25 траўня 2019, Субота, 15:32
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Актывістка ініцыятывы «Наша права» задала жорсткія пытанні Лукашэнку

47
Ліяна Шуба

Маці асуджанага за наркотыкі раскрытыкавала дыктатара ў адкрытым звароце.

Жыхарка Жлобіна Ліяна Шуба – актывістка ініцыятывы «Наша права» (аб'ядноўвае сваякоў асуджаных за наркотыкі) звярнулася з адкрытым лістом да Лукашэнкі, дзе яна крытыкуе выказванні кіраўніка Беларусі, паведамляе «Гомельская вясна».

Ліяна Шуба – маці асуджанага за наркотыкі на 9 гадоў калоніі Аляксандра Шубы (арт. 328 КК РБ). Актыўна змагаецца за змены ў заканадаўстве ў дачыненні да звароту наркотыкаў, удзельнічала ў галадоўцы пратэсту сваякоў асуджаных за наркотыкі ў красавіку 2018 года.

«Не аднойчы родныя асуджаных за наркотыкі і асабіста, і калектыўна звярталіся да вас з просьбай наконт прыёму. І з зайздроснай стабільнасцю атрымлівалі з вашай адміністрацыі адмовы. Таму я пастанавіла звярнуцца да вас у інтэрнэце.

Вы сказалі, што “за наркотыкі ніякай амністыі не будзе”. У пасланні “нацыянальнаму сходу” і народу краіны вы акцэнтавалі ўвагу на тым, што больш за ўсё злачынстваў здзяйсняецца ў стане наркатычнага і алкагольнага ап'янення: “Гэта бяда на дарогах. У нас кожны наркаман мае два аўтамабілі, асабліва хто вырабляе і распаўсюджвае. Гэта не бедныя людзі. Нанюхалiся, абкалоліся – паехалі, здзейснілі злачынства. Загінулі людзі”.

У краіне блізу 9 тысячаў афіцыйна зарэгістраваных наркаманаў. Паводле сцвярджэння нарколагаў, наркаманія – латэнтная з'ява. Гэтую лічбу варта памнажаць на 10, каб уявіць сабе маштаб праблемы. Гэта значыць 90 тысячаў наркаманаў. Пытанне: як наркаман атрымлівае правы, як ён праходзіць рэгулярны медагляд для кіроўцаў? Вы падазраяце медыкаў і супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі ў непрафесіяналізме? Як яны дапускаюць сітуацыю, што на дарогах нашай радзімы раз'язджае аўтапарк з 90 тысячаў аўтамабіляў, якімі кіруюць нанюханыя і абколатыя наркаманы? І яшчэ адно пытанне, вы цікавіліся статыстыкай ДТЗ? Прабачце, не знайшла больш свежай – толькі да 2017 года.

Прадоўжу. Далей пра наркаманаў вашы словы: “Я ўжо не кажу пра генафонд: хто народзіцца і каму гадаваць потым гэтых дзяцей, лекаваць іх? Вы ўяўляеце, які пласт?”

Вы 4 гады таму выказаліся, каб асуджаныя паводле 328 артыкула “смерці прасілі”, цяпер настройваеце ўсё грамадства на тое, што яны павінны на самай справе памерці, каб, не дай Бог, у іх не нарадзіліся непаўнавартасныя дзеці? А як жа наша дасканалая пенітэнцыярная сістэма? Яна ж так паспяхова выпраўляе асуджаных! У ПК – папраўчых калоніях – створаны належныя ўмовы для жыцця, працы, навучання і самаразвіцця асуджаных. І Дэпартамент выканання пакарання дзеліцца досведам выпраўлення злачынцаў са сваімі замежнымі калегамі. Значыць, выправяць і нашых наркаманаў, за дзесяць гадоў жа! Ці вы сумнеяцеся ў прафесіяналізме супрацоўнікаў ДВПа? Навошта ж тады нам гэты Дэпартамент?

Не сумнеяцеся? Тады не ўскладайце на сябе функцыі Бога. Гэта яго, Божая, задума – ці быць у некага там дзецям і якімі ім быць. Бо кожнае дзіця ў нашай сінявокай дзяржаве – КОЖНАЕ – ходзіць у яслі, садок, школу або гімназію, ліцэй або каледж, гурток або секцыю, у школу мастацтваў або турпаход. Пакуль ягоныя бацькі пякуць хлеб, вараць сталь, выкрываюць і перавыхоўваюць злачынцаў, водзяць цягнікі, тушаць пажары, шыюць форму сілавікам, дояць кароў, збіраюць МАЗы, здымаюць кіно, будуюць дамы. Не ва ўсіх бацькоў ёсць такая магчымасць, як у вас – нават у працоўных камандзіроўках быць побач са сваім дзіцем. Таму кожны бацька, добрасумленна выконваючы свае прафесійныя абавязкі, спадзяецца, што пакуль ён на працы, прафесіяналы, якім ён даверыў сваё дзіця, таксама добрасумленныя.

Наркаманія – бяда не асобна ўзятай сям'і, а ўсіх нас, усяго грамадства, усіх беларусаў. І развязаць яе можна толькі ўсім светам, а не адным вашым дэкрэтам №6, ужо выбачайце за дзёрзкасць.

Вы кажаце: “Ён (І. А. Шуневіч) кантралюе, як выконваюцца нашы пастановы, кажа, што трэба вярнуцца і абмеркаваць тэму датычна спажыўцоў наркотыкаў. Але ў вытворчасці і распаўсюджванні – гэта нягоднікі поўныя, наўрад ці там будзе нейкае паслабленне. Але не буду забягаць наперад. Мы гэтае пытанне ў найбліжэйшы час абмяркуем”. Пытанне: калі? Калі настане найбліжэйшы час? Сваякі асуджаных за наркотыкі ўжо амаль 4 гады спрабуюць звярнуць увагу – вашу, Шуневіча, грамадскасці – да таго, што за апошнія 6 гадоў мы ўсе, імем Рэспублікі Беларусь, асудзілі за наркотыкі блізу 19 тысячаў чалавек (паводле статыстыкі Вярхоўнага суда). Здавалася б, сядзяць усе наркабароны. Але бяда ў тым, што з кожным годам расце колькасць канфіскаваных з абарачэння наркотыкаў (паводле статыстыкі МУС). Значыць, сядзяць не тыя, хто ўвозіць і вырабляе. Пакуль мы ўсе цешымся і хвалім сябе – пасадзілі ўсіх наркадзяльцоў, дзяцей 90-х, падрасло пакаленне дзяцей нулявых, 2000-х. І іх чакае тая ж доля? Мы пасадзім яшчэ адно пакаленне?

Час мяняць метады барацьбы з наркаманіяй. Час мяняць заканадаўства. Час змякчаць пакаранне. Час адчыняць новыя рэабілітацыйныя цэнтры, а не новыя калоніі. Час пераглядаць прысуды, а не будаваць палацы для Вярхоўнага суда. На гэтыя грошы можна было б рэабілітаваць тысячы наркаманаў ці забяспечыць нашы празрыстыя мяжы з РФ хоць бы кінолагамі з сабакамі. Вас не палохае колькасць канфіскаваных з абарачэння наркотыкаў за першы квартал гэтага года – 880 кг? Мяне палохае.

Мы марнуем час. Трэба змагацца з увозам наркотыкаў, а не з наркаманамі, з прычынамі, а не з наступствамі. Так кажуць нарколагі. Прыслухайцеся да меркавання прафесіяналаў. Так гаворым мы, сваякі асуджаных за зварот наркотыкаў. Прыслухайцеся да меркавання народа».