25 красавiка 2024, Чацвер, 1:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За 2018 год у беларускім войску ўчынілі самагубства чатыры вайскоўцы

5
За 2018 год у беларускім войску ўчынілі самагубства чатыры вайскоўцы
ФОТА: TUT.BY

У 2017 годзе ў войску ўчынілі суіцыд пяцёра вайскоўцаў.

За 2018 год чацвёра вайскоўцаў беларускага войска скончылі жыццё самагубствам. Двое з іх - жаўнеры тэрміновай службы, яшчэ двое - прапаршчыкі-кантрактнікі. Пра гэта распавёў Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны, палкоўнік Уладзімір Макараў:

"Двое вайскоўцаў тэрміновай вайсковай службы, прозвішчы якіх невядомыя. І двое вайскоўцаў, якія праходзяць службу паводле кантракту, якія [скончылі жыццё самагубствам] ў пазаслужбовы час, і гэта было звязана з выключна асабістымі матывамі", - распавёў Макараў.

Інфармацыя пра тры з чатырох выпадкаў самагубства з'яўлялася ў прэсе. 6 верасня ў вайсковай частцы №33933 ў Слоніме знойдзены павешаным шараговец Аляксандр Арлоў. Праз два дні, 8 верасня, у лесе пад Гародняй знайшлі цела 26-гадовага жаўнера тэрміновай службы Сяргея Ясюкевіча. 22 чэрвеня 2018 гадоў у адной з частак полацкага гарнізона скончыў жыццё самагубствам прапаршчык Аляксей Сягодняў.

Пра чацвёртага вайскоўца, таксама прапаршчыка-кантрактніка, Уладзіміра Макарава падрабязней не расказаў: "Мы такую інфармацыю не даем. Гэта было ў пазаслужбовы час, дома, з сямейных прычын".

У 2017 годзе ў войску ўчынілі суіцыд пяцёра вайскоўцаў, у тым ліку шараговец Аляксандр Коржыч. Рэзанансную справу аб ягонай гібелі пачалі разглядаць у жніўні 2018 года. Вінаватымі ў давядзенні Коржыча да самагубства прызнаныя трое сяржантаў: Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч. Яны атрымалі 9, 7 і 6 гадоў калоніі адпаведна.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках