24 красавiка 2024, Серада, 7:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хамонавая ліхаманка

17
Хамонавая ліхаманка
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Расейскія ўлады будуць забіраць санкцыйныя прадукты проста з ручной паклажы.

Нацыянальная мясная асацыяцыя хоча забараніць расейцам увозіць з-за мяжы мясную і малочную прадукцыю нават для асабістага карыстання. Пад абмежаванні, напрыклад, могуць патрапіць пармезан і хамон, якія са жніўня 2014 года сталі галоўным сімвалам расейскіх прадуктовых антысанкцый. Мінсельгас і Рассельгаснагляд ужо заявілі аб падтрымцы прапанаваных захадаў. Выключэнне могуць зрабіць толькі для малочных сумесяў для дзяцей і дзіцячага харчавання, піша Арнольд Хачатураў для «Новой газеты».

Цяпер фізічным асобам дазволена ўвозіць у Расею да 5 кг гатовых санкцыйных прадуктаў жывёльнага паходжання ў закрытым завадскім пакаванні. Канфіскоўваецца толькі прадукцыя, якая ўвозіцца ў камерцыйных мэтах. Напрыклад, у снежні выбаргскія мытнікі выявілі ў аўтамабілі расейца, які вяртаўся з Фінляндыі, 33 кг кантрабанднага сыру. Тавар быў канфіскаваны і ўтылізаваны ў адпаведнасці з расейскім заканадаўствам (з дапамогай крэмацыі або бульдозера - у мытні не ўдакладнілі).

Пры гэтым у інтэрнэце даўно распаўсюджваюцца гісторыі пра асабліва ініцыятыўных расейскіх мытнікаў, якія адбіраюць санкцыйныя прадукты з ручной паклажы нават у малой колькасці, спасылаючыся на туманныя «новыя правілы». Да сённяшняга дня гэтая практыка не была легалізаваная і магла тлумачыцца толькі адмысловымі апетытамі асобных ахоўнікаў межаў.

Зрэшты, нагода для ўзмацнення кантролю за ўвозам прадуктаў цалкам сур'ёзная. Найбуйнейшыя расейскія вытворцы мяса і птушкі, сярод якіх «Міраторг», «Чаркізава», «Рэміт» і «Велком», непакояцца аб рызыцы заносу праз мяжу ўзбуджальнікаў небяспечных хвароб жывёлін, у тым ліку афрыканскай чумы свіней (АЧС), паведамляюць «Ведомости». Прычым у гэтым выпадку не так проста западозрыць асацыяцыю ў лабісцкіх інтарэсах: прывезеныя з замежных паездак прадукты - гэта малюсенькі аб'ём у маштабах рынка.

Аднак аргумент аб антрапагенным распаўсюдзе віруса (праз падарожнікаў) таксама выглядае не зусім пераканаўча. Асноўныя распаўсюднікі АЧС - дзікі і свойскія свінні. Як да іх «на стол» можа патрапіць хамон, набыты дзе-небудзь у Барселоне? Хутчэй за ўсё, праз памыйніцы. А для гэтага дзікі павінны блукаць па Маскве і іншых буйных гарадах, вышукваючы рэшткі заморскіх далікатэсаў, а потым залазіць на свінафермы і заражаць свойскую жывёлу.

Ці сапраўды гэты сцэнар адлюстроўвае асноўныя ветэрынарныя рызыкі Расеі? На гэты конт ёсць вялікія сумневы. Жорсткі кантроль за ўвозам мясных вырабаў існуе і ў іншых краінах, напрыклад у ЕЗ. Але звычайна ён больш адчувальны да эпізаатычнай абстаноўкі ў канкрэтных рэгіёнах, і для краін са строгімі нормамі ветэрынарнага кантролю робяцца паслабленні. Не кажучы ўжо пра тое, што ў развітым свеце не прынята адразаць сваіх грамадзян ад якасных імпартных прадуктаў і тлумачыць гэта неабходнасцю прадаўжаць санкцыйныя войны.

Асабліва дзіўна выглядае прапанаваная забарона на ўвоз малочнай прадукцыі. Вірусы могуць пранікаць у сыры, прыгатаваныя з непастэрызаванага малака, мяркуюць прадстаўнікі асацыяцыі. Але экспэрты кажуць, што доля такой прадукцыі не перавышае 1%, ды і небяспекі яна не ўяўляе праз працяглы тэрмінаў паспявання такіх сыроў.

Нават калі новыя абмежаванні маюць пад сабой рэальныя эпідэміялагічныя падставы, пераканаць у гэтым шырокую публіку будзе вельмі складана. За пяць гадоў дзеяння антысанкцый усе прывыклі да таго, што рацыёнам расейцаў можна спакойна ахвяраваць дзеля «вышэйшых» геапалітычных мэтаў.

Хоць для нацыянальнай біябяспекі было б больш карысна заклапаціцца якасцю прадукцыі, што вырабляецца ўнутры Расеі (паводле звестак Рассельгаснагляда, у 21,6% малака і малочнай прадукцыі і ў 20% мясной прадукцыі былі знойдзеныя парушэнні). Або павялічыць фінансаванне ўнутраных ветэрынарных службаў, каб яны лепш спраўляліся з ачагамі АЧС. А распальваць народны гнеў праз маленькі пакуначак пармезану, прывезены з адпачынку, - даволі сумнеўная ідэя, якая навявае непрыемныя думкі аб выніках расейскага імпартазамяшчэння.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках