25 красавiка 2024, Чацвер, 11:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анджэй Дуда: Польшча сама зможа вызначаць, у каго набываць газ

Анджэй Дуда: Польшча сама зможа вызначаць, у каго набываць газ
АНДЖЭЙ ДУДА
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

У Свінавусці падпісаная дамова аб фінансаванні пашырэння тэрмінала звадкаванага прыроднага газу, размешчанага ў гэтым горадзе.

Удзел у цырымоніі ўзялі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі. Еўрапейскі Звяз прафінансуе працы ў газавым порце ў Свінавусці на 60 адсоткаў. Павел Якубоўскі, кіраўнік кампаніі Polskie LNG, якая кіруе тэрміналам, удакладніў, што гаворка ідзе пра 553 мільёны злотых, паведамляе «Радыё Польшча».

Прэзідэнт Анджэй Дуда адзначыў, што тэрмінал звадкаванага прыроднага газу ў Свінавусці дазваляе Польшчы вызначаць, у каго купляць газ.

Пашырэнне газавага тэрмінала ў Свінавусці палепшыць энэргетычную бяспеку Польшчы, упэўнены Павел Якубоўскі: «Гэта свайго кшталту дадатковы энэргетычны «ўкол», які дазволіць нам ажыццявіць праграму пашырэння, што цалкам зменіць становішча Польшчы як дзяржавы, якая хоча мець доступ да новых незалежных крыніц газу, якая хоча валодаць свабодай прыняцця пастаноў, з кім, на якіх умовах і на які тэрмін падпісваць кантракты».

Газавы порт у Свінавусці працуе з чэрвеня 2016 года. Дагэтуль тут было прынята 56 суднаў, якія перавозяць звадкаваны прыродны газ. Пашырэнне тэрмінала ЗПГ у Свінавусці будзе доўжыцца чатыры гады. У выніку тэрмінал павялічыць сваю магутнасць з цяперашніх 5 млрд кубаметраў да 7,5 млрд кубаметраў на год.

Пасля пашырэння з газавага порта ў Свінавусці газ будзе паступаць па чыгунках, моры і рэках у іншыя краіны басейна Балтыйскага мора, Трохмор’я.

Цяпер у краін басейна Балтыйскага мора - да прыкладу, у Швэцыі і Фінляндыі - занадта маленькія парты, каб прымаць паліва з велізарных катарскіх газавозаў.

Міністр энэргетыкі Польшчы Кшыштаф Тхужэўскі заявіў у Свінавусці, што гэты горад і мясцовы тэрмінал ЗПГ становяцца сучасным сімвалам незалежнасці і энэргетычнай бяспекі Польшчы. Важным элементам суверэнітэту Польшчы стане таксама газаправод Batic Pipe, які злучыць Данію і Польшчу: «У выніку з'явіцца энэргетычная Паўночная брама, якая не толькі зробіць Польшчу незалежнай ад ранейшых пастаўшчыкоў газу, але таксама гарантуе магчымасці большай бяспекі Цэнтральнай Еўропе, дзяржавам Трохмор’я».

Міністр інвестыцый і развіцця Ежы Квяцінскі дадаў, што пашырэнне тэрмінала ЗПГ цяпер з'яўляецца адным з найбольш важных інфраструктурных праектаў у Польшчы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках