25 красавiка 2024, Чацвер, 20:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянцін Троцкі - суддзі: Вашая дзяржава мяне абрабавала

6
Валянцін Троцкі - суддзі: Вашая дзяржава мяне абрабавала
ВАЛЯНЦІН ТРОЦКІ
ФОТА: FACEBOOK

Актывіст БНК паказаў, як размаўляць з лукашэнкаўскім судом.

Актывіст Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу і «Народнай Грамады» Валянцін Троцкі пракаментаваў сайту Charter97.org сваё затрыманне і незаконны суд:

- 21 красавіка я выйшаў да Свята-Духавага храма на пікет супраць разбурэння Курапатаў. У руках у мяне быў плакат са словамі з верша Уладзіміра Някляева: «Ты чуеш стогны? Гэта Курапаты! ». Праз некаторы час да мяне падышлі спецслужбісты ў цывільным адзенні. Адзін з іх прадставіўся палкоўнікам. Было такое адчуванне, што проста баяўся прадставіцца. Мяне папрасілі сысці, але я заявіў, што пратэст - маё грамадзянскае права, якое гарантуецца Канстытуцыяй.

Праз некаторы час яны мяне ўзялі пад рукі і павялі ў бок аўтамабіля ДПС. Па дарозе я выкрыкваў: «Свабоду палітвязням!», «Свабоду Статкевічу!», «Свабоду Паліенку!», «Свабоду Жамчужнаму!». Плакат у мяне вырвалі з рук.

Затым мяне адвезлі ў Цэнтральны РАУС і пасадзілі ў «малпоўнік». На загад чалавека ў цывільным мяне перавялі ў «стакан». У «стакан» было дастаткова цёмна, холадна, былі ўсе ўмовы для таго, каб чалавек сябе няёмка адчуваў. Ёсць толькі вузкая лаўка, на якой можна сядзець. Колькі часу я там правёў - не ведаю, бо ў такіх месцах час цягнецца па-асабліваму.

Мяне чамусьці надумалі перавесці ў ЦІП. Логіка ўладаў не зразумелая, бо да суду мяне павінны былі ўтрымліваць у ІЧУ. Напэўна, яны разважылі, што ў ІЧУ будуць занадта добрыя ўмовы для ўтрымання.

У ЦІП мяне пратрымалі дзень у чатырохасабовай камеры, а затым, калі вызвалілі Мікалая Статкевіча, мяне перавялі ў ягоную камеру. Высветлілася, што да лідара БНК падсадзілі вакзальнага валацугу. Я думаю, што гэта дадатковы чыннік псіхалагічнага ціску на палітычных зняволеных.

23 красавіка мяне забралі з ЦІП, адвезлі ў РАУС, зноў пасадзілі ў брудны «стакан», надзелі кайданкі, якія былі надта малыя і сціскалі рукі. Я апеляваў да таго, што я адміністрацыйны зняволены і надзяваць кайданкі не абавязкова, але гэта яшчэ адзін метад ціску.

Мяне прывезлі ў суд Кіраўскага раёна. Працэс вяла даволі вядомая Вікторыя Шабуня. Я заявіў, што не прызнаю іх незаконны суд. У папярэдні раз мяне судзілі па падробленым пратаколе і я не думаю, што ў лукашэнкаўскім судзе можна дамагчыся правасуддзя. Многія пытанні я ігнараваў. Калі суддзя Шабуня задала мне пытанне аб месцы працы, то я адказаў, што я павінен быў сысці на пенсію ў 60 гадоў, але ваша дзяржава мяне абрабавала і падняла пенсійны ўзрост. Працу ў такім узросце я знайсці не магу. Толькі рабская праца.

Суддзя Шабуня аштрафавала мяне на 50 базавых адзінак (1275 рублёў). Але я заявіў, што права на пратэст гарантавана мне Канстытуцыяй і гэта мая грамадзянская пазіцыя.

Я маю намер працягваць барацьбу і далей, бо нас ператвараюць у рабоў. Калі не змагацца і пратэставаць - мы страцім краіну, - распавёў Charter97.org Валянцін Троцкі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках