29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Варонежцаў пра Чарнобыль: Цынізм уладаў перасягнуў тое, што было ў СССР

25
Юрый Варонежцаў пра Чарнобыль: Цынізм уладаў перасягнуў тое, што было ў СССР
ЮРЫЙ ВАРОНЕЖЦАЎ
ФОТА: FACEBOOK

Навуковец распавёў, як сёння людзям хлусяць пра наступствы аварыі на ЧАЭС.

У 33-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС сайт Charter97.org пагаварыў з беларускім навукоўцам-фізікам, кандыдатам тэхнічным навук, экс-сакратаром камісіі ў расследаванні прычын і наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Вярхоўным Савеце СССР Юрыем Варонежцавым.

- Прайшло ўжо 33 гады – тэрмін, дастатковы для маштабаў асэнсавання таго, што адбылося ў Чарнобылі. Як вы ацэньваеце пазіцыю беларускіх уладаў наконт аварыі на ЧАЭС?

- Больш за ўсё мяне абурае шырока прапагандаваная ў Беларусі ідэя: 33 гады прайшло, ужо няма чаго баяцца, прайшоў паўраспад, усё чыста, можна араць зямлю, вырошчваць прадукты.

І заўважце: з кожным годам гэтая ідэя развіваецца ўсё мацней. Учора на БТ была чарговая прапагандысцкая праграма пра Чарнобыль. Мяне яна проста ўразіла: тое, што там было сказана - гэта вар’яцкае трызненне. З экрана тэлевізара заклікаюць: давайце туды вяртацца і там жыць.

Я вельмі блізка знаёмы з праблемай Чарнобыля, бо яшчэ ў савецкія часы быў сакратаром Чарнобыльскай камісіі ў Вярхоўным Савеце СССР і з таго часу не выходзіў з тэмы. Апошнім часам я захварэў на анкалогію і падчас курсаў хіміятэрапіі пастаянна сустракаюся з таварышамі ў няшчасці - і амаль усе яны з "брудных" рэгіёнаў Беларусі.

Нават калі ўзяць статыстыку, то ў Хойніцкім раёне захворванне на анкалогію ў 2,5 раза вышэйшае, чым у самім Гомелі.

І як у гэтай сітуацыі можна казаць аб тым, што ўсё засталося ў мінулым? Я не пакутую на параною і не заклікаю да алармісцкіх дзеянняў, але трэба пастаянна нагадваць: 33 гады таму здарылася трагедыя і з тых часоў мы жывем у асаблівай зоне, і ў таму трэба выконваць пэўныя правілы для таго, каб быць здаровым.

- Вы памятаеце, што адбывалася ў той дзень, 26 красавіка 1986 года? Як Чарнобыльская аварыя адбілася на вашым жыцці і здароўе блізкіх вам людзей?

- Гэта даволі яркія ўспаміны. Дзякуючы сваёй адукацыі і прафесіі я ў той дзень разумеў, што адбываецца. Паводле адукацыі я фізік, а працаваў тады ў Акадэміі Навук.

26 красавіка мне жонка паведаміла, што яе сяброўка, якая ездзіла да бацькоў у раён Хойнікаў, распавядае пра суцэльную калону хуткай дапамогі, якая рухаецца ў тых раёнах, і што ў нас выбухнула атамная станцыя. Я спачатку здзівіўся: маўляў, няма ў Беларусі ніякай атамнай станцыі.

Але потым успомніў, што ва Украінскай ССР, на мяжы з намі, размешчаная ЧАЭС – і адразу стаў слухаць «галасы» з радыё. У гэты ж дзень замежнымі радыёстанцыямі было паведамлена, што ў СССР у раёне Чарнобыля рэзка падвысіўся ўзровень радыяцыі.

У нашым інстытуце былі дазіметры, дастаткова дапатопныя, але ўжо да вечара 26 красавіка пайшло падвышэнне ўзроўню радыяцыі ў Гомелі. Тады я прыняў пастанову тэрмінова адправіць 3-гадовага сына да сваіх бацькоў у Берасце. Ён туды з'ехаў і жыў там два гады - і гэта выдатна яму дапамагло.

Таксама я адразу забараніў сваім знаёмым і блізкім ужываць у ежу нашае малако і рэкамендаваў прымаць ёдавыя прэпараты. Але напраўду, такія меры былі выключэннем: У Гомелі толькі я і яшчэ можа быць некалькі дзясяткаў чалавек нешта рабілі, каб дапамагчы блізкім.

Улады ж не зрабілі ў гэтай сітуацыі таго, што яны былі абавязаныя зрабіць. Мы ведаем і пра першамайскія савецкія дэманстрацыі, і пра тое, што яшчэ месяц у ежу ішло бруднае малако і мяса - і праз гэта радыяцыя тонкім пластом "размазвалася" па велізарнай тэрыторыі.

- Чаму Беларусь пацярпела ад аварыі ў найбольшай ступені? Ці сапраўды савецкія улады аддалі загад апускаць над Гомельскай вобласцю радыеактыўныя аблокі, каб яны не ішлі на Маскву?

- Мы абмяркоўвалі гэтую тэму з пісьменнікам Алесем Адамовічам, які прытрымліваўся такога меркавання. І наша камісія ў Вярхоўным Савеце займалася расследаваннем на гэтую тэму. Не магу сцвярджаць на 100%, але мы не знайшлі такіх фактаў.

Тое, што аблокі ў прынцыпе апускалі – гэта так, было. Але не 26 красавіка, а крыху пазней. І апускаліся аблокі чыстыя: з мэтай прадухіліць дажджы над станцыяй і тэрыторыяй каля яе, каб паспець зрабіць абвалаванне (пабудаваць сістэму загараджальных збудаванняў – рэд.) уздоўж ракі Прыпяць. Таму што, калі б дажджы змылі ўсю радыяцыю ў Прыпяць, яна пайшла б на Кіеў і гораду б было вельмі дрэнна.

Што да татальнага апускання радыеактыўных аблокаў над Беларуссю - гэта тэарытычна не было тады магчыма, бо ўвесь авіяцыйны флот, прыстасаваны да распылення ёдыду срэбра, складаўся з 4-6 аэрапланаў, і татальнага апускання аблокаў у кароткія тэрміны не магло адбыцца.

На 90% я магу сцвярджаць, што гэтага не было - але не праз гуманнасць Палітбюро ЦК КПСС, а праз тое, што гэта было тэхнічна немагчыма. Але гэта - асабіста маё меркаванне.

- Дык чаму ж тады тэрыторыя Беларусі ў найбольшай ступені забруджаная радыяцыяй?

- Тут спрацавала шмат чыннікаў. Але перш за ўсё гэта звязаных з асаблівасцю распаўсюджвання аэразоляў і больш буйных часціц, а таксама ападкаў. Што цікава: над самім Гомелем ападкаў было менш, бо спрацаваў так званы "эфект вялікага горада", цеплавы купал над ім. Праз перапады ціску аблокі абышлі горад і адразу за Гомелем, у раёне Веткі, выпалі дажджы.

- У чым, на вашую думку, асноўная прычына аварыі на ЧАЭС? Ці можа такая ж сітуацыя ўзнікнуць на Астравецкай АЭС?

- Асноўная прычына - гэта канструкцыйныя асаблівасці рэактара на ЧАЭС. Гэта быў рэактар вайсковага тыпу, створаны для вытворчасці радыеактыўнага плутонію і не прыстасаваны да патрэб савецкай народнай гаспадаркі.

Другая прычына - чалавечы чыннік. Эксплуатацыю рэактара ажыццяўлялі не атамшчыкі, а цеплавікі, якія да канца не ўяўлялі, якія працэсы адбываюцца на даручаным ім аб'екце.

Тое ж самае, на жаль, можа адбыцца на кожнай атамнай станцыі, у кожным куточку свету, у тым ліку і на Астравецкай АЭС. Аварыя на Фукусіме гэта пацвярджае. Таму я-катэгарычны супраціўнік атамнай энэргетыкі наогул, і добра, што Еўропа адмаўляецца ад гэтага тупіковага шляху развіцця.

Што да Астраўца, там можа вельмі моцна спрацаваць чалавечы чыннік. Дзе яны возьмуць спецыялістаў патрэбнага ўзроўню? У Літве такія спецыялісты ўжо даўно выйшлі на пенсію. З Расеі яны таксама не паедуць, там значна вышэйшы ўзровень заробкаў. Таму БелАЭС мяне вельмі насцярожвае, і я б не хацеў, каб у Беларусі дзейнічаў такі небяспечны аб'ект.

- Наколькі цынічнымі былі дзеянні савецкіх уладаў што да дэзінфармацыі насельніцтва аб наступствах аварыі? І як вы параўнайце гэта з сённяшняй палітыкай беларускіх уладаў?

- Найбольш цынічным у СССР было тое, што гэтая глабальная катастрофа была прадстаўленая ў выглядзе звычайнага пажару на станцыі, які нібыта хутка лакалізавалі і патушылі. З самага пачатку глабальная катастрофа была зведзеная на ўзровень прыкрага эпізоду - нібыта такое адбываецца кожны тыдзень.

А па-другое, не былі прынятыя элементарныя захады, якія маглі б выратаваць жыцці многіх людзей. Працавала ідэалагічная ўстаноўка: у нашай найлепшай у свеце краіне нічога дрэннага не павінна здарацца.

І гэтая ўстаноўка, нават яшчэ ў больш гіпертрафаванай форме, цяпер выкарыстоўваецца ўладамі Беларусі. Той жа савецкі падыход да наступстваў аварыі ЧАЭС - толькі ў яшчэ больш цынічнай форме.

- У адпаведнасці з указам №259, які Лукашэнка падпісаў 27 ліпеня 2017 года, ушчыльную да радыеактыўнай зоны можна будзе вырошчваць сельгаспрадукцыю і пасвіць жывёлу. Як вы ацэньваеце наступствы гэтага ўказа?

- Я не магу гэта зразумець і растлумачыць з пункту гледжання здаровага сэнсу. Гэта не мае апраўдання ні з якога боку. У краіне, дзе на душу насельніцтва прыпадае блізу 100 га сельгасугоддзяў (гэта 3-4 месца ў свеце), прымаць такія законы - проста абсурд.

Гэта знаходзіцца па-за маім разуменнем…

- Але павінен жа быць нейкі матыў - камерцыйны, прапагандысцкі…

- Магчыма, тут ёсць нейкі момант, звязаны з грашыма. Мясцовыя начальнікі хочуць прыцягнуць да тэмы "асваення" радыеактыўных зямель як мага больш сродкаў і нагрэць на гэтым рукі.

Ну а Лукашэнка... Я як чалавек рацыянальны, гэтага чалавека проста не магу зразумець.

- Што б вы хацелі сказаць землякам на 33-гадовую гадавіну аварыі на ЧАЭС?

- Не трэба забываць пра тое, што адбылося і не верыць уладам, бо яны безнадзейна брэшуць. Гэта трэба памятаць і пільнавацца правілаў паводзін у нашай зоне, каб засцерагчы сябе і блізкіх. Яны былі выкладзеныя 30 гадоў таму і актуальныя дагэтуль.

А ўладам я хачу сказаць: перастаньце хлусіць, красці і пачніце ўжо нешта рабіць для людзей, якія пражываюць паблізу забруджаных тэрыторый.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках