19 красавiка 2024, Пятніца, 5:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ільготнікі тэлефануюць самі, гатовыя за $ 300 аформіць аўто»

14
«Ільготнікі тэлефануюць самі, гатовыя за $ 300 аформіць аўто»

Перагоншчык апавёў пра наступствы ўказу №140.

140-ы ўказ, які дае магчымасць інвалідам I і II групаў і шматдзетным сем'ям размытніваць аўтамабілі са зніжкай 50%, што выйшаў у красавіку, стаў, бадай, самай абмяркоўвальнай аўтамабільнай навіной вясны 2019. Эканомія, якая ідзе на тысячы еўраў, зрабіла прыгон аўто больш выгодным. Эксперты чакаюць ажыўлення на рынку, а перагоншчыкі кінуліся шукаць ільготнікаў, піша abw.by.

Кірыл (імя змененае на просьбу героя) – адзін з тых, хто займаецца прыгонам аўтамабіляў з-за мяжы. Ён пагадзіўся выказаць сваё меркаванне пра ўказ і апавесці, чым незадаволены і чаму збіраецца згортваць бізнэс.

Мала, але стабільна

– Прыгон машынаў з Еўропы пасля 2011 года перастаў насіць такі масавы характар. А пасля падзення курсу расейскага рубля на нейкі перыяд плынь машынаў з Еўразвязу і зусім практычна вычарпалася. І толькі апошнія год-два пачалося хоць нейкае ажыўленне. Худа-бедна машыны прадаваліся, пазначылася стабільнасць. І тут як гром сярод яснага неба – гэты ўказ.

Вядома, у цэлым гэта добра, бо людзі змогуць прывезці сабе машыну, зэканоміўшы пры гэтым немалую суму. Асабліва ўказ добры для шматдзетных, якім у першую чаргу будуць цікавыя мінівэны, а іх у нас у продажы практычна няма.

На першы погляд можа здацца, што змены на руку перагоншчыкам, але гэта толькі здаецца.

Не сакрэт, што і цяпер свежыя машыны з ЕЗ і ЗША афармляюць на так званых "вешалак", але размытніваюцца яны паводле звычайных тарыфаў для ўсіх, з выплатай 100 адсоткаў мыты.

Ільготнікаў хопіць усім

Пасля выхаду ўказа прыганяць машыны для перапродажу, выплачваючы 100-адсоткавую мыту, проста не будзе сэнсу, розніца занадта вялікая. Нават пры размытненні аўто з маторам 1,4 літра гэта амаль 1200 еўраў. На адносна недарагіх машынах заробак у 99 адсотках выпадкаў ніжэйшы за гэтую суму. На аўто з вялікімі аб'ёмамі розніца яшчэ большая. Таму выснова відавочная: цяпер асноўная частка машынаў будзе размытнівацца менавіта паводле 140-га указа. Беручы пад увагу, што ўзроставы цэнз ніхто не скасоўваў, такой плыні машынаў, якая была да ўступлення ў Мытны звяз, усё роўна не будзе. Машына ўзростам да 5 гадоў усё роўна каштуе нямала, ды і размытненне большае, чым было тады. Думаю, што льготнікаў хопіць усім. Шматдзетных і інвалідаў шмат (больш за паўмільёна. – заўвага. рэд.), тым больш у шматдзетных сем'ях прывезці аўто паводле льготнага размытнення могуць абодва бацькі.

Ільготнікі тэлефануюць самі

Для мяне бізнэс прыгону аўто з Еўропы хутчэй падпрацоўка. На момант выхаду ўказа ў мяне, як і цяпер, быў толькі адзін аўтамабіль. Часам бывае два, не болей. У гэтым плане мне адносна пашанцавала, я прадаў адну машыну ў канцы сакавіка. Другая, хутчэй за ўсё, "завісне", пра заробак на ёй ужо гаворкі не ідзе. Везці аўто пад 140-ы ўказ не хачу. Хоць некалькі льготнікаў ужо самі патэлефанавалі і прапанавалі свае паслугі. Адзін з іх прапаноўваў цешчу – інваліда 2-й групы ўсяго за 300 даляраў.

Карупцыйныя схемы – проста смешна!

Калі кажуць, што праз указ могуць узнікнуць нейкія карупцыйныя схемы з нагоды атрымання базы звестак ільготнікаў, мне становіцца проста смешна. Гэта нейкая вар'яцкая фантазія супрацоўнікаў праваахоўных органаў або журналістаў. Ніхто не будзе "вешаць" машыну на нейкага зусім незнаёмага чалавека з базы звестак. Не ўяўляю сабе перагоншчыка, які машыну за 10–15 тысячаў даляраў аформіць на невядома каго. Будуць шукаць сваякоў, знаёмых, знаёмых знаёмых, суседзяў і г.д.

Ёсць забяспечаныя людзі і сярод ільготнікаў

Указ паставіў перагоншчыкаў у такое становішча, што альбо ты вязеш машыну з размытненнем 50 адсоткаў, альбо ты па-за гульнёй. Інакш ніяк. Размытніўшы аўто напоўніцу, ты проста не вытрымаеш канкурэнцыі. Нават калі машыну паводле льготнай мыты прывязе не перагоншчык, а проста сам інвалід або шматдзетны, а потым выставіць яе на продаж, кошт у яго будзе ніжэйшы. Ведаю многіх людзей, у якіх ёсць бацькі або сваякі-інваліды. Калі яны захочуць машыну прыгнаць, то, натуральна, аформяць яе на сваяка-льготніка. Ды і шматдзетных, якія могуць дазволіць сабе прывезці аўто, не так ужо мала. У нас чамусьці прынята меркаваць, што ўсе шматдзетныя павінны быць беднымі, але, на шчасце, гэта не так. Ды і не ўсе інваліды жывуць на адну пенсію.

Каму гэта выгодна?

Адзіныя прадстаўнікі аўтабізнэсу, якім гэта на руку, – фірмы, якія не прыганяюць аўто на продаж, а проста выступаюць пасярэднікамі пры пошуку. Ім жа без розніцы, які кліент – інвалід або шматдзетны – заказвае машыну сабе ці некаму. Іхняя праца – падабраць аўто. Таксама можа трохі больш працы стаць у тых, хто займаецца дастаўкай машынаў: ім таксама не важна, вязе машыну кліент сабе ці на перапродаж.

Перагоншчыкі ўзрадаваліся, але не ўсе

Сярод перагоншчыкаў меркаванні падзяліліся. Многія з радасцю ўспрынялі гэты ўказ. Нават тыя, хто ўжо адышоў ад справаў, сталі задумвацца пра вяртанне ў бізнэс. Іншыя, як я, з асцярогай глядзяць на такія "магчымасці". Не думаю, што ў органах не разумеюць, як будзе развівацца сцэнар. Нават калі цяпер няма якіх-небудзь указанняў выяўляць такіх "дзялкоў", гэта не азначае, што праз год-два не возьмуцца за гэта. Як вынік – замест заробкаў з часам можна панесці каласальныя страты ў выглядзе даплаты розніцы ў мыце, штрафаў і г.д. Нехта, вядома, заробіць і зможа выйсці сухім з вады, але, на маю думку, для перагоншчыкаў 140-ы ўказ – бомба запаволенага дзеяння. Для сябе я ўжо прыняў пастанову: лепш гэтым не займацца і засяродзіць сілы на асноўнай дзейнасці. Хоць не схаваю, што прывезці аўто асабіста для сябе з удзелам сваяка-льготніка думкі ёсць, але толькі сабе.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках