29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску прайшоў стыхійны «Чарнобыльскі шлях» (Відэа, анлайн)

21
У Менску прайшоў стыхійны «Чарнобыльскі шлях» (Відэа, анлайн)
ФОТА: «Наша Ніва»

Нягледзячы на забарону ўладаў, людзі прайшлі традыцыйным шэсцем.

26 красавіка а 18.00 каля станцыі метро "Акадэмія навук" у Менску, нягледзячы на забарону ўладаў, людзі сабраліся на традыцыйную акцыю, прысвечаную 33 угодкам аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сайт Charter97.org вёў анлайн-трансляцыю. На месцы працавалі журналісты тэлеканалу «Белсат».

19:50 Стыхійныя «Чарнобыльскі шлях», які адбыўся нягледзячы на забарону ўладаў, завершаны.

Дзякуй, што сачылі за ходам акцыі разам з сайтам Charter97.org

19:45 «Я хачу падзякаваць усім удзельнікам акцыі. Людзі не забыліся пра Чарнобыльскую трагедыю. Апазіцыя павінна выкарыстоўваць усе кантакты і намаганні, каб скасаваць гэтыя драконаўскія захады, накіраваныя супраць мірных сходаў людзей. Уладам не трэба даводзіць да выбуху. На Захадзе ўсе кажуць пра "лібералізацыю", ціснуць руку апошняму дыктатару Еўропы, так хай яны паглядзяць, што адбываецца ў нашай краіне", - заявіў у каментары журналістам апазіцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык.

19:43 «Тыя людзі, якія прыйшлі, ведаючы, што акцыя забароненая - выклікаюць у мяне вялікую павагу. Сваё меркаванне павінны выказаць не толькі людзі, якія прыйшлі. Сёння беларусаў гэта не хвалюе, а заўтра пад маім акном будуць будаваць акумулятарны завод, а я не змагу пратэставаць. Таму праблема нашмат шырэйшая, чым Чарнобыль", - заявіла ў каментары журналістам сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

19:37 Удзельнікі "Чарнобыльскага шляху" спяваюць духоўны гімн «Магутны Божа».

19:34 Людзі, якія прыйшлі да чарнобыльскай капліцы стаяць у цішыні, некаторыя моляцца.

19:33 Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да памятнага знака ў Парку дружбы народаў.

19:31 «Дзякуючы вам беларусы не забудуць пра катастрофу. Людзі мацнейшыя за нелюдзяў і мы гэта сёння прадэманстравалі», - такімі словамі скончыў акцыю апазіцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык. Людзі пачалі скандаваць «Жыве Беларусь!».

19:27 Сустаршыня БХД Вольга Кавалькова падзякавала ўсім, хто прыйшоў, нягледзячы на магчымыя рэпрэсіі з боку ўладаў: «Дзякуй усім, хто прыйшоў. Наша права на мірны сход абмежаванае, хоць мы плацім падаткі. Чаму мы павінны плаціць за наша права на мірны пратэст? Мы не можам прамаўчаць. Гэта план уладаў, каб зрабіць немагчымым пратэст».

19:25 Святар БАПЦ айцец Вікенцій праводзіць малебен.

19:21 Лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык заклікаў прысутных ушанаваць памяць першых арганізатараў «Чарнобыльскага шляху»: Алеся Адамовіча, Юрыя Хадыку, Васіля Быкава. А таксама ахвяраў катастрофы, ліквідатараў аварыі.

19:20 Удзельнікі акцыі прыйшлі да памятнага знака ахвярам Чарнобыльскай катастрофы, які знаходзіцца ў парку Дружбы народаў.

ФОТА: TUT.BY

19:12 Лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч мяркуе, што няма сэнсу падаваць заяўкі на правядзенне акцый: «Мы не прызнаем уладу, Лукашэнкі - незаконнай. Трэба проста збірацца і прыходзіць».

19:11 Удзельнікі акцыі набліжаюцца да чарнобыльскай капліцы.

19:09 «Энэргетычная залежнасць нашай Расеі краіны толькі павялічыцца, калі БелАЭС будзе запушчаная. Я доўгі час працаваў геолагам, тая пляцоўка, на якой будуюць АЭС, заўсёды лічылася непрыдатнай. Акрамя таго, гэта стацыянарная ядзерная бомба, якую Расея ставіць на мяжы з ЕЗ», - заявіў лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

19:01 «Народ усё роўна адродзіцца. Ён вечны. А гэтая ўлада сыдзе», - заявіла актывістка Алена Таўстая.

18:59 Актывістка руху салідарнасці «Разам» Алена Таўстая распавяла пра сваю маці, якая аглядала людзей, якія атрымалі апраменьванне пасля аварыі на ЧАЭС: «Яна прыходзіла і плакала. Плакала і казала, што гэтыя людзі памруць. Гэта вялікае злачынства».

18:59 «У Беларусі блізу 48 тысяч чалавек памірае ад анкалогіі. У любым выпадку - выкіды будуць адбывацца. Радыус выкідаў - блізу 30 кіламетраў. Менавіта з гэтай прычыны мы пратэстуем», - заявіў Дзмітрый Кучук.

18:56 «У Беларусі няма рашэння, хто будзе спажыўцом гэтай энэргіі. Калі ў нас няма спажыўцоў, то навошта нам АЭС. Атамны рэактар вельмі цяжка спыніць», - аргументуе сваю пазіцыю першы намеснік старшыні партыі "Зялёныя".

18:51 «Ядзерная энэргетыка - самая дарагая і самая небяспечная», - першы намеснік старшыні партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук тлумачыць, чаму Беларусі не патрэбна АЭС.

18:48 Журналісты адзначаюць, што нягледзячы на тое, што арганізатары адклікалі заяўку, а ўлады яе забаранілі, прыйшло больш за 50 чалавек.

18:45 «Колькасць удзельнікаў акцыі - не важна. Памятаеце, ёсць прытча пра дзесяць праведніка, дзеля якіх Бог вырашыў не разбураць горад», - падзяліўся сваім меркаваннем Сяргей Чалы.

18:42 Эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што тэма Чарнобыля працягвае быць актуальнай: "Так атрымалася, што наша краіна атрымала самы вялікі ўдар ад гэтай катастрофы. Як памяць можа быць неактуальнай?»

18:39 «Нічога не змянілася. Загінулі людзі і працягваюць гінуць. Чарнобыль - гэта гісторыя пра ўладу, якая прадала свой народ за свае мяккія крэслы. Бяздзейнасць можа забіць многіх людзей», - распавяла адна з удзельніц акцыі.

Фото: «Радыё Свабода»

18:35 Іларыён расказаў, што ўдзельнічаў і ў папярэднім «Чарнобыльскім шляху»: «Чарнобыль - гэта злачынства. Калі б не беларускі рух у пачатку 90-ых і Зянон Пазьняк - яны б і далей маўчалі».

18:32 15-гадовы ўдзельнік акцыі Іларыён, які ўдзельнічаў у набажэнстве за пазбаўленне Беларусі ад лукавага, распавёў пра ціск на яго з боку міліцыі і сацыяльных педагогаў: «Я маю права маліцца, дзе заўгодна!».

18:29 Калона павялічылася. Даволі складана вызначыць колькасць удзельнікаў акцыі.

ФОТА: «Наша Ніва»
ФОТА: «Наша Ніва»

18:25 Вядомая актывістка Ніна Багінская абураная рашэннем уладаў, згодна з якім арганізатары акцый павінны плаціць за паслугі міліцыі: «Ад каго яны нас будуць ахоўваць? Нам гэта не трэба!».

18:24 Людзі прыйшлі з нацыянальнымі сцягамі, многія трымаюць плакаты на сацыяльныя і экалагічныя тэмы.

18:22 Калона пачала рух.

ФОТА: Паўлюк Быкоўскі

18:20 на акцыі прысутнічаюць: в.а. старшыні АГП Мікалай Казлоў, сустаршыня БХД Вольга Кавалькова, лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, святар БАПЦ айцец Вікенцій.

18:19 Арганізатары прынялі рашэнне прайсці традыцыйным шэсцем да чарнобыльскай капліцы.

18:17 Да ўдзельнікаў акцыі прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Папярэджваюць пра адказнасць за несанкцыянаваную акцыю.

ФОТА: Паўлюк Быкоўскі

18:15 На акцыю прыйшла Ніна Багінская з бел-чырвона-белым сцягам і плакатам «Чарнобыль-2019». Астравец. Лукашэнка».

18:13 «Паглядзіце на нашы сёлы, гарады. Гэта сапраўдны мор. За апошнія 25 гадоў насельніцтва Беларусі моцна скарацілася. Што мы пакінем сваім дзецям?», - задаецца пытаннем адзін з удзельнікаў акцыі.

ФОТА: Паўлюк Быкоўскі
ФОТА: «Наша Ніва»

18:12 Нагадаем, што арганізатары мерапрыемства выступілі з заявай, што адмаўляюцца плаціць за паслугі міліцыі і традыцыйнага шэсця не будзе. Але людзі самаарганізаваліся і прыйшлі на aкцыю.

18:09 На стыхійную акцыю выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Людзі прыйшлі з кветкамі, некаторыя актывісты прыйшлі з плакатамі, прысвечанымі экалагічным праблемам.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках