7 снежня 2019, Субота, 16:40
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Нафтавая пляма на «Дружбе»

17
Нафтавая пляма на «Дружбе»
Ірына Халіп

Беларускія НПЗ пад пагрозай.

Увечары 19 красавіка канцэрн «Белнафтахім» запатрабаваў афіцыйнай сустрэчы з прадстаўнікамі расейскай «Транснафты» з нагоды значнага пагаршэння якасці нафты Urals, якая паступае праз нафтаправод «Дружба» ў апошнія дні. Са слоў прэс-сакратаркі «Белнафтахіма» Марыны Касцючэнкі, хлорарганічныя злучэнні ў нафце, якая паступае з Расеі, у дзясяткі разоў перавышаюць гранічныя значэнні паводле стандарта. Адбор узораў нафты і афармленне якасці пашпарта праходзілі ў прысутнасці прадстаўніка «Транснафты».

Перапрацоўка нафты такой якасці, заявіла Касцючэнка, можа прывесці да парушэння тэхналагічных рэжымаў працы НПЗ. У выходныя «Белнафтахім» падлічваў узровень магчымых страт ад пагаршэння якасці нафты, а два беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы - у Мазыры і Наваполацку — на 50% скарацілі перапрацоўку нафты і заявілі пра пагрозу пашкоджання абсталявання.

Падвышанае ўтрыманне хлорарганічных злучэнняў, тлумачылі спецыялісты наваполацкага «Нафтана», узмоцніць карозію абсталявання. Першымі пацярпяць устаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты, якія прымаюць экспартную сыравіну, а таксама ўстаноўкі гідраачысткі, каталітычнага рыформінгу, ізамерызацыі бензінавых фракцый. Акрамя таго, хлорарганіка ў колькасці, якая шматкроць перавышае дапушчальную, выкліча незваротную дэзактывацыю ў каталітычных сістэмах, што прывядзе да прыпынення і працяглага прастою НПЗ.

Усё гэта тлумачылі на выязным пасяджэнні ўрадавага аператыўнага штаба. Генеральны дырэктар ААТ «Гомельтранснафта «Дружба» Алег Барысенка сказаў, што прадстаўнікі «Транснафты» падпісалі двухбаковы акт і прызналі, што крыніца забруджвання нафты знайшлася на адрэзку Самара — Унеча. Найбліжэйшым часам «Белнафтахім» і «Транснафта» павінны абмеркаваць тэхнічныя і кампенсацыйныя пытанні. У аўторак прадстаўнікі «Белнафтахіма» і абодвух нафтаперапрацоўчых заводаў вылецелі ў Маскву.

А ў панядзелак на сайце Мазырскага НПЗ з'явілася інфармацыя, што дарагое абсталяванне паламалася праз няякасную расейскую нафту: «Дрэнная якасць сыравіны адбілася на працы абсталявання. Так 20.04.2019 на ўстаноўцы ЛК-6У №2 секцыі С-100 выяўленыя пропускі цеплаабменных трубак паветранага халадзільніка ХК-105, які складаецца з шасці секцый. Рамонтна-механічная брыгада прадпрыемства дэмантавала названае абсталяванне і прыступіла да рамонту. Папярэдняе камісійнае абследаванне з удзелам прадстаўнікоў канцэрна «Белнафтахім», ДНУ» ФТІ НАН Беларусі», Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Мазырскага аддзела ДАУ Дзяржпрамнагляду і ААТ «Мазырскі НПЗ» устанавіла прыкметы каразійнага разбурэння цеплаабменных трубак». Далей прэс-служба завода запэўнівала, што, нягледзячы на шкоду, прадпрыемства па-ранейшаму выпускае высакаякасную прадукцыю, якая адпавядае міжнародным стандартам.

Раніцай 23 красавіка намеснік генеральнага дырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб заявіў, што Беларусь прыпыніла пастаўкі светлых нафтапрадуктаў у краіны Балтыі, Польшчу і Украіну: падчас пасяўной трэба забяспечваць уласныя патрэбы. Роўна праз паўтары гадзіны намеснік старшыні «Белнафтахіма» Ігар Сізоў заявіў, што забруджаная нафта, прапампаваная па беларускай тэрыторыі транзітам, ужо пачала паступаць у краіны Еўразвяза і Украіну.

А галоўны інжынер ААТ «Гомельтранснафта «Дружба» Андрэй Вярыга - што экспарт няякаснай нафты прадаўжаецца ва ўсіх кірунках і што беларусам ніхто выстаўляць ніякіх прэтэнзій не будзе: усе замежныя партнёры папярэджаныя, і разбірацца імпарцёры будуць непасрэдна з пастаўшчыком - «Транснафтай». Так што Беларусь - не адзіная дзяржава, якая цяпер падлічвае страты і вызначае суму будучай кампенсацыі.

А яшчэ Андрэй Вярыга зняпраўдзіў словы прадстаўніка «Транснафты» аб тым, што сітуацыя будзе выпраўленая цягам двух-трох дзён. Ён патлумачыў, што калі крыніца забруджвання знаходзіцца ў Самары, то адтуль да беларускай мяжы амаль паўтары тысячы кіламетраў, а хуткасць нафтавай плыні ў трубаправодзе - 6-7 кіламетраў за гадзіну. А гэта значыць, што спатрэбіцца мінімум 8-10 дзён, каб адбылося замяшчэнне няякаснай нафты.

І яшчэ незразумела, што цяпер будзе з аб'ёмамі забруджанай нафты, якая паступіла ў Беларусь і прадаўжае паступаць у Еўропу. У Беларусі назапасілася больш за 700 тысяч тон «хлорарганічнай» нафты. Што рабіць з сыравінай — яшчэ адно пытанне, якое будуць абмяркоўваць на сустрэчы кіраўнікі «Белнафтахіма» і «Транснафты».

Уся гэтая гісторыя з палітыкай і двухбаковымі стасункамі Расеі і Беларусі ўжо ніяк не звязаная. Але гэта пакуль. Наўрад ці каго-небудзь здзівіць, калі раптам сума страт Беларусі за няякасную нафту супадзе з той, што называў тутэйшы ўрад у якасці кампенсацыі за расейскі падатковы манеўр.

Ірына Халіп, «Новая газета»