19 красавiка 2024, Пятніца, 14:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт пра беларускую эканоміку: «Галавацяпства ў нас шматузроўневае»

6
Экспэрт пра беларускую эканоміку: «Галавацяпства ў нас шматузроўневае»

Што чакае эканоміку краіны, калі ў ёй не адбудуцца змены?

Інфляцыя не мусіць перавысіць 6 % на год, а рост ВУП складзе каля 1,5 %. Вынікае з прагнозу даследчага цэнтру ІПМ. Паводле даследавання, асноўнымі рызыкамі для Беларусі застаюцца неўрэгуляваныя рознагалоссі ў пытанні паставак нафты і газу з Расеі, паведамляе «Белсат».

Эканаміст Міхаіл Дземідзенка распавядае:

«Расейская палітыка імпартазамяшчэння не надта закране беларускую эканоміку, бо гэта несупастаўляльныя аб’ёмы: беларуская эканоміка ў 20 разоў меншая за расейскую. Таму тое, што мы вырабім, мы зможам прадаць на расейскім рынку, калі не будзе нейкіх зусім катастрафічных сцэнароў у адносінах паміж Расеяй і Беларуссю».

Катастрофы пакуль, вядома, не назіраецца, але сітуацыя ў беларуска-расейскіх эканамічных дачыненнях выклікае нервовую рэакцыю нават асабіста ў Лукашэнкі. А перамовы аб кампенсацыі страт беларускага бюджэту ад падатковага манеўру Расеі (якія, меркавана, складуць каля 300 мільёнаў долараў толькі сёлета), скончыліся безвынікова.

Аляксандр Чубрык, дырэктар даследчага цэнтру ІПМ:

«Калі браць падатковы манеўр, то цяпер відавочна, што нас будзе чакаць новая рэчаіснасць, калі бюджэт проста не будзе атрымліваць даволі вялікай часткі даходу ад вонкавай эканамічнай дзейнасці, таго, што датычыла гэтак званай перамытнёўкі і мытаў на нафтапрадукты».

На гэтым фоне адмыслоўцы рэкамендуюць рабіць усё большы акцэнт на развіцці высокатэхналагічных вытворчасцяў ды ІТ-сектару, які прыклад для іншых сфераў.

«Ёсць, пэўна, задзел для нашых уладаў, як стымуляваць, якім чынам аблегчыць вядзенне бізнесу, уваход у бізнес, як аблегчыць падатковы ціск на эканоміку, на тыя сектары, якія ў першую чаргу маглі б даць нам рост экспарту», – кажа Міхаіл Дземідзенка, эканаміст.

Аднак жа мусіць быць той, хто не толькі зацікаўлены ў гэткім стымуляванні, але і здольны яго правільна правесці. Ігар Піліпась, кандыдат эканамічных навук, дацэнт:

«Галавацяпства ў нас шматузроўневае. Таму для таго, каб праводзіць нейкія сурʼёзныя якасныя змены, павінны быць людзі, якія прымаюць кіроўныя рашэнні на розных узроўнях высокага ўзроўню ды істотнай матывацыі. У нас з гэтым істотныя праблемы».

А рыхтаванне такіх кадраў упіраецца ва ўзровень адукацыі. Паляпшэнне ж сітуацыі патрабуе немалых выдаткаў – інвестыцыі ў чалавечы капітал, кажуць экспэрты.

Сітуацыя не самая простая: старыя крыніцы эканамічнага росту амаль вычарпаныя і не бачна падстаў для іх узнаўлення. Для пераходу да новых патрэбная не толькі палітычная воля, але і кардынальныя змены ў кадрах. Пакуль што падрыхтаванасці ўладаў да такога ходу не відаць.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках