29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбары ў Літве: хто стане фаварытам прэзідэнцкай гонкі

Выбары ў Літве: хто стане фаварытам прэзідэнцкай гонкі
АНТАНАС КУЛАКАЎСКАС

Найбольшыя шанцы ў трох кандыдатаў.

У Літве ўбіраюцца ў сілу прэзідэнцкія выбары, кандыдаты імкнуцца прыцягнуць увагу выбаршчыкаў. Як ім гэта ўдаецца, у каго з іх самыя вялікія шанцы заняць прэзідэнцкую пасаду? На пытанні Charter97.org адказаў Антанас Кулакаўскас, палітолаг з універсітэта імя Вітаўта Вялікага ў Коўне.

- Вы маглі б расказаць, хто ўдзельнічае ў гонцы за прэзідэнцкую пасаду і ў каго з прэтэндэнтаў самыя вялікія шанцы на перамогу?

- У гэтым выпадку я схільны давяраць звесткам паводле прагнозаў грамадскай думкі, паводле якіх назіраецца досыць вялікі адрыў паміж першай тройкай (Гітанас Наўседа, былы фінансавы аналітык і дарадца кіраўніка SEB банка; Інгрыда Шыманітэ, якая займала ў свой час пасаду міністра фінансаў, кандыдатка ад партыі кансерватараў, і Саўлюс Сквярняліс, прэм'ер-міністр Літвы, кандыдат ад партыі «Саюз сялян і зялёных») і астатнімі кандыдатамі.

Што тычыцца ганаровага, чацвёртага, месца, то за яго відавочна будуць змагацца Віцяніс Андрукайціс і Арвідас Юазайціс. Аднак мне здаецца, што выбаршчыкі будуць як заўсёды і ўсюды хутчэй кіравацца эмоцыямі, чым стрымана разлічваць, хто з кандыдатаў для іх бліжэй.

- Калі мы кажам пра праграму кандыдатаў-фаварытаў прэзідэнцкай гонкі, у каго з іх яна найлепшая?

- Хоць асабіста я не надаю занадта шмат значэння палітычным праграмам кандыдатаў, мне здаецца, што лепш за ўсё яе падрыхтаваў Віцяніс Андрукайціс, які агулам згодна са сваім досведам, мог бы выявіцца найбольш прыдатным кандыдатам на пасаду прэзідэнта, але гэты кандыдат паводле многіх параметраў не адпавядае надзеям і жаданням выбаршчыкаў, а таму ягоныя шанцы на перамогу даволі невялікія. З іншага боку, задача Андрукайціса хутчэй нават не перамагчы, але аб'яднаць сацыял-дэмакратаў, у якіх адбыўся раскол, і вярнуць іх з дарогі нэалібералізму на пошук уласнага шляху.

Агулам жа атрымліваецца цікавая сітуацыя: усе трое кандыдатаў, адзін з якіх і пераможа ў прэзідэнцкіх выбарах, з'яўляюцца прадстаўнікамі правых сіл, хоць Саўлюс Сквярняліс і выкарыстоўвае рыторыку левых сіл. Калі ж разглядаць праграмы кандыдатаў-фаварытаў, то ў такім выпадку больш за ўсё выбаршчыкі выйграюць ад выбару Інгрыды Шыманітэ.

- Ці будзе другі тур выбараў, і хто ў ім сустрэцца?

- Мне здаецца, што спатрэбіцца цуд, каб пераможца вызначыўся ўжо ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў. Больш чым упэўнены, што будзе другі тур, пытанне вядома палягае ў тым, хто з трох фаварытаў у ім сустрэцца. Пакуль што ўсе апытанні паказваюць на тое, што самыя вялікія шанцы апынуцца ў другім туры ў Гітанаса Наўседы і Інгрыды Шыманітэ, але можа здарыцца ўсякае.

Папулярнасць Сквярняліса цалкам можа падскочыць, і ён уварвецца ў другі тур.

- Як зменіцца і ці зменіцца замежная палітыка Літвы ў дачыненні да Беларусі пасля таго, як на пасадзе прэзідэнта апынецца не Даля Грыбаўскайтэ, а новы чалавек?

- Думаю, што больш за ўсё ў тым, каб замежная палітыка Літвы змянілася, зацікаўлены цяперашні прэм'ер-міністр краіны і кандыдат на пасаду прэзідэнта Саўлюс Сквярняліс. У гэтым зацікаўленая і лідарка ягонай партыі, і сама партыя. Што тычыцца Наўседы, то ў яго няма вялікага палітычнага досведу, таму ён хутчэй будзе давяраць дарадцам, сачыць за Вашынгтонам і Брусэлем і на аснове гэтага выбудоўваць свае пастановы. Нейкіх пераменаў ад Наўседы або Шыманітэ я б чакаць не стаў, а вось Сквярняліс можа на перамены пайсці.

- А што ў пытанні атамнай беларускай станцыі ў Астраўцы? Сёння Літва катэгарычна супраць.

- Пакуль станцыя не пачала дзейнічаць, натуральна, што Літва супраць і такой гэтая пазіцыя і застанецца. Іншая справа, што пасля ўводу станцыі ў эксплуатацыю штосьці ў стаўленні Вільні да энэргіі з Астраўца можа і змяніцца. Але гэта даволі далёкая будучыня, таму я б не рызыкаваў рабіць нейкія прагнозы менавіта ў гэтым пытанні.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках