29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спецдакладчык ААН: Рыхтуецца да запуску кампанія ў падтрымку прафзвязу РЭП

3
Спецдакладчык ААН: Рыхтуецца да запуску кампанія ў падтрымку прафзвязу РЭП
МІШЭЛЬ ФОРСТ
ФОТА: GETTY IMAGES

Мішэль Форст вельмі высока ацаніў дзейнасць незалежнага прафзвязу ў Беларусі.

Спецыяльны дакладчык ААН аб становішчы праваабаронцаў Мішэль Форст падчас візіту ў Беларусь сустрэўся з лідарам незалежнага прафзвязу РЭП Генадзем Фядынічам.

Лідар РЭП распавёў praca-by.info як праходзіла сустрэча:

- Мішэль Форст узяў у мяне невялікае інтэрв'ю для кампаніі #TogetherWeDefend, якая створана для падтрымкі праваабаронцаў ва ўсім свеце. Ініцыяваў стварэнне гэтага праекта сам спецдакладчык. Ён распавёў, што бачыць сваю задачу ў першую чаргу ў дапамозе і садзейнічанні развіцця міжнароднай салідарнасці. Улічваючы неспрыяльныя ўмовы для праваабаронцаў у розных частках свету, менавіта кампаніі салідарнасці дазволяць адчуць сябе не самотнымі і ў чарговы раз звярнуць увагу сусветнай супольнасці на праблему рэпрэсій у дачыненні да тых, хто вядзе актыўную барацьбу за правы чалавека. Акрамя таго на сайце можна прачытаць гісторыі актывістаў з розных краін і напісаць ім ліст.

Спецдакладчык таксама шмат цікавіўся сітуацыяй вакол «справы прафзвязаў» і фактамі парушэння правоў незалежных прафзвязаў у Беларусі. Спадар Форст распавёў, што сачыў за навінамі пра ціск на РЭП. Ён падтрымлівае пазіцыю аб тым, што «справа прафзвязаў» асабліва палітызаваная і стала расправай за актыўныя дзеянні прафзвязу, у тым ліку супраць дэкрэта «аб дармаедах» у 2017 годзе.

Са слоў Мішэля Форста, неўзабаве на сайце TogetherWeDefend стартуе кампанія ў падтрымку РЭП.

- Мяне прыемна здзівіла, калі спадар Форст пасля нашага інтэрв'ю адзначыў, што ўпершыню сутыкаецца з такой актыўнай працай прафзвязаў на постсавецкай прасторы і ў краінах Еўропы. Гэта вельмі высокая ацэнка нашай дзейнасці. Сапраўды, колькасць зваротаў у РЭП расце з кожным месяцам і мы рады, што наша праца заўважае і міжнародная супольнасць.

Спецдакладчык пытаўся пра тое, як праходзіць адбыванне «хатняй хіміі». Ён мяркуе, што працэдура ўнясення ў спіс палітвязняў павінна быць перагледжаная. Згодна з устаноўленым крытэрам толькі праваабаронца альбо актывіст, які адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі паводле палітычна матываваных прысудаў уважаюцца за палітвязняў. Аднак, «хатняя хімія» таксама з'яўляецца мерай абмежавання волі. Тое, што ты не знаходзішся ў турме не значыць, што на цябе не ціснуць абмежаванні, кантроль сілавых структур, магчымасць у кожны момант накласці штраф і аформіць парушэнне адбыцця пакарання. Гэта ж таксама ціск!

Ён пагадзіўся, што праваабарончыя арганізацыі павінны пашырыць крытэрыі прызнання грамадзян палітвязнямі.

У рамках індывідуальнага чатырохдзённага візіту спецыяльны дакладчык ААН аб становішчы праваабаронцаў Мішэль Форст таксама сустрэўся з актывістамі праваабарончых арганізацый, прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі і Міністэрства замежных спраў Беларусі. Мандат спецдакладчыка заканчваецца летам 2020 года. Але, паводле ягоных слоў, ён не мае намеру спыняць абарону праваабаронцаў, бо ўважае гэта за галоўную справу свайго жыцця.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках