28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Расея ўводзіць унутраную цэнзуру праз «сувэрэнны» інтэрнэт

9
Як Расея ўводзіць унутраную цэнзуру праз «сувэрэнны» інтэрнэт

Дакумент ухвалены Радай Федэрацыі РФ.

Рада Федэрацыі РФ услед за Дзяржаўнай думай ухваліла законапраект пра «суверэнны» інтэрнэт у Расеі, паведамляе «Голас Амерыкі».

За дакумент прагаласаваў 151 сенатар, чацвёра выступілі супраць пры адным, які ўстрымаўся.

Нечаканай падзею не назавеш. Некаторую пікантнасць ёй надало тое, што падчас абмеркавання законапраекта ў будынку Рады федэрацыі праз праблемы з электрычнасцю часова знік інтэрнэт і перасталі працаваць маніторы і мікрафоны.

Гэта дало падставу спікерцы палаты Валянціне Мацвіенцы сказаць: «Наша праца была паралізаваная на паўгадзіны, дык што ж будзе, калі адключаць інтэрнэт». Паводле версіі распрацоўнікаў дакумента, ён накіраваны перш за ўсё на абарону расейскага сегменту сусветнай сеткі. А «адключыць» яго плануе, натуральна, зламысны Захад на чале з ЗША. Такія асноўныя пасылы расейскай прапаганды ў гэтай тэме.

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў таксама сцвярджаў, што законапраект накіраваны «на забеспячэнне жыццядзейнасці інтэрнэту ва ўмовах патэнцыйных агрэсіўных дзеянняў у кіберпрасторы» ў дачыненні да Расеі.

У той самы час дакумент раней зазнаў крытыку, у тым ліку з боку экспертнай групы пры ўрадзе РФ, Падліковай палаты Расеі, а таксама бізнэсу, прадстаўнікоў IT-супольнасці, шараговых карыстальнікаў і выклікаў масавыя пратэсты.

Спецыялісты звяртаюць увагу на вялікія выдаткі, звязаныя з рэалізацыяй ініцыятывы на практыцы. Паводле паведамленняў СМІ, толькі на гэтыя мэты можа быць выдаткавана блізу 30 мільярдаў рублёў. Яшчэ парадку 134 мільярдаў рублёў за год спатрэбіцца на кампенсацыі аператарам сувязі.

Акрамя таго, ажыццяўленне закона выкліча пашырэнне штату афіляваных з Раскамнагляду структураў, у самой жа нагляднай установы з'явяцца дадатковыя паўнамоцтвы і вагары. Яна зможа не толькі блакаваць сайты, але і ўмешвацца ў маршрутызацыю трафіку. Такім чынам, на думку крытыкаў праекта, адчыняецца наўпростая дарога для татальнай цэнзуры ў інтэрнэце.

Паводле нядаўняга апытання Левада-цэнтра, 64% негатыўна ставяцца да новай заканадаўчай ініцыятывы.

Кіраўнік праекта «РасКамСвабода» Арцём Казлюк не згодны з тым, што законапраект накіраваны на абарону расейскага рунэту. На ягоную думку, наадварот, любая цэнтралізаваная сістэма больш уразлівая да вонкавых нападаў і пагрозаў, чым дэцэнтралізаваная.

«А асноўны сэнс гэтай ініцыятывы мы бачым менавіта ў цэнтралізацыі, у імкненні да вертыкальнага дзяржкіравання айчынным інтэрнэтам, – дадаў ён. – Паводле дакументаў, дзяржаўным установам даюцца паўнамоцтвы ў манапалізацыі трафіку, адзяржаўліваюцца розныя інфраструктурныя элементы. Таму, вядома, гэтая сістэма больш уразлівая да вонкавых нападаў, калі такія мяркуюцца».

Пры гэтым выразныя мадэлі пагрозаў так і не былі прапісаныя законатворцам, паказаў Арцём Казлюк: «Таму тут нават немагчыма зразумець, ад чаго хочуць абараніцца ініцыятары дакумента і тыя, хто прагаласаваў за праект. Гаворка ідзе толькі пра нейкую міфічную пагрозу з боку Амерыкі ў адключэнні нас ад сусветнай сеткі».

Гэта проста віртуальная страшылка, якая не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю, рэзюмаваў эксперт.

У сваю чаргу, заснавальнік Цэнтра лічбавых правоў Станіслаў Шакіраў мяркуе, што дакумент накіраваны і не на абарону, і не на ізаляцыю інтэрнэту.

«Абараніць рунэт ён не можа проста з той прычыны, што абараняе дэцэнтралізацыя, а не цэнтралізацыя, – растлумачыў ён. – Таму калі вы хочаце зрабіць рунэт максімальна ўразлівым для вонкавых ворагаў і разрозненых хакераў, то трэба дзейнічаць так, як гэты закон і прадугледжвае. Адпаведна, калі імкнуцца зрабіць рунэт максімальна бяспечным, трэба аслабіць рэгуляванне, даць працаваць свабодна рынку, як і адбывалася да 2012–2013 гадоў».

З іншага боку, як уяўляецца Станіславу Шакіраву, гэты законапраект не накіраваны на ізаляцыю, бо вельмі многія «ізаляцыянісцкія пазіцыі» былі выкрасленыя з тэксту з моманту першага і другога чытанняў у Дзярждуме.

Як заўважыў галоўны аналітык Раейскай асацыяцыі электронных камунікацый Карэн Казаран, любы спецыяліст, які чытаў дакумент у той форме, якая ўхваленая Радай Федэрацыі, разумее, у чым ягоная сутнасць.

«У асноўным ініцыятыва накіраваная на тое, каб за кошт дзяржавы набыць вялікую колькасць нікому не зразумелага абсталявання, мабыць, нейкіх канкрэтных расейскіх вытворцаў, а потым гэтае абсталяванне павінны паставіць аператары сувязі. Па-мойму, гэта галоўная мэта праекта. Іншая мэта – з дапамогай гэтага абсталявання “пакіраваць” інтэрнэтам у Расеі», – сказаў на заканчэнне ён.

Аднак апошняя задача, паводле ацэнкі аналітыка, наўрад ці можа быць дасягнутая на практыцы.

Некаторыя IT-эксперты ўжо публікавалі ў сетцы розныя схемы абыходу перашкодаў, якія могуць з’явіцца ў выніку рэалізацыі асобных палажэнняў дакумента. Чакаецца, што закон пачне дзеянне з 1 лістапада гэтага года.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках