25 красавiка 2024, Чацвер, 17:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У вёсцы пад Кобрынам спецназ затрымаў групу анархістаў

26
У вёсцы пад Кобрынам спецназ затрымаў групу анархістаў

З людзей здзекаваліся.

Адзінаццаць чалавек было затрымана 20 красавіка ў вёсцы Тэўлі Кобрынскага раёна. Гэтыя маладыя людзі прыехалі ў Тэўлі з Берасця. Яны залічваюць сябе да анархісцкага руху, піша nn.by.

У Тэўлях, размешчаных за 15 кіламетрах ад Кобрына і за 50 кіламетраў ад Берасця, сабраліся дзесяць хлопцаў і адна дзяўчына.

Бацькам гэтай дзяўчыны і належыць лецішча, дзе адбывалася затрыманне. Моладзь прыехала туды раніцай у суботу.

А ўжо пад 14:00 у вёску прыбылі кобрынская міліцыя і берасцейскі спецназ. «Мы акурат гатавалі абед, - распавядае адзін з затрыманых Улад. - Нас паклалі тварам у зямлю ў двары, мы так ляжалі прыкладна гадзіну. Супраць некаторых выкарыстоўвалі сілу, білі па нагах, ціснулі нагой твары».

Пасля гэтага, са слоў відавочцаў, хлопцам надзелі кайданкі і пасадзілі ў міліцэйскі УАЗік. Затрыманых павезлі ў Кобрынскі РАУС.

«Нас там пратрымалі тварам да сцяны некалькі гадзін. Пасля гэтага пачалі здымаць на камеру. Тых, хто адмаўляўся, каб яго здымалі, білі па рэбрах і жываце», - апавядае Улад.

У выніку ў той жа вечар вызвалілі пецярых. Адзін з іх быў непаўналетнім, яго адпусцілі раней. «Я не разумею, чаму абралі менавіта нас, каб адпусціць. Магчыма, астатнія затрыманыя сябе не называлі», - распавёў Улад.

Затрыманых вазілі на наркалагічную экспэртызу. Улад кажа, што ў Кобрыне ім сказалі, маўляў, яны маглі ўжываць марыхуану «тыдзень, можа, таму», аднак 22 красавіка раніцай ён прайшоў экспэртызу ў Берасцейскім наркалагічным дыспансеры, і наркатычных рэчываў у арганізме выяўлена не было.

«Мяне і дзяўчыну потым павезлі ў Тэўлі, каб апісаць рэчы, што засталіся там. У нас там не было ні наркотыкаў, ні алкаголю. Я вельмі ўважліва ўчытваўся ў пералік апісанага, бо баяўся, што могуць нешта падкінуць, але нічога такога не было», - распавядае Улад.

Ці з'яўляюцца яны анархістамі? «Можна сказаць, што так», - адказвае Улад.

Шасцёра затрыманых працягваюць знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Кобрыне. Першы намеснік начальніка АУС Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Касяк пацвердзіў, што затрыманне сапраўды мела месца.

«Я не ведаю пра іх палітычныя погляды. Пра суды пакуль рана казаць. Калі нешта будзе, то гэта адміністрацыйныя пратаколы», - распавёў Аляксандр Касяк.

Афіцыйны прадстаўнік УУС Берасцейскага аблвыканкама Ілля Помін сказаў, што на гэты момант не мае інфармацыі аб справе. «Калі разгледзім як важнае, то прачытаеце на нашым сайце», - адказаў ён.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках