19 красавiка 2024, Пятніца, 5:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нямецкая хваля»: Чым уладам Беларусі перашкаджаюць крыжы ў Курапатах?

26
«Нямецкая хваля»: Чым уладам Беларусі перашкаджаюць крыжы ў Курапатах?
ФОТА: DW.COM

Улады Беларусі спрабуюць дэпалітызаваць і пазбавіць значэння месца пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

4 красавіка пад Менскам пачалі зносіць крыжы, усталяваныя грамадскімі актывістамі ва ўрочышчы Курапаты – на месцы пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 1937–1941 гадоў. Як сцвярджаюць актывісты, на загад уладаў ужо знесеныя блізу 70 крыжоў – са спасылкай на тое, што яны былі пастаўленыя незаконна.

Дзеянні ўладаў у Курапатах абурылі значную частку грамадства. Знос крыжоў раскрытыкавалі прадстаўнікі беларускіх праваслаўных і каталікоў, дэпутаты парламента і апазіцыя. Што стаіць за пастановай Аляксандра Лукашэнкі "акультурыць" Курапаты – у рэпартажы Нямецкай хвалі.

Асабістае распараджэнне Лукашэнкі

Адразу пасля пачатку працаў у Курапатах актывісты і палітолагі згадалі нядаўнюю "Вялікую размову з прэзідэнтам", у ходзе якой Аляксандр Лукашэнка сказаў, што яму не падабаюцца крыжы ў Курапатах, якія бачныя, калі праязджаеш па Менскай кальцавой дарозе. Пазней прэс-сакратарка кіраўніка Наталля Эйсмант пацвердзіла, што знос крыжоў у Курапатах – гэта пачатак выканання абяцанага на "Вялікай размове" навядзення парадку ва ўрочышчы.

Дырэктар Цэнтра еўрапейскіх трансфармацый, палітолаг Андрэй Ягораў кажа, што, мяркуючы з колькасці дзяржаўных службаў, якія ўдзельнічалі ў зносе, і хуткасці, з якой усё было выраблена, аперацыя ў Курапатах планавалася задоўга да гэтага і таемна – знос крыжоў стаў нечаканасцю для ўсіх.

Паводле словаў прэс-сакратаркі прэзідэнта Наталлі Эйсмант, пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі заключаецца ў тым, што "Курапаты трэба ўладкаваць годна, але без усякай палітыкі". Журналіст Франак Вячорка адзначае, што многія рэчы ў Беларусі ўлады хацелі б бачыць "без палітыкі" – беларускую мову, вышыванкі, святкаванне абвяшчэння БНР. Аднак, на ягоную думку, "у такім выпадку важныя для беларускага грамадства рэчы і падзеі ператворацца ў пустышку".

Выкладчык праграмы "Публічная гісторыя" ў Еўрапейскім каледжы Liberal Arts у Беларусі (ECLAB) Аляксей Братачкін кажа, што яго вельмі здзівілі прыведзеныя словы прэзідэнцкай прэс-сакратаркі. "Як увогуле месца памяці ахвяраў масавага забойства, звязанага з пэўным перыядам у гісторыі, можа быць па-за палітыкай?" – задае пытанне гісторык.

Курапаты заўсёды былі кропкай напружання

Упершыню пра тое, што ва ўрочышчы Курапаты супрацоўнікі НКУС праводзілі масавыя расстрэлы, стала вядома 3 чэрвеня 1988 года з артыкула Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва "Курапаты: дарога смерці". Публікацыя мела каласальны эфект і прывяла да пачатку крымінальнага расследавання, падчас якога было вызначана, што ў Курапатах пахаваныя ахвяры расстрэлаў, якія праводзіліся НКУС у 1937–1941 гады.

Палітолаг Андрэй Ягораў канстатуе, што з тых часоў Курапаты заўсёды былі кропкай напружання: "Урочышча стала знакавым і сімвалічным месцам для беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху. Таму любыя дзеянні ўладаў у Курапатах выклікаюць хвалю пратэстаў".

Так, беларускія ўлады неаднаразова спрабавалі скараціць ахоўную зону вакол стыхійна створанага мемарыяла. У 2001 годзе актывісты не далі пракласці МКАД па ўрочышчы. У 2011 годзе мелі месца пратэсты супраць будаўніцтва рэстараннага комплексу "Бульбаш-хол" за некалькі дзясяткаў метраў ад крыжоў, аднак рэстаран усё ж пабудавалі. А ў 2017 годзе актывісты падчас доўгага супрацьстаяння адстаялі мемарыял, не дапусціўшы будаўніцтва побач з рэстаранам яшчэ і бізнэс-цэнтра. Пасля гэтага прэзідэнт Лукашэнка прызнаў неабходнасць наяўнасці мемарыялу ў Курапатах – афіцыйны помнік быў усталяваны ў канцы 2018 года.

Улады хочуць ажыццяўляць кантроль над гісторыяй

Разам з тым аўтары даследавання "Курапаты як публічная прастора і месца памяці", праведзенага пад эгідай грамадскай ініцыятывы "Лятучы ўніверсітэт", адзначаюць, што "Курапаты з'яўляюцца ўнікальным феноменам рэальнай публічнай прасторы вакол месца памяці, якая жыве і развіваецца менавіта як вынік дзеянняў грамадства": "Такая практыка не можа і не павінна стаць ахвярай добраўпарадкавання".

Аднак цяпер, на думку палітолага Ягорава, з дапамогай дэпалітызацыі Курапатаў улады спрабуюць правесці мемарыялізацыю месца такім чынам, каб яно перастала быць знакавым сімвалам для нацыянальна-дэмакратычна настроенай часткі грамадства. Журналіст Франак Вячорка мяркуе, што такім чынам з ушанаванага месцы масавых расстрэлаў рэпрэсаваных улады хочуць зрабіць звычайныя могілкі.

Гісторык Аляксей Братачкін мяркуе, што ўладам замінае палітычны актывізм вакол Курапатаў (самастойнае ўсталяванне крыжоў, пратэсты і варта ў Курапатах), бо яны хочуць ажыццяўляць поўны кантроль над публічнай прасторай і над гісторыяй.

Журналіст Вячорка у сваю чаргу адзначае, што дзеянні ўладаў у Курапатах супалі з ігнараваннем Менскам выяўлення парэшткаў Кастуся Каліноўскага, а таксама адмовай усталёўваць памятны знак да стагоддзя БНР. "Улады пастанавілі падчысціць, падправіць і сцерці памяць пра тое і пра тых, хто не ўпісваецца ў стэрыльную ідэалагічную мадэль".

Нельга асудзіць гвалт і прадаўжаць яго здзяйсняць

Але замест таго каб акультурваць тэрыторыю, вырываючы крыжы і ўсталёўваючы платы, уладам варта было б адкрыць архівы і апублікаваць інфармацыю пра расстрэлы ў Курапатах, мяркуюць эксперты. Аднак, мяркуючы з усяго, рабіць гэта ніхто не збіраецца.

На думку гісторыка Аляксея Братачкіна, нежаданне беларускіх уладаў адкрыць архівы, звязаныя з Курапатамі, сведчыць пра поўную адмову ад палітычнай адказнасці за тое, што адбылося там. Вядома, прадаўжае гісторык, "сённяшнім уладам нельга інкрымінаваць тое, што здарылася (у сталінскі перыяд. – Рэд.) ва ўрочышчы, але яны павінна праявіць палітычную адказнасць і паставіць кропку ў гісторыі Курапатаў".

Таму, на думку палітолага Ягорава, без рассакрэчвання архіваў і аднаўлення нацыянальнай справядлівасці дэпалітызаваць Курапаты не атрымаецца – "нельга закрыць пытанне, не разабраўшыся з ім".

Аднак калі ўлады адкрыюць архівы, асудзяць масавыя забойствы, рэпрэсіі і гвалт, ім давядзецца несці адказнасць за тое, што адбываецца ў Беларусі сёння – парушэнне правоў чалавека, палітычныя рэпрэсіі, дадае Братачкін. "Немагчыма асудзіць гвалт і прадаўжаць яго здзяйсняць", – падвёў вынік гісторык.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках