20 красавiка 2024, Субота, 3:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: У рэгіёнах народ стаіць у чарзе па вакансію нават на $150

25
Леанід Судаленка: У рэгіёнах народ стаіць у чарзе па вакансію нават на $150
Леанід Судаленка

Сёння ў Беларусі людзі вымушаныя працаваць за ежу і гэта яшчэ не мяжа.

Пра гэта сайту Charter97.org заявіў вядомы прававы інспектар працы незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Гомельскай вобласці Леанід Судаленка ў каментары інфармацыі аб тым, што ў гарадскім пасёлку Брагіне заробкі ў людзей па 200-300 рублёў.

- А дзе ж абяцаныя Лукашэнкам «па пяцьсот»?

- Сёння па «пяцьсот» у беларускага ўраду атрымалася хіба толькі ў сталіцы альбо побач з ёй. Усё астатняе - гэта маляваная статыстыка, якая не адлюстроўвае рэальнага стану рэчаў.

Калі, напрыклад, ад'язджаць ад Менска на 100 кіламетраў у рэгіёны, то пачынаецца іншае, рэальнае жыццё. У малых гарадах і райцэнтрах тысячу рублёў, думаю, налічваюць толькі ў райвыканкамах, міліцыі і, магчыма, падатковай інспекцыі. Адным словам, высокім чыноўнікам.

Просты народ тут працуе ці стаіць у чарзе па вакансіі нават на 300 рублёў (150 даляраў). Іншага не дадзена. Дакладней, дадзена, але не кожны гатовы значна памяняць свой уклад жыцця, кінуць сям'ю, напрыклад, наседжанае месца і з'ехаць на заробкі ў іншыя краіны.

Я памятаю часы, калі ў «тлустыя» для беларускай эканомікі гады нам з самай высокай трыбуны абяцалі нават не пяцьсот, а тысячу! У часы ўрада Сідорскага расейская нафта дасягала на сусветных рынках пікавых коштаў. Тады з «панскага стала» даставалася і нам. Вось тады і трэба было рэфармаваць эканоміку! Але для гэтага кроку патрэбна палітычная воля, якой у нашых кіраўнікоў няма.

Я з жахам днямі глядзеў БТ, дзе ў праграме абмеркавання паслання Лукашэнкі нейкая высокапастаўленая чыноўніца ад прафсаюзаў разважала на тэму прыходу ў нашу краіну інвестараў. Слухайце, на вуліцы 21-е стагоддзе, а гэтая кабетка сярэдніх гадоў заяўляе: «Ну, прыйдуць да нас тоўстыя партманэты, забяруць усе грошы з заводаў і з'едуць!» Яна ў сваім розуме, якія грошы ў банкрута?

Калі дарогу ў светлую будучыню нам будуць паказваць людзі з такім светапоглядам, тады па «пяцьсот» беларусы атрымаюць гадоў так праз 15-20, калі сыдзе сённяшняе пакаленне чыноўнікаў.

Паўтараюся, няма і не было ніякага беларускага цуду, краіна жыла за кошт усходняй суседкі. Як толькі тая пачала паказваць характар, выявілася, мы не ў стане жыць без вонкавых запазычанняў. Апісаная эканамічная сітуацыя ў Брагіне паўсюдная, дастаткова, як я казаў, ад'ехаць ад сталіцы ў глыбінку.

Без рэфармавання ўсёй эканомікі, без стварэння новых працоўных месцаў з годным заробкам, без прыцягнення ў краіну інвестараў наш жыццёвы ўзровень будзе імкліва зніжацца. Сёння ў рэгіёнах людзі вымушаныя працаваць за ежу і гэта яшчэ не мяжа.

Нам нічога не трэба выдумляць, нам дастаткова прыгледзецца да досведу нашых суседзяў. Я б тут у прыклад паставіў Польшчу, якая, як і мы пачынала ў 90-х мінулага стагоддзя з пустых паліц у крамах. Сёння там ніхто нікому нічога не абяцае, але зарабіць тысячу еўраў не праблема. Сёння эканамічная міграцыя беларусаў толькі ў Польшчу налічвае амаль 300 тысяч чалавек. Думаю, гэтая лічба будзе павялічвацца з кожным днём суразмерна падзенню жыццёвага ўзроўню ў Беларусі.

Хіба не разумеюць гэтай сітуацыі нашы чыноўнікі? Выдатна разумеюць. Але, як казаў Ленін, яны будуць хацець датуль, пакуль нізы будуць маўчаць!

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках