19 красавiка 2024, Пятніца, 22:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што стаіць за новым скандалам з нафтай?

21
Што стаіць за новым скандалам з нафтай?
КАРЫКАТУРА: CARTOON.KULICHKI.RU

Ці магла РФ наўмысна сапсаваць нафту ў трубе.

Беларусь і Расея яшчэ не паспелі прыйсці да згоды з нагоды кампенсацыі страт праз падатковы манеўр у нафтавай сферы, як надарыўся новы скандал. РФ паставіла сваім пакупнікам «атручаную нафту», што прывяло да псуты абсталявання і прыпынення экспарту. Бакі зноў абмяркоўваюць сумы шкоды і кампенсацыі, піша выданне «Беларусы і рынак».

У чацвер у Менску прайшлі перамовы аб урэгуляванні сітуацыі, звязанай з паступленнем няякаснай расейскай нафты. Удзел у іх узялі кіраўнік канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў, генеральны дырэктар ААТ «Гомельтранснафта Дружба» Алег Барысенка, намеснік міністра энэргетыкі РФ Павел Сарока, кіраўніцтва ПАТ «Транснафта», АТ «Транснафта Дружба», АТ «Укртранснафта» і польскай кампаніі PERN.

«Упэўнены, што тэхнічныя праблемы, якія ў пэўнай ступені маюць месца быць, сёння будуць канструктыўным чынам разгледжаныя, - цытуе БелТА заяву Паўла Сарокіна, зробленую ім у пачатку перамоў. - Спадзяюся, нам удасца прыйсці да хуткай эфектыўнай пастановы для ўсіх бакоў, каб у максімальна кароткія тэрміны вярнуцца ў нармальнае функцыянаванне ўсёй сістэмы»

Гэта першая маштабная размова зацікаўленых удзельнікаў пасля выяўлення праблемы. Перамовы ў больш вузкім складзе («Белнафтахім» і «Транснафта») прайшлі ў Маскве. Тэлеканал «Беларусь 1» паведаміў, што яны «не прынеслі ніякіх выразных адказаў з расейскай стараны».

Беларуская старана сцвярджае, што нясе велізарныя страты, якія вылічваюцца «сотнямі мільёнаў даляраў». У чацвер, 25 красавіка, кіраўнік канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў заявіў, што толькі страты ад недаатрыманага экспартнага прыбытку складаюць 100 млн даляраў: «Цяпер мы ацэньваем страты, якія мы панясём у красавіку. На сёння яны складаюць блізу 100 млн даляраў у выглядзе недаатрыманага прыбытку ад рэалізацыі нафтапрадуктаў».

На мінулым тыдні ў Маскве заяўлялі, што «Менск занадта драматызуе праблему». Спасылаючыся на меркаванні экспэртаў, газета «Ведомости» ацаніла аб'ёмы сапсаванай нафты на 100-300 тысяч тон, нягледзячы на тое што раней беларусы казалі пра 700 тысяч тон паводле разлікаў аналітыкаў, якія падаюць «Ведомости», пры кошце нафты 71,86 даляра за барэль шкода складзе 52,6—158 млн даляраў. Кошт абсталявання, якое выйшла з ладу, расейскія экспэрты ацанілі на55 тысяч даляраў.

На момант публікацыі гэтага артыкула вынікі перамоў не былі вядомыя. Апытаныя беларускія экспэрты мяркуюць, што кампенсацыя шкоды праз няякасную нафту — гэта больш простае пытанне, чым кампенсацыя страт праз падатковы манеўр, і рана ці позна кампраміс будзе знойдзены.

«Гэтую сітуацыю, як мне здаецца, атрымаецца развязаць і ўрэгуляваць, бо расейская старана не адмаўляе, што яна вінаватая ў тым, што па трубе пайшла няякасная нафта. Думаю, кампенсацыя ўсё ж будзе атрыманая», — сказаў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Што тычыцца яе сумы, то, пакуль праблема не разгледжаная, ацаніць яе даволі цяжка. «Можа быць і адна сотня, і пяць сотняў мільёнаў. Пакуль лічбы разыходзяцца ў разы», — заявіў старшы аналітык «Альпары» Вадзім Ёсуб.

Экспэрт растлумачыў, што сума шкоды ўключае некалькі пазіцый. Гэта не толькі кошт нафты, але і недаатрыманы прыбытак ад продажу прадуктаў нафтаперапрацоўкі, якія маглі б паступіць на замежныя рынкі, і выхад з ладу абсталявання на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе.

Экспэрты звярнулі ўвагу на не самы лепшае збег акалічнасцяў. «На мой погляд, мінус гэтай сітуацыі яшчэ і ў тым, што дрэнная нафта пайшла вельмі недарэчы: на фоне вельмі напружаных стасункаў паміж Менскам і Масквой, што толькі дадае праблем і падрыхтоўвае глебу для спекуляцый і недаверу», — адзначыў Аляксандр Класкоўскі.

Першымі такімі спекуляцыямі сталі размовы аб тым, што Расея наўмысна сапсавала нафта ў трубе. Суразмоўцы «Белорусы и рынок» такога меркавання не падзяляюць.

«Думаю, імавернасць таго, што гэта было зроблена наўмысна, вельмі малая. Бо ў выніку расейская старана атрымае не толькі грашовую, але і іміджавую шкоду: яна страціць статус надзейнага пастаўшчыка якаснай нафты, прычым не толькі ў вачах Беларусі, але і краін Еўразвязу: Польшчы, Чэхіі, Нямеччыны, Вугоршчыны, Славакіі», — сказаў Вадзім Ёсуб.

Магчыма, віной усяму «расійскае разгільдзяйства і тэхналагічная дэградацыя краіны», мяркуе Аляксандр Класкоўскі. «Не сакрэт, што пакуль РФ устае з каленяў і спрабуе задзірацца з усім светам. У яе руйнуецца ўсё яшчэ савецкая інфраструктура, уключаючы нафтаправод «Дружба», - заявіў экспэрт.

На фоне праблем з няякаснай нафтай іншае гучанне набылі і развагі аналітыкаў, якія тычацца сур'ёзнага падвышэння кошту бензіну ў Беларусі, нягледзячы на тое што гаворка ішла аб падатковым манеўры ў Расеі як аб першапрычыне такога коштавага росту. «Я ў гэтым моцна сумняваюся, бо кошт паліва ў нас устанаўліваецца адміністрацыйна, фактычна, зыходзячы з палітычных меркаванняў. Кошт на ўнутраным рынку ўжо даўно не забяспечвае ніякай станоўчай рэнтабельнасці НПЗ», - мяркуе Вадзім Ёсуб.

На ягоную думку, адказаць на пытанне пра ўплыў цяперашняга інцыдэнту на партманэты беларусаў можна будзе толькі тады, калі стане ясна, хто кампенсуе шкоду: вінаватая расейская старана або айчынныя ўладальнікі аўтамабіляў.

Нагадаем, пра рэзкае пагаршэнні якасці расейскай экспартнай сумесі Urals канцэрн «Белнафтахім» паведаміў 19 красавіка. Паводле яго інфармацыі, утрыманне хлорарганічных злучэнняў у гэтай нафце ў дзясяткі разоў перавысіла гранічныя нормы, устаноўленыя стандартам. Каб мінімізаваць страты, Мазырскі НПЗ знізіў загрузку магутнасцяў на 40 % «Нафтан» - на 50 %. Пазней стала вядома, што па нафтаправодзе Сургут-Полацк на «Нафтан» паступае якасная нафта. Гэта крыху ратуе сітуацыю.

«Транснафта» прызнала, што пастаўляе бракаваную сыравіну. У «Белнафтахіме» заявілі, што «перапрацоўка нафты такой якасці можа прывесці да парушэння тэхналагічных рэжымаў працы НПЗ». Заявы былі прароцкімі: 22 красавіка прадстаўнікі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода паведамілі, што пастаўка няякаснай сыравіны прывяла да выхаду з ладу дарагога абсталявання.

Да гэтага, 21 красавіка, Беларусь абмежавала экспарт светлых нафтапрадуктаў, а 23 красавіка «Белнафтахім» спыніў пастаўкі ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі. 24 красавіка Польшча на нявызначаны тэрмін спыніла транзіт нафты праз нафтаправод «Дружба» з прычыны таго, што НПЗ у гэтай краіне, а таксама ў Нямеччыне адмовіліся прымаць і перапрацоўваць няякасную сыравіну з Расеі. Увечары 25 красавіка Украіна таксама спыніла транзіт нафты па нафтаправодзе «Дружба».

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках