20 красавiка 2024, Субота, 5:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Кісляк: Улада і міліцыя вельмі баяцца галоснасці

7
Раман Кісляк: Улада і міліцыя вельмі баяцца галоснасці
ФОТА: TUT.BY

У Берасці прайшлі суды над актывістамі і журналістамі.

Улады Берасця пачалі больш жорстка рэагаваць на пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. 24 красавіка ў судах прайшла серыя пасяджэнняў супраць актывістаў, а ўчора на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з каналам «Белсат», склалі адразу пяць пратаколаў, паведаміў карэспандэнт belsat.eu ў Берасці.

Удзельнікі акцыі пратэсту 7 красавіка атрымалі штрафы: Віталь Казак 765 рублёў, 127,5 рубля прысудзілі Віктару Сендару, абодвух затрымалі пасля акцыі 14 красавіка і ноч яны правялі ў ІЧУ. Таксама Алег Вялаў быў прысуджаны да штрафу ў 637,5 рубля, Зміцер Андрасюк - да 1020 рублёў штрафу.

25 і 26 красавіка адбудуцца яшчэ 10 судоў над праціўнікамі завода.

«Працаўнікі міліцыі сталі ўжываць рэпрэсіі супраць найбольш актыўных удзельнікаў пратэстаў, яны перайшлі да масавых затрыманняў і судоў супраць актывістаў, бо зразумелі, што адзінкавыя кропкавыя рэпрэсіі не працуюць. Улада і міліцыя вельмі баяцца галоснасці і незалежных журналістаў, якія распавядаюць праўду пра тое, што цяпер адбываецца ў нас у горадзе, таму рознымі спосабамі спрабуюць закрыць ім рот», - мяркуе праваабаронца Раман Кісляк.

Журналістаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам «Белсат», Мілану Харытонаву і Алеся Ляўчука, напярэдадні ўвечары участковы Руслан Хацько выклікаў у апорны пункт міліцыі. На іх склалі па два пратаколы паводле артыкула 22.9 КоАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ) за асвятленне пратэстаў супраць акумулятарнага завода. Акрамя таго, на Ляўчука склалі пратакол паводле артыкула 23.4 КоАП (непадпарадкаванне).

«Трэцяга сакавіка мы з Міланай Харытонавай выйшлі з дому, каб паехаць на працу, але нас схапілі работнікі міліцыі, якія не толькі не патлумачылі нам нашага статусу, але і ўжылі супраць мяне фізічную сілу. Зразумела, проста так пакінуць такое міліцэйскае бясчынства я не мог і напісаў скаргі ў Следчы камітэт і пракуратуру, але адтуль усе мае скаргі вярнуліся ў Маскоўскі РАУС Берасця, работнікі якога мяне і затрымлівалі. Адзін з працаўнікоў распавёў мне, што дарма я скардзіўся, бо мае скаргі ўсё роўна трапляюць у адно месца, і таму, каб не адказваць на скаргі, на мяне склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыі, - распавёў Алесь Ляўчук.

Журналіста будуць судзіць 30 красавіка.

Кампанія «iPower» пачала будаўніцтва акумулятарнага завода ў канцы 2017 года. Падрадчыкам выступае кітайская карпарацыя. Афіцыйная экалагічная экспертыза сцвярджае, што ўздзеянне прадпрыемства на навакольнае асяроддзе будзе нязначным, але мясцовыя жыхары выступаюць супраць праекту. Берасцейцы сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва завода і накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Кожную нядзелю жыхары Берасця выходзяць на акцыі пратэсту ў цэнтры горада.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках