29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Новы прэзідэнт Украіны павінен спыніць бізнэс Лукашэнкі на вайне

11
Андрэй Саннікаў: Новы прэзідэнт Украіны павінен спыніць бізнэс Лукашэнкі на вайне
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Добра вядомыя схемы рээкспарту з Беларусі ва Украіну атрыманых з расейскай нафты нафтапрадуктаў.

Украіна павінна прадэманстраваць прынцыповае стаўленне да дыктатуры і парушэнняў правоў чалавека, а таксама прызнаць, што кіраўніцтва Беларусі патурае Расеі і нажываецца на вайне. Такое меркаванне ў каментары УНП выказаў кіраўнік грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", экс-кандыдат у прэзідэнты краіны, былы намеснік міністра замежных спраў, палітвязень Андрэй Саннікаў.

Ён адзначыў, што не толькі для ўкраінцаў, але і для Беларусі важна, каб Украіна захавала курс на Еўропу і дасягнула ўзроўню незваротнасці дэмакратыі і рынкавых пераўтварэнняў.

"У гэтым плане Беларусь з'яўляецца своеасаблівай "лакмусавай паперай "- нельга дэманстраваць імкненне да дэмакратыі толькі "на экспарт" і ў той жа час падтрымліваць дыктатуру Лукашэнкі, мець з ім супольны бізнэс, у тым ліку і на вайне. Прынцыповае стаўленне да дыктатур, да парушэння правоў чалавека і будзе паказчыкам сталасці дэмакратыі ва Украіне", - мяркуе Саннікаў.

Палітык нагадаў, што не сакрэт, што афіцыйныя ўлады Беларусі з'яўляюцца хаўруснікамі Крамля.

"Афіцыйнаму Кіеву варта было б прызнаць той факт, які ўжо даўно прызналі ў NATO: рэжым Лукашэнкі з'яўляецца хаўруснікам Крамля, які вядзе вайну ва Украіне і з Украінай. Кропка. Акрамя таго, што Лукашэнка дазваляе выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для вайскоўцаў расейскіх манеўраў, якія пагражаюць і Еўропе, і Украіне, ён цынічна нажываецца на вайне, якую Расея развязала на тэрыторыі Украіны", - распавёў палітык, дадаўшы, што многія беларускія прадпрыемствы пастаўляюць прадукцыю на тэрыторыі АРДЛА і ў часова акупаваны Крым, а тавары з гэтых тэрыторый свабодна прадаюцца ў Беларусі.

Ён нагадаў, што ніякіх санкцый з боку ўкраінскай улады супраць беларускіх кампаній, якія парушаюць украінскія законы, не было.

"Добра вядомыя таксама схемы рээкспарту з Беларусі ва Украіну атрыманых з расейскай нафты нафтапрадуктаў. Расейскія экспэрты шчыра кажуць, што ўвядзенне Расеяй забароны на экспарт ва Украіну нафты і нафтапрадуктаў фактычна дало Беларусі неабмежаваныя магчымасці для разгортвання схем рээкспарту. Небяспека ў тым, што праз такія схемы Украіна застаецца прывязаная да нафтапрадуктаў з Расеі, якая можа спыніць пастаўкі ў кожны момант ці ж выкарыстаць іншыя метады для прычынення Украіне шкоды. Апошнія пастаўкі няякаснай нафты ва Украіну праз Беларусь могуць азначаць тэставанне такіх метадаў. Ёсць мноства прыкладаў дзеянні шэрых бізнэс-схем паміж Беларуссю і Украінай, у тым ліку і для абыходу міжнародных і ўкраінскіх санкцый, уведзеных супраць Крамля", - мяркуе Саннікаў.

Ён адзначыў, што з прычыны ўвядзення розных санкцый і эмбарга Расеяй супраць Еўропы Беларусь стала найбуйнейшым у рэгіёне цэнтрам кантрабанды, у якім удзельнічае і ўкраінскі бок.

"Гэта дапамагае нажывацца рэжыму Лукашэнкі і асобным бізнэсоўцам ва Украіне, але ніяк не адпавядае ўкраінскім нацыянальным інтарэсам і іх абароне", - растлумачыў апазіцыянер.

Думаю, што Лукашэнка будзе настойліва імкнуцца хутчэй завесці стасункі з новым прэзідэнтам, каб захаваць свой "шэры бізнэс", будзе разыгрываць ролю хаўрусніка і пасярэдніка, напраўду дапамагаючы Крамлю дасягаць сваіх мэтаў ва Украіне. Напэўна будуць гучаць галасы заходніх "карысных ідыётаў", раіць падтрымаць Лукашэнку праз "складаную геапалітычную сітуацыю". Хацелася б, каб не толькі новы прэзідэнт, але і новая ўлада, якая, спадзяюся, будзе працаваць у рэжыме супрацоўніцтва, а не процістаяння, не паддавалася на хітрыкі дасведчанага інтрыгана Лукашэнкі і праявіла палітычную волю ў дачыненнях з Беларуссю. Галоўнае ў гэтых дачыненнях - разумець, што Лукашэнка не прадстаўляе беларускі народ, яго ніхто не выбіраў і не варта дэмакратычна абранаму прэзідэнту Украіны апускацца да ўзроўню дыктатара.

Сёння менавіта Украіна знаходзіцца на перадавой барацьбы за свабоду ў нашым рэгіёне. Ваша свабода, незалежнасць і дэмакратычнае развіццё - гэта і наша будучыня. Не буду выкарыстоўваць абцякальныя фармулёўкі: зычу Украіне найхутчэйшай перамогі ў вайне з Расеяй, вяртання ўсіх акупаваных і анэксаваных тэрыторый.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках