радыё Свабода».

Паводле ягоных словаў, найбольш сур'ёзны ціск сёння адчуваецца на ААТ "Беларуськалій". Як апавёў Зімін, адміністрацыя прадпрыемства шляхам шантажу і гвалту прымушае супрацоўнікаў выходзіць з незалежнага прафзвязу пад пагрозай таго, што не будзе кар'ернага росту і павышэння разраду, але будзе непрадаўжэнне кантракта і іншыя наступствы. Гэта ўжо прывяло да аднамомантавага масавага выхаду супрацоўнікаў з прафзвязу.

«У краіне дзейнічае рэжым, таму выбудоўваць партнёрскія стасункі складана, – падкрэсліў прафзвязны лідар. – Незалежныя арганізацыі не ўпісваюцца ў дзяржаўную мадэль пабудовы грамадства, паколькі менавіта прафзвяз захаваў прынцыпы дэмакратычнага ладу – усе працэсы праходзяць адкрыта з прыманнем калектыўнай пастановы».

Мікола Зімін заявіў, што сённяшняя Беларусь – недэмакратычная краіна, дзе прымаюцца недэмакратычныя законы, дэкрэты і ўказы, якія супярэчаць Канстытуцыі і канвенцыям Міжнароднай арганізацыі працы.

«Дзейнічае дазвольны прынцып рэгістрацыі дэмакратычных прафзвязаў, а чальцы ўвесь час адчуваюць ціск, – нагадаў ён. – Асаблівая роля адводзіцца ідэолагам, якія вядуць барацьбу з сябрамі незалежнага прафзвязу. Адміністрацыі выкарыстоўваюць гвалтоўныя метады барацьбы – шантаж, пагрозы, запалохванні. Актывістаў спрабуюць дыскрэдытаваць, а потым звольніць. Кіраўнікі на месцах капіююць манеру кіравання свайго кіраўніка».

Старшыня БНП падкрэсліў, што дамагчыся сваіх правоў у краіне амаль нерэальна, паколькі органы ўлады і кіравання, вярхоўная ўлада замінаюць развіццю грамадзянскай супольнасці і незалежных прафзвязаў.

«Беларусь стала некамфортнай і нават небяспечнай для яе грамадзянаў. Афіцыйная прапаганда ўбівае ў галовы думку, што тут «жыццё самае спакойнае ў свеце». На самай справе краіна стала цывілізацыйным ізгоем, з ёй супрацоўнічаюць такія самыя недэмакратычныя рэжымы. Эканоміка ў жахлівым стане, увесь час ідзе пошук крэдытаў і латанне дзірак. Вельмі дорага абыходзіцца нам кіраванне Лукашэнкі», – падсумаваў Мікола Зімін.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках