23 красавiка 2024, aўторак, 21:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам на вока: як уладкавацца на працу ў Нямеччыне без вышэйшай адукацыі

1
Беларусам на вока: як уладкавацца на працу ў Нямеччыне без вышэйшай адукацыі

У каго ёсць шанцы?

Для спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй з краін, якія не ўваходзяць у ЕЗ, для працаўладкавання ў Нямеччыне абмежаванняў паводле прафесій няма. Галоўнае - ВНУ, які выдаў дыплом, павінен быць прызнаны ў Нямеччыне, кваліфікацыя павінна быць пацверджана нямецкім профільным ведамствам, а Федэральнае агенцтва працы павінна праверыць, ці не можа гэтую вакансію заняць спецыяліст з Нямеччыны ці іншай краіны ЕЗ. У выпадку асабліва запатрабаваных кадраў - лекараў, інжынераў, айцішнікаў або навукоўцаў - можна атрымаць і "блакітную карту" (Blue Card), піша dw.com.

А вось для спецыялістаў з прафесійнай адукацыі доступ на нямецкі рынак працы істотна абмежаваны. Міграцыйны закон, які будзе спрыяць працаўладкаванню прадстаўнікоў рабочых спецыяльнасцяў, плануецца прыняць да 2020 года. А пакуль шанцы ёсць толькі ў рамках праграмы PuMa ў Бадэн-Вюртэмбэргу або калі прафесія пазначаная ў адмысловым спісе, які называецца пазітыўным (Positivliste). Што гэта за спіс?

Брак кадраў у Нямеччыне: актуальная сітуацыя

Раз на паўгода нямецкае Федэральнае агенцтва працы аналізуе сітуацыю на рынку працы ў Нямеччыне, каб высветліць, у якіх сферах не стае спецыялістаў, і якія рэгіёны маюць патрэбу ў іх больш за ўсё. Самая свежая справаздача была складзеная ў снежні 2018 года. Выснова: паўсюднага ўсеагульнага брак кадраў у Нямеччыне не назіраецца, але ёсць сферы, дзе нястача відавочная.

Напрыклад, не стае спецыялістаў у мехатроніцы і аўтаматызацыі, а таксама ў энэргетычнай галіне. Падоўгу незанятымі вакансіі застаюцца і ў сферы будаўніцтва, дзе праз добрую кан'юнктуру і нізкія адсоткавыя стаўкі на крэдыты для будаўніцтва вырас і кадравы попыт. Дэфіцыт кадраў існуе ў сферы аўтамабільнага інжынірынгу і авіяцыйна-касмічнай тэхніцы. Кадравы голад узмацняецца ў сферы догляду хворых і састарэлых. Распрацоўка ПЗ, праграмаванне і IT-кансалтынг - яшчэ адзін праблемны кірунак.

На аснове атрыманых вынікаў Федэральнае агенцтва працы і складае пазітыўны спіс запатрабаваных спецыяльнасцяў, якія прадугледжваюць наяўнасць прафесійнай адукацыі. Толькі калі прафесія ўваходзіць у гэты спіс, нямецкія працадаўцы могуць працаўладкоўваць спецыялістаў не з ЕЗ.

"На сёння замежнікі могуць працаваць у Нямеччыне паводле прафесіі, якая не патрабуе вышэйшай адукацыі, калі ў іх ёсць прызнаная ў Нямеччыне прафесійная адукацыя, і калі прафесія належыць да запатрабаваных, - тлумачыць у інтэрв'ю DW супрацоўніца Федэральнага агенцтва працы Ульрыке Бэк (Ulrike Beck). - C прыняццем новага міграцыйнага закона пазітыўны спіс будзе скасаваны". Гэта значыць, у будучыні працаваць у Нямеччыне з прафесійнай адукацыяй можна будзе ўсім, хто пацвердзіў свой дыплом.

Спецыялісты з прафесійнай адукацыяй: каго не стае

Пазітыўны спіс абнаўляецца раз на паўгода і існуе ў двух версіях - на нямецкай і ангельскай мовах. Апошні раз ён быў актуалізаваны ў сакавіку. Электрыкі, муляры, страхары - усяго ў спісе пададзеныя блізу пяці дзясяткаў груп прафесій.

Таму, хто хоча вывучыць спіс самастойна, важна звярнуць увагу на адзнакі "2" ці "3" насупраць кожнай групы. Яны азначаюць ўзровень кваліфікацыі.

"2" (Fachkraft) - гэта кваліфікаваны працаўнік, які прайшоў, як мінімум, двухгадовую прафесійную падрыхтоўку, - такіх у пазітыўным спісе больш. "3" (Spezialist) - спецыяліст сярэдняга звяна з кваліфікацыяй "тэхнік" ці "старшы тэхнік", атрыманага ў каледжы. Як правіла, такія кадры нясуць вялікую ступень адказнасці і ажыццяўляюць кантроль за выкананнем работ.

Як знайсці працу

Але калі спецыяліст бачыць сваю прафесію ў гэтым спісе, гэта яшчэ не азначае, што яго адразу ж працаўладкуюць. Спачатку яму давядзецца пацвердзіць, што яго кваліфікацыя адпавядае нямецкай, - гэта ўмова і пасля прыняцця новага закона застанецца абавязковай. Пры ацэнцы кваліфікацыі досвед работы, як растлумачылі ў Федэральным агенцтве працы, улічваецца дадаткова, але не з'яўляецца вызначальным крытэрам для доступу да нямецкага рынку і не замяняе атрыманне дыплома.

Дарэчы, калі дыплом прызнаны толькі часткова, то ў сушукальнік ёсць магчымасць атрымаць візу, а затым і дазвол на жыхарства тэрмінам да 18 месяцаў на праходжанне мер па павышэнню кваліфікацыі. У гэты час спецыялісту дазваляецца выконваць падсобныя работы ў сваёй сферы. "Адзіная ўмова - ён павінен знайсці прадпрыемства, якое абавязанае працаўладкаваць яго пасля поўнага прызнання дыплома", - падкрэслівае Ульрыке Бэк з Федэральнага агенцтва па працы.

У адрозненне ад замежнікаў, якія скончылі ВНУ, магчымасці атрымаць візу на паўгода для прыезду ў Нямеччыну і пошуку працы на месцы, у спецыялістаў з прафесійнай адукацыяй пакуль няма. Але, як абяцаюць у Федэральным агенцтве працы, з новым законам яна з'явіцца.

Адрас службы, куды варта адпраўляць дакументы на пацвярджэнне, можна знайсці на сайце Anabin. Для гэтага ў раздзеле Berufe A - Z трэба выбраць прафесію, затым і федэральную зямлю. Напрыклад, на запыт "Metallbauer" (спецыяліст у працы з металаканструкцыямі) у Бадэн-Вюртэмбэргу пошукавік выдае восем устаноў - у Ульме, Канстанцы, Штутгарце, Карлсруэ ды іншых гарадах. Выбар горада залежыць ад таго, дзе знаходзіцца ваш патэнцыйны працадаўца.

Наяўнасць канкрэтнай прапановы ад працадаўцы ў Нямеччыне - яшчэ адно важнае патрабаванне. Знайсці яго спецыяліст павінен самастойна. Прычым гаворка ідзе не пра работу згодна з тарыфам Minijob, то бок, за мінімальны заробак (да 450 еўра на месяц), а пра паўнавартасную вакансію з заробкам, які забяспечвае годнае пражыванне.

Асобнае пытанне - веданне нямецкай мовы. У існым законе патрабаванні не прапісаныя. Выключэнне складаюць "рэгламентаваныя" прафесіі - для іх дзейнічаюць адзіныя стандарты на агульнафедэральныя або зямельным узроўні. Гэта медыкі, педагогі, юрысты. З пазітыўнага спісу да гэтай катэгорыі належаць, напрыклад, спецыялісты догляду хворых або састарэлых, - яны павінны валодаць нямецкай мовай хаця б на ўзроўні B1. "У рамесных спецыяльнасцях усё залежыць ад тыпу дзейнасці і працадаўцы. У асобных выпадках, калі на прадпрыемстве выкарыстоўваецца мова, на якой гаворыць сушукальнік, можна працаваць без ведання нямецкай", - адзначае Ульрыке Бэк.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках