19 красавiка 2024, Пятніца, 6:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нафта затрымалася ў Беларусі: што будзе далей?

15
Нафта затрымалася ў Беларусі: што будзе далей?
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Адная з ключавых галін прамысловасці перажывае шок, якога ў яе гісторыі яшчэ не было.

У такой жа сітуацыі нафтаправоды, арганізацыі-эксплуатанты якія традыцыйна лічацца ў спісах найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў і найлепшых працадаўцаў краіны, піша «Экономическая газета».

Польшча, Чэхія і Нямеччына адмовіліся прымаць забруджаную хларыдамі расейскую нафту з трубаправодаў ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Што рабіць з такімі аб'ёмамі некандыцыйнай вуглевадароднай сыравіны ўнутры краіны? На гэтае пытанне пакуль няма адказу. Выказвалася меркаванне аб адпампоўцы бракаванага чорнага золата назад у РФ.

Што з якасцю паліва?

Ужо адназначна зразумела, што ёсць не проста пагроза абсталяванню беларускіх НПЗ, а яму прычыненая рэальная шкода. Але ці не стане гэта праблемай для ўсіх айчынных спажыўцоў нафтапрадуктаў?

Пакуль паліўна-энэргетычны комплекс прыпыніў экспарт вуглевадароднага паліва, але на ўнутраны рынак адгрузкі забяспечаныя своечасова і ў запланаваным аб'ёме (прынамсі такая інфармацыя паступае з рэгіянальных нафтабаз прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім»).

Ці не прычыняць бензін і дызель з «бруднай» нафты шкоду маторам беларускіх аўтамабіляў, трактароў і камбайнаў? Пакуль «аблнафтапрадукты» рапартуюць аб эфектыўнай рабоце трохступеністай сістэмы кантролю якасці (і на нафтаперапрацоўчых заводах, і на нафтабазах, і непасрэдна на запраўках) і паспяховым праходжанні праз яе прадукцыі айчынных НПЗ. На заводзе ідзе аналіз паліва па 20 параметрах, а нафтабазы і сеткі АЗС правяраюць дызпаліва і бензін па 11 і 7 крытэрам адпаведна. На кожнай АЗС нумар партыі паліва спраўджваецца, правяраецца цэласнасць пломбаў і робіцца проба. Толькі пасля гэтага паліва паступае ў продаж. Пасля праверкі на адпаведнасць стандартам якасці проба захоўваецца да поўнай рэалізацыі гэтай партыі паліва.

Ці можам мы закупляць нафту не ў РФ?

Не. Пакуль гэта нерэальна. І рабіць гэтага ніхто не будзе. Нескладана ўспомніць, што ў нядаўнім мінулым былі спробы наладзіць пастаўкі чорнага золата ў Беларусь з Ірана, Венесуэлы, Азербайджана праз порты краін Балтыі ці Украіны.

Ніводзін з гэтых эксперыментаў назваць эканамічна паспяховым нельга.

Па-першае, вельмі дарагія несістэматычныя пастаўкі. Транспартаванне танкерамі з перагрузкай у чыгуначныя цыстэрны - вельмі дарагое задавальненне і нясе ў сабе процьму рызык (экалагічных, лагістычных, тэхнічных і г.д.).

Не атрымліваецца выбудаваць на іншым кірунку інфраструктуру, аналагічную той, якая звязвае беларускі ТЭК з раснйскімі нафтавымі радовішчамі. Шматкроць узгадваны варыянт выкарыстання нафтаправода «Адэса - Броды» дагэтуль застаецца тэарэтычным пражэктам, да ўвасаблення якога ў жыццё ўсё так жа далёка. Гэтую «трубу» да Мазырскага НПЗ так і не дацягнулі.

Ёсць практычна нявыкарыстаны нафтаправод праз Наваполацк да партоў Латвіі. Аднак ключавыя галіновыя экспэрты, напрыклад, агенцтва «RusEnergy», паказваюць, што нават калі б у Беларусі ўдалося наладзіць пастаўкі па абодвух згаданым нафтаправодах (у Мазыр - з Адэсы, у Наваполацк - з латвійскага порта Буцінге), сённяшнія пастаўкі з РФ гэты аб'ём не закрые.

Так што няма ў нас пакуль альтэрнатывы расейскай нафце, якая б дрэнная яна ні была.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках