19 красавiка 2024, Пятніца, 6:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Статкевіч: Для пачатку мы вернем у Беларусь сумленныя выбары

65
Мікола Статкевіч: Для пачатку мы вернем у Беларусь сумленныя выбары
МІКОЛА СТАТКЕВІЧ
ФОТА: РІА НАВІНЫ

Расеі не трэба ратаваць ненавіснага народу дыктатара.

Стасункі паміж Масквой і Менскам абвастрыліся да мяжы. На фоне гандлёвых войнаў і чутак пра гатоўнасць Крамля да ўзмацнення ціску на Лукашэнку паводле ўкраінскага сцэнара, у Беларусь быў скіраваны новы амбасадар Міхаіл Бабіч. Адначасова закручваюцца гайкі ўнутры самой Беларусі: пасля зносу ўладамі крыжоў у Курапатах, на месцы расстрэлу больш як сотні тысячаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, прайшла хваля адміністрацыйных арыштаў сярод апазіцыі. Пра стасункі Масквы і Менска, а таксама пра сітуацыю ў самой Беларусі расейская «Новая газета» гаварыла з адным з лідараў беларускай апазіцыі Міколам Статкевічам.

– Вас называюць самым непрымірэнчым апанентам Лукашэнкі. За апошнія 15 гадоў Вы адбылі ў турмах і іншых месцах пазбаўлення волі ў агульнай колькасці 8 гадоў. Што вамі рухае? Чаму вы не з'язджаеце з Беларусі?

– Гэтае пытанне вельмі хвалюе і спадара Лукашэнку. А чаму я павінен з'язджаць? Гэта мая краіна. Я ведаю, што многія людзі вераць у мяне і ідуць за мной. Здрадзіць гэтым людзям немагчыма. У краіне дыктатура. Але калі я прыязджаю ў любы райцэнтр, мяне пазнаюць. Людзі падыходзяць, выказваюць словы падтрымкі і спадзяюцца, што я развяжу іхнія праблемы. Шмат разоў чуў: калі ласка, не кідайце нас. Я адчуваю сваю адказнасць. Гэта больш, чым маё жыццё. Барацьба з Лукашэнкам не з'яўляецца для мяне галоўнай. Я проста змагаюся за нармальную краіну і нармальнае жыццё для людзей.

– Днямі вы выйшлі на волю пасля 15 сутак арышту, атрыманых за тое, што заклікалі людзей выйсці памаліцца ля менскага кафедральнага сабора ў абарону знесеных у Курапатах крыжоў. Як Вам чарговы арышт? У якіх умовах Вы сядзелі?

– У мяне занадта вялікі турэмны досвед, так што гэтыя чарговыя 15 сутак надта нічым не ўразілі. Ну, як звычайна: адбыццё адміністрацыйнага арышту суправаджалася дробнымі правакацыямі з боку вертухаяў.

У астатнім я ўвесь час чытаў. Прачытаў вельмі добрую кнігу «Гісторыя эканамічнай думкі» Анры Дэні. Даўно хацеў гэта зрабіць, але ўсё часу не было на волі. А падчас арышту праглынуў залпам, як дэтэктыў.

– Ваша апошняе затрыманне месцамі таксама нагадвала дэтэктыў. Схапілі пры выхадзе з дому, калі вы накіроўваліся на арганізаваны Вамі ж малебен ля кафедральнага сабора ў цэнтры Менска...

– Гэтая прэвентыўная практыка арыштаў для мяне пачалася ў 2017 годзе, калі людзі сталі выходзіць на вуліцы супраць зусім вар'яцкага дэкрэта аб падатках для беспрацоўных. Улады тады спалохаліся і на час скасавалі дэкрэт. КДБ і міліцыя ўвесь час назіраюць за домам, дзе я жыву.

Часам я тыдзень перад якой-небудзь акцыяй не выходжу з дому, а потым дабіраюся да акцыі ў наўпростым эфіры тэлеканала «Белсат» у суправаджэнні журналістаў. Але гэта не заўсёды ратуе ад арыштаў. На гэты раз у мяне не атрымалася прарвацца міма «знадворкі». Але мерапрыемства прайшло – некалькі сотняў чалавек не пабаяліся сабрацца ў цэнтры Менска. У некалькі разоў больш людзей назіралі паблізу.

Мы ўсвядомілі, што беларуская ўлада баіцца нават малітвы, і гэта ўжо чартаўшчынай папахвае.

– Арыштам апазіцыянераў, уключаючы Вас, папярэднічала акцыя ўладаў у зносе крыжоў на месцы расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. Здавалася б, многія працэсы ў Беларусі для сусветнай супольнасці ўжо даўно – штодзённасць. Але гісторыя з крыжамі выклікала збянтэжанасць. Што ўвогуле цяпер адбываецца ў Беларусі?

– Агонія рэжыму, які вычарпаў усе свае рэсурсы, у тым ліку электаральныя. Вайна з крыжамі і малітвамі шакавала нават зусім апалітычных беларусаў. Гэтыя псіхоз і неадэкватнасць уладаў ідуць ад усведамлення тупіку і страху.

Тупік – перш за ўсё ў эканоміцы. Будаваць новую эканоміку, заснаваную на праве ўласнасці, незалежным судзе, кантролі незалежных СМІ Лукашэнка не можа. Для ўтрымання ўлады яму трэба кантраляваць усе грашовыя плыні і амаль усе працоўныя месцы. Але такая эканоміка прыносіць толькі страты. Да нядаўняга часу страты аплачвала Расея, але, як высветлілася, не бязвыплатна.

– Дарэчы, з нагоды Расеі. Новы амбасадар Міхаіл Бабіч цяпер праводзіць вельмі актыўную палітыку ў Беларусі. Між тым, прадаўжаюцца «гандлёвыя войны», Рассельгаснагляд блакуе пастаўкі тавараў з Беларусі, а Лукашэнка хоча зачыніць трубаправод на рамонт. Што рэальна адбываецца ў беларуска-расейскіх стасунках?

– Бабіч дасланы пад канкрэтную задачу – праблему 2024 года, калі сканчаюцца паўнамоцтвы Пуціна на пасадзе прэзідэнта РФ. Цяпер харчаванне рэжыму Лукашэнкі Крамлём павольна памяншаецца. Лукашэнка ж пабудаваў краіну як калгас – на расейскіх датацыях. Ён чамусьці думаў, што можа бясконца казаць пра нейкае аб'яднанне з Расеяй, у якасці платы за ўтрыманне знішчаць нацыянальную самасвядомасць і вечна сядзець у сваім крэсле.

Высветлілася, што расейскія ўлады яго кармілі не проста так. А кармілі яго для таго, каб анэксаваць Беларусь.

Лукашэнка ўжо прадаў Расеі «Белтрансгаз». Калі раней, калі Расея спрабавала падняць кошты на газ, Лукашэнка проста закрываў прапампоўку на Захад, то цяпер ён гэтую магчымасць страціў. Да таго ж у Расеі цяпер ёсць яшчэ «Паўночны струмень-1».

Цяпер у Лукашэнкі два варыянты: праводзіць рэформы ці пакінуць усё, як ёсць. Праводзіць рэформы ён баіцца, паколькі разумее, што тады страціць кантроль над фінансавымі плынямі і працоўнымі месцамі – а гэта непазбежная страта ўлады. А калі нічога не змяняць, рана ці позна адбудзецца сацыяльны выбух, прычым такі, што давядзецца зайздросціць лёсу некаторых дыктатараў. Заціснутая нянавісць – гэта страшна, асабліва з боку вонкава спакойных беларусаў, якія звыкліся хаваць эмоцыі.

– А Лукашэнка па-ранейшаму папулярны сярод насельніцтва? Сёлета ў Беларусі могуць адбыцца парламенцкія выбары, налета прэзідэнцкія. Ён нібыта збіраецца вылучацца ўжо на 7-ы тэрмін.

– Ведаеце, у нас забароненая незалежная сацыялогія за рэдкім выключэннем. Персанальныя публікаваныя рэйтынгавыя апытанні спецыялісты павінны ўзгадняць у адміністрацыі Лукашэнкі. Але фокус-групы дазволеныя. І ўсе сацыёлагі кажуць пра тое, што самае часта выкарыстанае слова ў правінцыях на гэтых фокус-групах – гэта нянавісць да Лукашэнкі.

Можна смела казаць пра 80 адсоткаў насельніцтва, якія, паводле звестак апытанняў, ненавідзяць кіраўніка і хочуць пераменаў.

Стаўленне беларусаў да ўлады змянілася карэнным чынам. Калі раней цэнтрам супраціву быў адукаваны дэмакратычны Менск, то цяпер крайняя ступень нянавісці ў рэгіёнах, якія гадоў 10–15 былі электаральнай базай Лукашэнкі. Больш за ўсё незадаволенасці ва ўсходніх рэгіёнах, дзе эканамічная сітуацыя горшая за ўсё: добрым лічыцца заробак 150 даляраў, а кошты вышэйшыя, чым у нашых суседзяў...

І Лукашэнка адчувае гэтую нянавісць. Гэта яго палохае. Але на выбары ён пойдзе. Праўда, вымушаны будзе гандлявацца з Расеяй, саступаць, цягнуць час. Ды і ваш урад ніяк пакуль не можа ад Лукашэнкі адмовіцца. Ён хоць і раздражняе, але Расея з ім звязаная. Ён – адзіны гарант Саюзнай дамовы. Ён ейны ініцыятар і асноўны выгодаатрымальнік.

Сам Лукашэнка хоча як мага даўжэй пратрымацца ва ўладзе і пераседзець Пуціна.

– Напрыклад, апазіцыя ў Беларусі прыйшла да ўлады. Ваш першы крок? І якімі Вы бачыце стасункі з Расеяй у выпадку сваёй перамогі?

– Для пачатку мы вернем народу сумленныя выбары. Цяпер іх няма. У нас іх нават не фальсіфікуюць. У нас іх проста няма – прызначаныя рэжымам выбарчыя камісіі толькі імітуюць падлік галасоў. А далей ужо палітыку краіны будуць вызначаць выбраныя на гэтых выбарах інстытуцыі. У першую чаргу парламент.

Што тычыцца стасункаў з Расеяй, то мы будзем пераглядаць Саюзную дамову. І там не будзе канчатковага аб'яднання нават у агульных словах, а будзе стратэгічнае партнёрства. Мы хацелі б сяброўскіх стасункаў, эканамічнага, культурнага, палітычнага супрацоўніцтва. Але мы не дазволім умяшання ў нашы ўнутраныя справы.

Ведаеце, мы зрабілі высновы з украінскіх падзеяў. Спадзяемся, што Расея для сябе таксама зрабіла высновы. Калі Расея паспрабуе ратаваць ненавіснага народу дыктатара – ад гэтага можна атрымаць велізарны негатыўны эфект. Бо беларусы пакуль пазітыўна ставяцца да Расеі, таксама як да Расеі ставіліся калісьці ўкраінцы. Але, як і ў іх, гэта стаўленне можа раптам і рэзка памяняцца. І калі Расея не хоча ператварыць яшчэ адзін па–сяброўску настроены народ у варожы, то мы гатовыя сябраваць дамамі. Гатовыя дамаўляцца, даваць гарантыі пра тое, што на нашай тэрыторыі, напрыклад, ніколі не будзе сілаў NATO... Толькі не трэба ўмешвацца ў наша ўнутранае жыццё.

– Што сёння ўяўляе з сябе беларуская апазіцыя? Ці ёсць у Вас каманда?

– На жаль, у нас у краіне 8 спецслужбаў. Праблема ўплыву спецслужбаў – агульная тэма для ўсіх постсавецкіх краінаў. Рана ці позна лідар апазіцыйнай партыі апынаецца перад выбарам – доўгае пазбаўленне волі альбо супрацоўніцтва з рэжымам.

У апазіцыі ў нас людзі розныя: ёсць тыя, хто гатовы стаяць на сваім да канца, ёсць тыя, хто ідзе на саступкі. Адзіная цяпер рэальная апазіцыйная кааліцыя – гэта Беларускі Нацыянальны Кангрэс, у Раду якога ўваходзяць лідары 7 агульнанацыянальных арганізацый (у іх ліку першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, вядомы паэт Уладзімір Някляеў, дыпламат Андрэй Саннікаў, прафзвязны лідар Генадзь Фядыніч) і лідары 14 рэгіянальных кааліцый. У рэгіёнах у кааліцыях таксама вельмі яркія лідары. БНК высунуў мяне ў кандыдаты на будучых прэзідэнцкіх выбарах. Праўда, у мяне судзімасць, але паводле Канстытуцыі я маю права ўдзельнічаць у выбарах.

Я гляджу ў будучыню з аптымізмам. Рана ці позна мы зменім гэтую ўладу. Мірнымі сродкамі. Будаваць краіну зноўку будзе цяжка. Але галоўнае, што людзі мяняюцца. Мы адчуваем падтрымку большасці. Мы рухаемся ў правільны бок.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках