23 красавiка 2024, aўторак, 22:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Спадзяюся, што Зяленскі не будзе паціскаць руку дыктатару

52
Яўген Афнагель: Спадзяюся, што Зяленскі не будзе паціскаць руку дыктатару

«Сябры» Лукашэнкі не найлепшым чынам сканчалі сваю кар'еру.

У нядзелю, 21 красавіка, ва Украіне прайшоў другі тур выбараў прэзідэнта. Паводле ягоных вынікаў новым прэзідэнтам краіны стаў Уладзімір Зяленскі.

Сайт Charter97.org папрасіў пракаментаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», аднаго з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Яўгена Афнагеля:

– Пачну з таго, што калі ахарактарызаваць у цэлым масавую і непадробную цікавасць беларусаў да выбараў ва Украіне, то першае слова, якое прыходзіць на розум – зайздрасць.

Жыхары нашай краіны сачылі за дэбатамі Пятра Парашэнкі і Уладзіміра Зяленскага на «Алімпійскім». Кожны дзень у сацыяльных сетках абмяркоўвалі плюсы і мінусы абодвух кандыдатаў. Меркавалі, як яны галасавалі б, жывучы ва Украіне.

Варта адзначыць, што гэтая цікавасць не абмяжоўвалася сацыяльнымі сеткамі. Мае знаёмыя, сваякі, якія далёкія ад палітыкі, вельмі цікавіліся выбарамі ва Украіне, пыталіся маё меркаванне пра іх. Ведаеце, гэта нейкая фантастычная карціна, што беларусам былі настолькі цікавыя выбары ў суседняй краіне.

Што тычыцца выніку ўкраінскіх прэзідэнцкіх выбараў, то ён быў прадказальны. Хоць скажу, што ў Пятра Парашэнкі ёсць бясспрэчныя заслугі. Ён атрымаў краіну ў жахлівым стане. Я маю на ўвазе вайну з Расеяй, адсутнасць арміі. Увогуле, перспектывы тады былі вельмі туманнымі і ў такіх варунках Парашэнка змог захаваць незалежнасць Украіны, дамагчыся пэўных поспехаў у вонкавай палітыцы.

Тым не менш магу сказаць, што ў беларусаў шмат пытанняў да Парашэнкі. Самае галоўнае – чаму ён, прыйшоўшы да ўлады ў выніку Майдана, паўстання супраць дыктатуры, пачаў наладжваць стасункі з беларускім дыктатарам Лукашэнкам. Падтрымліваў яго, гандляваў з ім.

Для нас гэта сапраўды вельмі незразумела. Тым больш, што гэтую памылку ўжо здзяйсняў адзін з папярэднікаў Парашэнкі – Віктар Юшчанка, які быў фактычна адвакатам Лукашэнкі на Захадзе.

Мы вельмі спадзяемся, што новы прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не будзе паўтараць памылак папярэдніх кіраўнікоў дзяржавы. Прынамсі ў адносінах да нашай краіны.

– Калі падрабязней казаць пра палітыку Парашэнкі, то чаму, на Ваш погляд, ён усё ж з такім адрывам саступіў Зяленскаму?

– Пяць гадоў таму, у 2014-м годзе, украінцы паверылі Парашэнку. Ён тады казаў вельмі зразумелыя, патрэбныя і важныя рэчы. Тое, што хацелі ад яго пачуць.

Мне здаецца, Парашэнка саступіў таму, што не змог выканаць тое, што ад яго чакалі ўкраінцы. Не змог закончыць вайну, перамогшы ў ёй. Пры гэтым ён гандляваў з краінай-агрэсаркай, падтрымліваў стасункі з алігархамі, якіх падазравалі, у тым ліку, у падтрымцы тэрарыстаў на ўсходзе Украіны. У той час як большасць украінцаў не можа пахваліцца сваёй заможнасцю, ён застаецца адным з найбагацейшых людзей краіны і прадаўжае нарошчваць капітал.

Адказаў на пытанні, якія былі яму зададзеныя, у тым ліку і падчас дэбатаў, ён даць не змог. Я паўтаруся, ён зрабіў шмат для сваёй краіны, але не зрабіў усяго, што мог. У першую чаргу гэта тычыцца менавіта вонкавай палітыкі, стасункаў з суседнімі краінамі, у тым ліку Расеяй і Беларуссю.

– Беларусь цяпер знаходзіцца напярэдадні «прэзідэнцкіх» і «парламенцкіх выбараў». Які мы можа атрымаць урок з падзей у краіне-суседцы Украіне?

– Прыкметна, што Лукашэнка баіцца выбараў. Ён несумненна сочыць за тым, што адбываецца ва Украіне і ведае пра жывую цікавасць беларусаў выбарамі ў суседняй краіне. Яго гэта моцна палохае, таму што выбары ва Украіне паказалі запатрабаванасць пераменаў.

Ёсць людзі, якія кажуць, што перамены – гэта дрэнна, жыць у эпоху пераменаў складана, але на самай справе для нашага рэгіёну гэта даўным-даўно ўжо не так. Для Беларусі і Расеі, якія практычна затрымаліся ў савецкім мінулым, вельмі запатрабаваныя перамены. Менавіта гэтым выкліканая спроба адтэрмінаваць іх.

Яшчэ падчас «паслання» Лукашэнкі многія чакалі, што «выбары» будуць прызначаныя гэтай восенню, то-бок даволі хутка, але мы бачым, што дата «выбараў» адтэрміноўваецца. Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што яны будуць вясной наступнага года. Ярмошына (старшыня ЦВК Беларусі – заўвага Charter97.org) у панядзелак увогуле заявіла пра жнівень.

Бачна, што Лукашэнка, разумеючы ўсю карціну, якая складваецца, спрабуе адтэрмінаваць непазбежнае – змену ўлады ў Беларусь. Мы павінны быць гатовыя да прэзідэнцкай кампаніі і выкарыстоўваць яе для таго, каб змяніць уладу ў краіне, чаго хочуць 90% беларусаў.

Спробы ўладаў адтэрмінаваць як мага далей гэтую непрыемную для іх дату вялікай ролі не маюць. Бо гэта можа адбыцца нашмат раней і не абавязкова перамены будуць прымеркаваныя да выбараў.

Яшчэ раз падкрэслю, самы галоўны вынік цікавасці беларусаў да ўкраінскіх выбараў – гэта тое, што ў беларускім грамадстве існуе велізарны запыт на перамены, іх чаканне.

Менавіта таму для беларусаў выбары ва Украіне, напэўна, сталі ў гісторыі нашых дзвюх краінаў самой глабальнай навіной, якая чытаецца да гэтага часу.

– Якой павінна быць палітыка новага прэзідэнта Украіны ў дачыненні да Беларусі?

– Прэзідэнт Украіны павінен памятаць, што ён стаў прэзідэнтам у выніку сумленных, свабодных выбараў. За саму магчымасць іх правядзення ўкраінцы ахвяравалі нават сваімі жыццямі. Я спадзяюся, што Уладзімір Зяленскі будзе падтрымліваць беларусаў у ажыццяўленні іхняй галоўнай мары – правядзенні свабодных, дэмакратычных выбараў і ніколі не будзе паціскаць руку дыктатару-злачынцу, як рабілі ягоныя папярэднікі.

Акрамя таго, я параіў бы Зяленскаму памятаць, як не самым лепшым чынам скончылі сваю палітычную кар'еру тыя, хто паціскаў руку Лукашэнку дзеля сваіх бізнэс-зацікаўленняў, імгненнай выгоды, прыносячы ў ахвяру гэтым рэчам ідэалы дэмакратыі, свабоды і, ведаеце, справядлівасці.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках