Штучны інтэлект будзе маніторыць зямельныя надзелы Украіны
5- 6.04.2019, 13:55
- 10,242
Earth Observing System распрацоўвае спецыяльную платформу.
Кампанія Earth Observing System (EOS) распрацоўвае новую платформу, якая дазволіць маніторыць зямельныя надзелы і іхні стан дзякуючы аналізу звестак спадарожнікаў, камбінуючы іх з звесткамі "з поля", паведамляе Agroportal.
Распрацоўка спалучае ў сабе пакет інструментаў для вытворчых і аналітычных кампаній аграрнага сектара, а таксама IT-камандаў, якія былі задзейнічаныя ў гэтай сферы. Платформа будзе даваць інфармацыю пра стан сельскагаспадарчых культураў на любой тэрыторыі 24/7, растлумачылі распрацоўнікі.
Праграма будзе ўвесь час абнаўляць інфармацыю пра ўмовы надвор'я (ападкі, тэмпературу паветра, вільготнасць, хуткасць ветру і г.д.), таму карыстальнікі загадзя будуць даведвацца пра крытычныя ўмовы надвор'я, якія могуць пагражаць культурам, сцвярджаюць у кампаніі.
"EOS Crop Monitoring Tool дазволіць кантраляваць любыя змены ў палях і праводзіць онлайн-маніторынг пасадак новых культураў і іх паспявання. З ім фермеры могуць аптымізаваць сваю працу і выдаткі на ўтрыманне палёў, а таксама вызначаць ключавыя кірункі для развіцця", – адзначыў дырэктар у продажах Аляксандр Сакаль.
Earth Observing System (EOS) – гэта міжнародная кампанія, якая дае магчымасці аўтаматызаванай ГІС-аналітыкі, спалучаючы інфармацыю са спадарожнікавых здымкаў і прасторавыя звесткі. Галоўны офіс кампаніі знаходзіцца ў Менло-Парк, Каліфорнія.