29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перамовы Кім Чэн Ына з Пуціным скончыліся нічым

9
Перамовы Кім Чэн Ына з Пуціным скончыліся нічым
ФОТА: ALEXANDER ZEMLIANICHENKO/AP

Саміт насіў сімвалічны характар.

Ва Уладзівастоку ў чацвер, 25 красавіка, скончыліся першыя ў гісторыі перамовы прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і паўночнакарэйскага дыктатара Кім Чэн Ына ў фармаце «тэт-а-тэт», яны доўжыліся блізу дзвюх гадзін. Расшыфроўка іх гутаркі апублікаваная на сайце Крамля. Саміт арганізавалі ў адным з карпусоў Далёкаўсходняга федэральнага ўніверсітэта на востраве Рускі.

Для абедзвюх краін перамовы насілі хутчэй сімвалічны характар, адзначае Meduza. Пасля сустрэчы не было падпісана якіх-небудзь дакументаў або дэкларацый. Пуцін і Кім таксама не зрабілі супольнай заявы. Яны толькі паведамілі, што абмяркоўвалі двухбаковыя стасункі і сітуацыю на Карэйскім паўвостраве. Гутарку назвалі канструктыўнай.

Інфармацыя аб саміце доўга трымалася ў сакрэце на патрабаванне паўночнакарэйскага боку. Кім Чэн Ын прыбыў у Расею на бронецягніку, якім карыстаўся яшчэ ягоны бацька - Кім Чэн Ір.

Паўночнакарэйскі дыктатар спазніўся на сустрэчу з Пуціным, пры тым, што спыніўся ў гатэлі пры ДВФУ. Пуціну, які сам часта затрымліваецца перад перамовамі на вышэйшым узроўні, давялося чакаць кіраўніка КНДР блізу паўгадзіны. «Дзякуй, што прыехалі», - сказаў Пуцін свайму калегу, калі той з'явіўся ў зале перамоваў.

Перамовы паміж Кім Чэн Ынам і Пуціным доўжыліся дзве гадзіны. Затым бакі яшчэ паўтары гадзіны пагаварылі ў пашыраным складзе.

Аналітыкі адзначаюць, што для Пуціна гэтая сустрэча магла стаць рычагом ціску на ЗША. Зрэшты, як і для Кім Чэн Ына. Сустрэча кіраўнікоў Расеі і Паўночнай Карэі рыхтавалася блізу трох гадоў, аднак у КНДР наважыліся на перамовы толькі пасля правалу другога саміту з прэзідэнтам ЗША ў Ханоі. Трамп і Кім не дамовіліся аб дэнуклеарызацыі Паўночнай Карэі, аднак Кім заявіў, што запэўніў Трампа, што хоча «пазбавіцца ад сваёй ядзернай праграмы». Саміт ЗША-КНДР скончылі датэрмінова, аднак, паводле звестак паўночнакарэйскіх СМІ, Дональд Трамп і Кім Чэн Ын паспелі дамовіцца аб новай сустрэчы.

Адразу пасля саміту Пуцін адправіцца на міжнародны форум у Кітай, а лідар КНДР затрымаецца ва Уладзівастоку яшчэ на дзень.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках