23 красавiка 2024, aўторак, 10:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Названыя краіны, якім выгадна глабальнае пацяпленне

4
Названыя краіны, якім выгадна глабальнае пацяпленне

Даследнікі з Стэнфардскага ўніверсітэта вывучылі ўплыў кліматычных зменаў на эканоміку асобных краін.

Група даследчыкаў з Стэнфардскага ўніверсітэта (ЗША) вывучыла ўплыў кліматычных зменаў на эканоміку асобных краін у перыяд з 1961 да 2010 года. Высветлілася, што пацяпленне ўзмацніла паказчыкі няроўнасці на 25%, піша hightech.plus.

Калі б сярэдняя тэмпература паветра была ніжэйшай, то прорва паміж багатымі і беднымі рэгіёнамі была б меншай.

Раней эканамісты выявілі, што эканамічны рост дасягае піку ў краінах, дзе сярэднегадавая тэмпература блізкая да 13°C. Больш халодны клімат негатыўна ўплывае на развіццё сельскай гаспадаркі, а больш спякотны прыводзіць да зніжэння прадукцыйнасці і ўзмацнення сацыяльных канфліктаў.

Тады даследчыкі выказалі здагадку, што глабальнае пацяпленне прывядзе да агульнага зніжэння эканамічных паказчыкаў на 23% да 2100 года.

У новай працы экспэрты прасачылі, як сярэдняя гадавая тэмпература ўплывае на эканоміку кожнай краіны паасобку. Пры гэтым яны ўлічвалі і іншыя фактары, у тым ліку развіццё новых тэхналогій.

Пераможцы і пацярпелыя

Аўтары працы пабудавалі дзве мадэлі. Адну рэальную, а другую - гіпатэтычную, згодна з якой чалавецтва не вырабляе парніковых выкідаў і не забруджвае навакольнае асяроддзе.

Параўнанне мадэляў паказала, што з 1961 да 2010 году тэмпы эканамічнага росту ў краінах, размешчаных бліжэй да экватара, знізіліся праз кліматычныя змены.

ВУП у гэтых рэгіёнах мог бы вырасці на 25%, калі б не наступствы глабальнага пацяплення.

У той жа час эканамічныя паказчыкі краін з больш прахалодным кліматам палепшыліся на 20% дзякуючы ўмеранаму пацяпленню. Да прыкладу, у Нарвегіі ВУП у разліку на душу насельніцтва вырасла на 34% з 1961 года. Тады як у Індыі гэты паказчык знізіўся прыкладна на столькі ж.

Навукоўцы падкрэсліваюць, што на першы погляд нязначныя змены, выкліканыя пацяпленнем, могуць з часам прывесці да негатыўных наступстваў. Так, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы губляюць прыбытак з-за анамальнай спякоты і пасля адмаўляюцца ад інвестыцый у новае абсталяванне і тэхналогіі. У доўгатэрміновай перспектыве гэта рашэнне адаб'ецца на іх паказчыках росту.

Вынікі даследавання апублікавалі ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences. Іншыя эксперты падкрэсліваюць, што лічба 25% - гэта толькі прыкладная ацэнка. Каб з дакладнасцю ацаніць уплыў клімату на ўзмацненне няроўнасці, трэба больш падрабязна вывучыць пытанне.

Глабальныя наступствы

Зрэшты, змрочныя прагнозы пацвярджаюць і іншыя навуковыя працы. Паводле ацэнак Сусветнага банка, кліматычныя змены знізяць ВУП і ўзровень жыцця ў Паўднёвай Азіі. У Бангладэш сярэдні даход насельніцтва скароціцца на 14,4%, у Індыі - на 10%.

У ЗША глабальнае пацяпленне можа прывесці да страты 10% ВУП, а ў Расеі праз рост сярэдняй тэмпературы ўзрасце смяротнасць, павялічыцца колькасць шкоднікаў, а дарогі стануць яшчэ горшымі.

Вядома таксама, што экстрэмальныя тэмпературы дрэнна ўплываюць на прадукцыйнасць, зніжаюць пажыццёвы даход, павялічваюць матэрыяльную няроўнасць, падахвочваюць да гвалту і суіцыду. У цэлым аналіз тысяч навуковых артыкулаў паказаў, што глабальнае пацяпленне пагаршае наша жыццё 467 спосабамі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках