19 красавiка 2024, Пятніца, 11:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ад дэтэктыўнай мовы да «хуткаснага рэжыму»

5
Ад дэтэктыўнай мовы да «хуткаснага рэжыму»
ФОТА: ALBERTO DI LOLLI/ELMUNDO.ES

У Гішпаніі падлеткі вучаць вядомых людзей пісьменнасці, a ў Беларусі з мовы насміхаецца Лукашэнка.

У невялікім гішпанскім мястэчку Берланга жыве ўсяго 2360 чалавек. Але апошнім часам гэта мястэчка стала шырока вядомым у Гішпаніі. А ўсё дзякуючы таму, што 26 падлеткаў з мясцовай школы Cuatro Villas наважылі стварыць віртуальную брыгаду, мэта якой - сачыць за арфаграфічнай пісьменнасцю публікацый у Twitter і Instagram, піша «Салiдарнасць».

Калі які-небудзь палітык, журналіст ці інфлюэнсэр забывае пра загалоўныя літары, блытае j і g або няправільна скарачае слова, профіль пад назвай Detectives de la ESO - «Дэтэктывы з сярэдняй школы» - неадкладна сігналізуе ім пра памылку.

Як паведамляе партал espanarusa.com, правяраюцца старонкі не толькі звычайных карыстальнікаў, але і VIP-персон. Так вядомага гішпанскага палітыка Пэдра Санчэса школьныя дэтэктывы «нацягалі за вушы» за адсутнасць знака націску ў слове «diálogo», а не менш вядомага Альберта Рывэра прымусілі пачырванець за няправільна пастаўленую коску. Палітыку Пабла Касада абвясцілі вымову за адсутнасць прабелу паміж лічбай і сімвалам, а профіль партыі Podemos - «Мы можам» - за злітнае напісанне «porqué» замест «por qué».

Самая багатая жанчына Гішпаніі, суўладальніца брэнда Zara Мера Расалія, спевакі Давід Бісбаль і Пабла Альбаран, футбаліст Альвара Марата і вядоўца Хулія з тэлепраграмы «Operación Triunfo» - вось толькі некаторыя з тых, хто атрымаў паведамленні з выпраўленнямі ад 14-15-гадовых вучняў Cuatro Villas.

Большасць успрынялі лісты з заўвагамі пазітыўна. Старшыня Кангрэса дэпутатаў Гішпаніі Ана Пастар нават паставіла ім упадабайку, а палітык Рамон Эспінар падзякаваў за выпраўленні. Але не ўсім такая ініцыятыва па душы: вядомы відэаблогер Sr. Cheeto даслаў юным дэтэктывам відэа, у якім заявіў, што яны «зануды».

Ідэйным натхняльнікам праекта стаў выкладчык геаграфіі Алехандра Галан. Ідэя «арфаграфічнай брыгады» прыйшла яму ў галаву пасля таго, як ён даведаўся, што ў Бразіліі моладзь вывучае ангельскую мову ў сацыяльных сетках, і што менавіта там маладзёны знаёмяцца з тэкстамі як з узорамі для пераймання. У рэальным свеце моладзь піша ўсё горш і чытае ўсё менш, а калі іх куміры з сацсетак пішуць непісьменна, як патрабаваць пісьменнасці ад падлеткаў? Цяпер жа дзеці, якія раней і самі расстаўлялі націскі, як патрапіла, сочаць не толькі за чужой, але і за ўласнай арфаграфіяй.

І гэта не проста гульня. Гішпанцы ўважаюць адукацыю шостай у важнасці праблемай пасля беспрацоўя, карупцыі, дзейнасці палітыкаў, эканомікі і аховы здароўя, тлумачыць espanarusa.com. Гішпанская моладзь часта не толькі менш ведае (студэнт універсітэта ў Гішпаніі па ўзроўні ведаў роўны школьніку выпускнога класа ў Галандыі), але і часцей кідае вучобу пасля заканчэння абавязковай адукацыі.

Гісторыя не пра нас. Як брытанскія ўлады абаранілі арандатараў жылля

Менавіта таму выкладчыкі шукаюць магчымасці зацікавіць і матываваць дзяцей, паказаць, што атрыманыя ў школе веды сапраўды карысныя. Калі падлеткі бачаць, што правілы, якія вывучаюцца ў школе, не ўжываюцца ў рэальным жыцці, яны расчароўваюцца ў вучобе. У гэтым сэнсе чальцы «арфаграфічных брыгад» плывуць супраць плыні, бо строгая нарматыўнасць мовы часта замяняецца непатрабавальнай гутарковай мовай, а ў сацсетках яшчэ і ўседазволенасцю.

А што ў нас?

Беларускія карыстальнікі сацсетак таксама не адрозніваюцца ідэальнай пісьменнасцю. Але ўсё ж праблема №1 у Беларусі не столькі пісьменнасць, колькі пагроза знікнення роднай мовы, з якой сёння насміхаецца нават дыктатар, які нядаўна публічнай асудзіў надпіс «Выконвай хуткасны рэжымам».

У сувязі з гэтым на сайце «Зручны горад» з'явілася петыцыя «У падтрымку беларускай мовы». «У Беларусі, з нашых назiранняў, маюцца прыкметы сталага парушэння правоў беларускамоўнага насельніцтва і дыскрымінацыi беларускай мовы», - заяўляюць яе аўтары.

Яны звяртаюць увагу, што ў гарадах краіны «мала беларускамоўных шыльдаў (у тым ліку на вакзалах), існуюць перашкоды для беларускамоўнай адукацыі на ўсіх узроўнях, няма патрабавання ды чыноўнікаў роўнага валодання мовамі, адсутнічае практыка справаводства на беларускай мове, суды ідуць па-расейску, адсутнічае ўвесь корпус заканадаўства на беларускай мове».

Аўтары петыцыі выставілі тры асноўныя патрабаванні:

«1. Вярнуць на дарогі дарожны знак «Выконвай хуткасны рэжымам» па-беларуску і ў далейшым прытрымлівацца афармлення знакаў на беларускай мове.

2. Забяспечыць магчымасць навучання на беларускай мове кожнага ахвотнага і заахвочваць ды вывучэння і выкладання на беларускай мове выхавальнікаў, настаўнікаў і выкладчыкаў адмысловымі прэміямі.

3. Стварыць беларускамоўную дзяржаўную Вышэйшую навучальную ўстанову і падтрымаць іншыя такія прыватныя ініцыятывы».

Праз 12 дзён збор подпісаў скончыцца, пасля чаго зварот будзе накіраваны ў Мінадукацыі ды УДАІ МУС Беларусі.

Давайце спачатку абаронім мову, а ўжо потым, на прыклад гішпанцаў, будзем сачыць за яе граматнасцю.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках