Беларусь прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі
6- 23.04.2019, 10:41
- 10,515
Пастаўкі спыненыя праз няякасную нафту з РФ.
Беларусь вымушана прыпыніла экспарт светлых нафтапрадуктаў ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі праз паступленні няякаснай расейскай нафты, паведаміў журналістам у аўторак у Менску намеснік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб, паведамляе "Інтэрфакс".
"Прыпыненая пастаўка светлых нафтапрадуктаў – бензінаў і дызпаліва ва Украіну, Балтыю і Польшчу", – сказаў С.Грыб, каментуючы наступствы скарачэння аб'ёмаў нафтаперапрацоўкі на беларускіх НПЗ праз паступленні няякаснай нафты з РФ.
"На цяперашні момант кантрактныя абавязальніцтвы прыпыненыя да моманту развязання пытання з расейскай нафтай", – дадаў Грыб.
Паводле ягоных словаў, "экспарт з Беларусі цёмных нафтапрадуктаў захаваны ў поўным аб'ёме ў сувязі з адсутнасцю іхняга спажывання на ўнутраным рынку".
У цяперашні час, паведаміў Грыб, беларускі бок працуе над тым, каб "не адбыліся санкцыі з боку контрагентаў (вонкавых – заўв.)".
Ён таксама адзначыў, што Беларусь самастойна забяспечвае патрэбы ўнутранага рынку з улікам прынятай у канцы мінулага года пастановы Расеі пра забарону паставак нафтапрадуктаў у краіну і скарачэнні аб'ёмаў перапрацоўкі на НПЗ праз няякасную нафту. "Падзенне (экспарту – заўв.) адбылося ў сувязі з павелічэннем паставак на ўнутраны рынак", – сказаў Грыб.
"Скарачэнне аб'ёмаў экспарту адбываецца для забеспячэння патрэбаў унутранага рынку нафтапрадуктаў", – дадаў намеснік гендырэктара БНК.