24 красавiка 2024, Серада, 14:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія кошты на галоўным рынку Менска

2
Якія кошты на галоўным рынку Менска
Фота: tut.by

Журналісты вывучылі асартымент на Камароўцы.

Пінчукі прывезлі ў сталіцу першы ўраджай - на Камароўскім рынку ўжо з'явіліся цяплічныя агуркі, цыбуля і зеляніна. Беларускія клубніцы прадаўцы чакаюць бліжэй да канца траўня, а пакуль прадаюць недарагія грэцкія. Tut.by вывучыў асартымент на Камароўцы і даведаўся, што пачым.

На Камароўцы пахне летам. Аранжавы апельсін і мандарын змяніўся на чырвоную радыску і трускалкі, а на месцы бляклых тонаў леташніх саленняў і замарожанай прадукцыі з'явілася сакавітая зеляніна маладой цыбулі, пятрушкі, кропу і чарамшы.

Журналісты ідуць на шэрагі з садавінай-ягадамі. З апошніх у багацці пакуль толькі трускалкі і яны патаннелі. Напачатку месяца кілаграм аддавалі мінімум за 6 рублёў, а цяпер ёсць і за 5,5 рубля і ў адным месцы нават за 5.

- Калі чакаеце беларускія клубніцы? - цікавяцца ў аднаго з прадаўцоў чырвоных ягад.

- Навошта вам беларускія? Грэцкіх дастаткова! - з усмешкай адказаў мужчына. - Нашыя будуць бліжэй да канца траўня. Ды і першыя наўрад ці будуць таннейшыя за імпартныя. Мінулы год быў вельмі ўраджайным, сумняваюся, што і ў гэтым столькі ягад будзе, хоць гэта яшчэ не зразумела. Але летась кошт нармальных ягад усё адно ніжэй за 3 рублі не апускаўся. У гэтым ніжэйшым не будзе.

Пра чарэшні, кажуць прадаўцы, таксама яшчэ думаць рана. Яны з’яўляюцца ў чэрвені. Нагадаем, летась самыя танныя ягады былі па 3-3,5 рубля.

Затое вінаграду цяпер як восенню - шмат гатункаў і кошты нізкія, ад 2 рублёў за кілаграм.

Цытрусавых на шэрагах стала значна менш, ды і кошты падраслі. Калі ў пачатку месяца мандарыны прадавалі яшчэ нават па 3 рублі, то цяпер просяць ад 4 рублёў за кіло. Прадаўцы кажуць, не сезон ужо.

На рынку вельмі шмат яблыкаў - усе прыгожыя, у тым ліку і беларускія. Кошты пачынаюцца ад 80 капеек, але агулам кілаграм каштуе 1,5 - 1,6 рубля.

На шэрагах з гароднінай прадаюць невялікія калючыя агурочкі з Пінска. Кошты ў розных прадаўцоў адрозніваюцца - у каго 3 рублі, у каго - 3,5. Адзін прадавец аддае па 5 рублёў.

- Гэта яшчэ толькі пачатак сезона, - супакойваюць прадаўцы. - Як пойдуць масава, цэны апусцяцца да рубля, а то і ніжэй.

А памідоры, здаецца, падаражэлі. Ёсць вядома танныя, коштамі да 3 рублёў, але на многіх прылаўках ляжаць па 8 - 9 рублёў. Дарэчы, яны пахнуць сапраўднымі летнімі памідорамі з градкі.

Ужо можна купіць цыбулю па 1 рублю за 100 грамаў, радыску па 1,2 рубля за пучок. Імпартная маладая капуста трымае кошт, па ранейшаму каштуе 3 - 3,5 рубля за кілаграм.

- Наша леташняя амаль столькі ж каштуе, - быццам апраўдваючыся кажа прадавец капусты. - А гэта маладая, яшчэ і прывезці трэба.

Знізіліся кошты леташняй морквы – ёсць па 80 капеек, бульба - па 60, буракі - дзе-нідзе аддаюць па рублю.

З нехарчовых навінак рынак завалілі расадай. Асабліва шмат кветак. Петуніі прадаюць па 90 капеек за штуку. Калі браць ад 10, прададуць па 80 капеек. Сальвіі - па 80 капеек, цыніі, аксаміткі, гацаніі, звычайныя бягоніі па 1 рублю. Гатункавыя бягоніі каштуюць па 5-6 рублёў. Такімі ж коштамі прадаюць остэаспермум, пеларгонію. Соладка пахне алісумам і лабеліяй, гэтыя кветкі каштуюць па 2-4 рублі за штуку.

З'явіліся ў продажы і першыя букеты ад кветкаводаў-аматараў. Цюльпаны прадаюць па 1 рублю, нарцысы і гіяцынты па 50-70 капеек за штуку.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках