18 красавiка 2024, Чацвер, 15:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскі «дармаед»: Я сябе перастану паважаць, калі падам нейкія дакументы на камісію

13
Менскі «дармаед»: Я сябе перастану паважаць, калі падам нейкія дакументы на камісію
Фота: bortnikau.livejournal.com

Жыхары сталіцы дамагаюцца выключэння са спісу «дармаедаў».

Менчукі Ігар Якшэвіч і Юрый Грыневіч паўторна накіравалі звароты ў раённую адміністрацыю з патрабаваннем выключыць іх са спісу «дармаедаў», піша praca-by.info.

Два жыхары Менска Ігар Якшэвіч і Юрый Грыневіч прайшлі аднолькавы шлях. Напачатку года абодва ўключаныя ў спісы незанятых у эканоміцы, абодва звярнуліся ў прафзвяз РЭП па юрыдычную дапамогу. Далей менчукі дзейнічалі паводле аднолькавага алгарытма: накіравалі заявы ў адміністрацыю Маскоўскага раёна з просьбай выключыць са спісаў незанятых і атрымалі адмову.

Звароты ў суд таксама не далі вынікаў.

Канстытуцыйны суд адмовіў ім у распачынанні справы ў ліквідацыі прабелаў у заканадаўстве, у тым ліку - у дэкрэце №1.

- Характэрна, што два адказы падпісаныя начальнікам сакратарыята Канстытуцыйнага суда В.Селядзеўскім. Ігар Якшэвіч звяртаўся ў КС на расейскай мове, а Юрый Грыневіч - па-беларуску. Адказы атрыманыя на мове звароту, чаго не зрабілі ні адміністрацыя, ні суд Маскоўскага раёна, - для іх моўнае пытанне не існуе: усё справаводства вядзецца на расейскай мове, - распавёў прававы інспектар прафзвязу Юрый Белякоў.

Фактычна справы Ігара Якшэвіча і Юрыя Грыневіча вярнуліся да пачатку: тэрмін абскарджвання судовай пастановы ўжо мінуў, таму працэдура пачынаецца па новым коле. Менчукі паўторна накіравалі заявы ў адміністрацыю Маскоўскага раёна аб выключэнні з базы «дармаедаў». У выпадку адмовы яны маюць намер звярнуцца ў суд і прайсці ўсе інстанцыі - аж да Вярхоўнага суда.

- У красавіку я ўладкаваўся ахоўнікам у ДТСААФ, таму, магчыма, мяне ўжо выключаць са спісаў «дармаедаў». Гэта, вядома, выключыць магчымасць далейшага абскарджання, - адзначае Юрый Грыневіч.

А вось Ігар Якшэвіч прынцыпова хоча давесці справу да суду:

- Я хачу дамагчыся аднаго: каб мяне выключылі з ганебных спісаў гультаёў. Я планую прайсці ўсе судовыя інстанцыі – ад пачатку і да канца. Я працую, але не хачу, каб урываліся ў маё прыватнае жыццё. Пасля першага звароту мне тэлефанавалі з камісіі садзейнічання занятасці: прывязіце дакументы, якія пацвярджаюць, што вы працуеце. Я адказаў, што нікому нічога не павязу: хочаце даводзіць - даводзьце. Ёсць закон, вы ўрываецеся ў маё прыватнае жыццё: я не хачу, каб нехта ведаў, дзе я працую. Я сябе перастану паважаць, калі панясу нейкія дакументы на камісію. Чаму яны патрабуюць, каб мы выконвалі закон, хоць самі яго не выконваюць? Таму мы з юрыстам хочам выцягнуць іх у суд: мне самому цікава, як дзяржаўныя органы будуць тлумачыць свае дзеянні, - распавёў Ігар Якшэвіч.

- Я падтрымліваю жаданне сябраў прафзвязу давесці пачатае да лагічнага фіналу - альбо да выключэння з базы «дармаедаў», альбо да поўнай адмовы ўсіх інстанцый. Ёсць характэрны факт - пасля зваротаў сумы ў «рахунках» Ігара і Юрыя сталі цалкам адэкватнымі - такімі як і ва ўсіх, - рэзюмаваў прававы інспектар РЭП Юрый Белякоў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках