26 траўня 2019, Нядзеля, 23:47
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Экс-кіраўнік АНТ Кісель здае катэдж у Драздах за $6500 на месяц

38
РЫГОР КІСЕЛЬ

Як і ўсім астатнім прадстаўнікам лукашэнкаўскай наменклатуры, яму элітная зямля дасталася бясплатна або амаль бясплатна.

Былы кіраўнік тэлеканала АНТ Рыгор Кісель здае ў арэнду свой катэдж у Драздах. Адпаведная аб'ява з'явілася на сайтах з каталогамі нерухомасці, піша nn.by.

За арэнду дома на вуліцы Рачной просяць $6500 на месяц. Дакладнае размяшчэнне домап не пазначанае, але ідэнтыфікаваць гаспадара нескладана. На сцяне ў адным з пакояў можна заўважыць фотапартрэт Кісяля. У другой - вісіць шарж на Кісяля ды іншых прапагандыстаў дзяржаўнай тэлевізіі - Юрыя Казіятку, Аляксандра Зімоўскага.

Гаспадар дома адмовіўся каментаваць сітуацыю. «А з чаго вы ўзялі, што я нешта здаю? - запярэчыў Кісель і прадоўжыў: «Гэта маё прыватнае жыццё, а дэталі прыватнага жыцця я не каментую».

Журналісты адзначаюць, што экс-кіраўнік АНТ атрымаў пляц у Драздах у сярэдзіне 2000-х. Як і ўсім астатнім прадстаўнікам лукашэнкаўскай наменклатуры, яму элітная зямля дасталася бясплатна або амаль бясплатна.

Яго найбліжэйшыя суседзі ў Драздах - Віктар Шэйман і святар Фёдар Поўны.

Рыгор Кісель - унікальны жыхар Драздоў, бо змог нейкім чынам пабудаваць на сваіх 15 сотках два (!) катэджы. Адным валодае ён, другім - дачка Алена. Незразумела, праўда, які з іх здаецца ў арэнду.

«На першым паверсе размешчаныя: гасцёўня, сталовая, кухня, спальня з санвузлом, гасцявы пакой, санвузел, у якім ўсталяваная душавая кабіна з лазняй, кабінет, трэнажорная зала, пакой для сціркі. На другім паверсе размешчаныя: тры пакоі, прасторная спальня з панарамным акном, санвузел, гардэробны пакой. У доме зроблены сучасны рамонт з якасных будаўнічых матэрыялаў. Дом цалкам укамплектаваны ўсёй неабходнай мэбляй і бытавой тэхнікай, у кожным пакоі ўсталяваны кандыцыянер. Разумная планіроўка дома дазваляе адчуваць сябе камфортна ў кожны час года. Аўтаномнае ацяпленне. Для паркоўкі аўто ёсць гараж і месца на пляцоўцы. На тэрыторыі пры доме выкананы ландшафтны дызайн, усталяваная прасторная альтанка, створаная дэкаратыўная сажалка», - гаворыцца ў аб'яве.

Рыгор Кісель нарадзіўся ў 1955 годзе ў вёсцы Здудзічах Светлагорскага раёна. Скончыў журфак БДУ (1979). Працаваў у газеце «Могилевская правда» (1979-1987), у Магілёўскім абкаме КПБ (1987-1990), рэдактарам газеты «Могилевские ведомости» (1990-1994). Старшыня Белтэлерадыёкампаніі (1994-2000), пасол у Румыніі (2000-2002), старшыня праўлення АНТ (2002-2017). Удавец, мае дваіх дарослых дзяцей.