20 красавiка 2024, Субота, 8:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Стратэгіі «целяпання» прыйшоў канец

35
Зміцер Бандарэнка: Стратэгіі «целяпання» прыйшоў канец
АНДРЭЙ УЦЮРЫН

Чаму «асасін» Уцюрын хацеў ліквідаваць «цёплага чалавека» Лукашэнку?

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, каментуючы нечаканыя адстаўкі і арышты сілавікоў найвышэйшага рангу ў Беларусі.

– Ці сапраўды Лукашэнка змагаецца з расейскай змовай у Беларусі?

– Пакуль сітуацыя нагадвае сюжэт вядомага фільма «Брыгада», дзе галоўны герой з імем Аляксандр, лідар злачыннай групоўкі, перыядычна трапляе ў розныя калатнечы. Але развязкай усяго сюжэту з'яўляецца момант, калі асабісты ахоўнік гэтага бандыта, які неаднаразова ратаваў ягонае жыццё, ратаваў ягоную сям'ю, атрымлівае загад «з цэнтра», знішчае ўсіх сяброў Аляксандра і хоча забіць яго.

Мы бачым, што часам сюжэты кіно супадаюць з сюжэтамі з жыцця. У гэтым фільме добра раскрытая спецыфіка дзеянняў расейскіх спецслужбаў. Нічога незвычайнага не адбываецца і, напэўна, цяпер Лукашэнка змагаецца за сваё жыццё і за сваю ўладу.

– То-бок, Вы дапускаеце, што змова сапраўды была? Мы цяпер не гаворым пра ўплыў на яе Расеі. Cама змова ўнутры беларускіх сілавых структураў супраць Лукашэнкі магчымая?

– Я не сумняваюся, што змова супраць Лукашэнкі была, я не сумняваюся, што арышты Уцюрына і іншых людзей – не апошнія арышты. Таксама не сумняваюся, што Уцюрын быў звязаны з Расеяй і амбасадарам Бабічам. Але рэч у тым, што асяродак Лукашэнкі, усе ягоныя сілавыя структуры, нашпігаваныя расейскай агентурай, як кавун семкамі. І нават не з той прычыны, што яны завербаваныя Расеяй.

Каго Лукашэнка набіраў у сваю ахову, у свае сілавыя структуры? Беларускі патрыёт туды праскочыць не мог, чалавек, які размаўляе на беларускай мове, туды праскочыць не мог, чалавек, які ведае беларускую гісторыю і дзейнічае ў інтарэсах Беларусі, – туды патрапіць таксама не мог. Гэта не версія, гэта веданне.

Калі я і іншыя беларускія апазіцыянеры знаходзіліся ў турме КДБ, іншых турмах, у нас атрымалася пагутарыць з многімі лідарамі лукашэнкаўскай групоўкі. І з былым старшынёй КДБ Зайцавым, і з цяперашнім міністрам унутраных справаў Шуневічам, і са службай бяспекі Лукашэнкі, якой у той час кіраваў Уцюрын. Мы ведаем, што ў катаваннях над лідарамі апазіцыі, кандыдатамі ў прэзідэнты, кіраўнікамі іхніх штабоў, журналістамі, жанчынамі, удзельнічалі супрацоўнікі службы бяспекі Лукашэнкі. Гэта інфармацыя ад сілавікоў, якія сядзелі разам з намі. Яшчэ адзін факт, які гэта пацвярджае – нататка шэф-рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Дынько, які сядзеў на Акрэсціна пасля Плошчы 2006 года, і да іх у камеру прыйшоў кіраўнік асабістай аховы Лукашэнкі. І Уцюрына проста раздзірала ад злосці да людзей, якія размаўлялі на беларускай мове.

– Лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч таксама апавядаў, што Уцюрын прыходзіў да яго ў 2010 годзе ў СІЗА КДБ.

– Так, Мікола таксама пра гэта казаў. Гэтыя самыя людзі, і Уцюрын – Статкевічу, і Шуневіч – нам, казалі, што ў іх ёсць сур'ёзныя сувязі ў адміністрацыі Лукашэнкі. Адміністрацыяй Лукашэнкі ў той час кіраваў даволі вядомы «ліберал» Макей. Таму там няма нерасейскіх агентаў. Мы бачым Шуневіча, які ў форме НКУС пакланяецца царскаму гарадавому. Гэта для яго кумір і ідэал у ягонай дзейнасці.

У 2011 годзе кіраўнік турмы Арлоў захлынаючыся апавядаў пра Пуціна. Было відаць, што для гэтага невялікага, нягеглага чалавечка Пуцін – ягоны герой. У аператыўнікаў, якія нас дапытвалі, героямі былі Калчак, Дзянікін, Іван Жахлівы, Пётр Першы. Яны абсалютна не ведалі беларускай гісторыі. У мяне было такое адчуванне, што гэта нейкія мутанты. Бо гэта не савецкія людзі, але і не беларусы. Яны казалі пра Пуціна, міфічных і неміфічных расейскіх герояў і грошы – гэта ўсё, што іх цікавіць.

Яшчэ адзін момант. Мы ж сядзелі таксама з сілавікамі: супрацоўнікамі МУС, ДАІ, ГУБАЗіК, АБЭЗ, Дэпартамента фінансавых расследаванняў, КДБ, памежнікамі, мытнікамі, былымі супрацоўнікамі дэпартамента выканання пакаранняў. І вось для ўсіх сілавікоў Лукашэнкі, з якімі мы сядзелі, было агульным тое, што яны не ведалі беларускай гісторыі, героем для іх быў Пуцін, яны глядзяць расейскія фільмы, ведаюць толькі расейскіх аўтараў. У сутнасці – яны не беларусы. Вялікая рэдкасць, калі там ёсць беларусы, якія ведаюць сваю гісторыю і мову.

– Выходзіць, калі б Лукашэнка змагаўся з расейскай змовай, то яму давялося б перасаджаць усе вярхі сваіх сілавых структураў?

– Гэта ўсё роўна неразвязальная задача, бо ідзе барацьба кланаў. Лукашэнка не змагаецца з расейскімі спецслужбамі. Так, ён разумее пагрозу з іхняга боку, але там існуюць кланы і групоўкі. Чаму яны ёсць? Таму што яны страхуюць розныя аб'екты. Нехта страхуе «Беларускалій», пастаўку тавараў, тэхнікі, нехта страхуе МТЗ, нехта бізнэсмэнаў з атачэння Лукашэнкі. У сілу гэтага «дахавання» існуюць розныя групоўкі. Перыядычна Лукашэнка іх нацкоўвае, рукамі аднаго клана прыбірае другі, але цяпер усё падобна на тое, што за Уцюрыным стаіць Расея. Падобна на тое, у Пуціна няма іншага выйсця, як прыбраць Лукашэнку.

– А навошта яму цяпер прыбіраць Лукашэнку?

– Пуцін ведае рэальны стан справаў у Беларусі. А ён такі: 80% беларусаў ненавідзяць Лукашэнку і вельмі хочуць зменаў. Калі ён вылучыць сваю кандыдатуру на сёмы тэрмін, то гэта прывядзе да сацыяльнага выбуху, які Крэмль кантраляваць не зможа.

Пуцін ведае, што ў беларусаў моцныя праеўрапейскія настроі. Заўсёды 30% беларусаў галасавалі за прадстаўнікоў нацыянальна-дэмакратычных сілаў, у розныя часы ад 30 да 60% выступалі за ўступленне Беларусі ў Еўразвяз. У беларускай эліты вельмі вялікія сімпатыі да ўкраінцаў, таму што ўкраінцы для нашай эліты сталі прыкладам таго, як бараніць сваю незалежнасць. І Пуцін разумее, што калі Лукашэнка пойдзе на сёмы тэрмін, то гэта скончыцца вялікім бунтам. Гэта 100%.

Плюс беларускі дыктатар старэе, ён неадэкватны, гэта відаць з ягоных дзеянняў, ён неаднаразова «кідаў» Пуціна ў розных фінансавых схемах, а Расея цяпер сама ў цяжкім становішчы. Праз Беларусь ідзе кантрабандны гандаль з Захадам і Украінай. Неадэкватны Лукашэнка, які крадзе пры кожнай магчымасці, Пуціна задаволіць не можа.

– Відавочна, што беларуская апазіцыя будзе супрацьстаяць магчымаму сцэнару Крамля. Але ж сярод беларускай наменклатуры і сілавых структураў ёсць патрыёты. Што Вы ім рэкамендуеце?

– Якраз сярод чыноўнікаў больш патрыётаў, чым у сілавых структурах. Там шмат адукаваных людзей, гэта больш разумныя людзі, вымушаныя больш камунікаваць з людзьмі, чым сілавікі, якія бачаць усё праз дубінку, прыцэл або кайданкі. Чыноўнікі, асабліва ў Заходняй Беларусі альбо ў памежжы з Літвой, Латвіяй і Украінай, ездзяць у гэтыя краіны, удзельнічаюць у двухбаковых праектах, ведаюць, як там жывуць людзі. Яны ведаюць гісторыю, разумеюць, што чыноўнікам няма чаго баяцца пры змене рэжыму. Гэтыя людзі добра арганізаваныя, у іх ёсць сувязі, і калі адбываюцца змены, як у краінах Усходняй Еўропы, яны нармальна сябе адчуваюць. Яны ведаюць, што не варта моцна «закопвацца». Гэта першая рэч.

Па-другое, менавіта чыноўнікі з'яўляюцца асноўным аб'ектам рэпрэсій і здзекаў з боку сілавікоў. Сілавікі таксама трапляюць пад гэтую машыну, але ў асноўным пакутуюць чыноўнікі. Да іх я адношу і дырэктарат прадпрыемстваў, акцыянерных таварыстваў, бо яны з'яўляюцца дзяржаўнымі. Таму чыноўнікі таксама хацелі б змены сітуацыі ў Беларусі, таму што ведаюць, што ад гэтага атрымаюць выгоду.

– Што ж ім рабіць?

– Я не хацеў бы рабіць нейкіх заклікаў. Мне здаецца, што беларускасць і прыстойнасць могуць прысутнічаць ва ўсіх пластах грамадства, нават сярод сілавікоў і вайскоўцаў. Безумоўна, ёсць cвае адрозненні паміж пластамі грамадства, але патрыёты ёсць усюды.

Сёння беларусам трэба проста ўбачыць, што сітуацыя для нас даволі добрая з гледзішча маркетынгу. Большасць беларусаў ненавідзяць Лукашэнку, а рэжым сябе зжыў. Новае пакаленне хоча жыць, як іх аднагодкі ў Еўразвязе.

Таксама мы ведаем гісторыю, мы ж частка нашай агульнай вялікай дзяржавы Літва, а потым Рэч Паспалітая. Тыя краіны, якія ўваходзілі ў Рэч Паспалітую, Літва, Латвія, Польшча – ужо ў ЕЗ, Украіна туды імкнецца. А што Беларусь? Яна не будзе ў Еўропе? Гэта немагчыма.

– Апошнім часам вельмі часта можна пачуць, што сітуацыя ў Беларусі нагадвае позні СССР, што ў Беларусі пачалася перабудова. Перамены неўнікнёныя?

– Перамены неўнікнёныя, але яны заўсёды залежаць ад актыўнасці тых людзей, якія жывуць у гэты час, ад іх дзеянняў, усведамлення іх суб'ектнасці. Сітуацыя ў Беларусі падобная на агонію СССР. Сёння Лукашэнку і ягоную кліку ненавідзяць больш, чым камуністаў у часы перабудовы.

Кажуць, што Лукашэнка мудры, у яго ёсць стратэгія. А якая была стратэгія? Было імкненне трапіць у Крэмль, быў «славянскі хаўрус» – гэта ягоныя шчырыя пачуцці і перакананні. У апошні час сталі казаць (пра гэта кажуць выцечкі з спецслужбаў), што «мы, людзі ўлады, павінны балансаваць, прайсці паміж Сцылай і Харыбдай, нацыяналістамі і расейцамі».

Я сказаў бы, што гэта не стратэгія, а целяпанне пэўнай субстанцыі ў палонцы – калі вы і ні з расейцамі, і ні з Еўропай, і ні са сваім народам. Стратэгіі «целяпання» прыйшоў канец. Дзеянні Уцюрына, гэтая змова – усё кветачкі. У Пуціна няма іншага выйсця на самай справе, ён агучыў свае мэты: раздаюцца пашпарты жыхарам «ДНР» і «ЛНР», плюс у Крыме. Гэта ўжо зроблена. Плюс ён хоча агульнай дзяржавы з Украінай. Чаму ён пра гэта крычыць? Расейскія бабы нараджаць перасталі, а, напэўна, палова Сярэдняй Азіі хацела б пераехаць у Маскву і Санкт-Пецярбург. А я думаю, што пятая частка ўжо пераехала. Гэта нібыта нядрэнна, бо Расея мае патрэбу ў працоўных руках, але калі так будзе прадаўжацца, то давядзецца мяняць рэлігію на іслам. А да гэтага пакуль не гатовыя.

Значыць, што ў гэтую імперыю трэба знайсці новых рабоў і закрыць інтэрнэт, каб ніхто не ведаў, што адбываецца ў вонкавым свеце. Набраць новых праваслаўных рабоў з Украіны, Беларусі, адключыць інфармацыю пра ўвесь свет і закрыць мяжу. Бо рэжым Пуціна таксама архаічны і сыплецца.

Вось стратэгія Пуціна, яму тэрмінова патрэбныя новыя падданыя. І рэч нават не ў «Саюзнай дзяржаве», яна можа быць толькі прынадай, бо ад брэнду Расейскай імперыі ніхто не адмовіцца дзеля чагосьці незразумелага. Гэта толькі спроба задурыць галаву на перыяд актыўных аперацый.

– Што павінен рабіць Захад у гэтай сітуацыі?

– Сённяшняя палітыка Захаду замілоўвае. Напрошваецца пытанне: што было б, калі б няўдалы «асасін» Уцюрын рэалізаваў свой план і фізічна ліквідаваў «цёплага чалавека» Лукашэнку? Што рабіў бы Захад і Украіна ў гэтай сітуацыі? Дзе іхні інструментар? Бо Украіне таксама пагражае «паўночны балкон». У Расеі ёсць ваенныя базы, дзясяткі тэлеканалаў, гарадзенскія казакі, якія выраслі, як грыбы пасля дажджу, Sputnik і іншыя сайты ў Беларусі. Мне здаецца, што Захаду час паглядзець, што праблема беларускага рэжыму – гэта не толькі праблема беларускага народа, але і бяспекі ўсёй Еўропы.

Параўнанне з перабудовай – рэальнае. Якія былі планы ў савецкага генштаба ў тыя часы, якія былі планы ў ідэолагаў КПСС, колькі было войскаў! Мільённая армія ва Усходняй Нямеччыне, 200 тысячаў у Польшчы, Чэхаславакіі і Вугоршчыне. Але ўсё загінула, як карткавы домік. Таму што людзі не хочуць быць рабамі.

У беларусаў выбар такі: ці мы трапім пад расейскае ярмо, ці станем еўрапейцамі. Збольшага, гэта залежыць ад нас. Калі прачнецца народная сіла і самасвядомасць, то ніхто нічога зрабіць з гэтым не зможа. Акрамя тых лічбаў, якія я называў, у нас ёсць свае лідары: Cтаткевіч, Алексіевіч, Саннікаў, Пазняк, Някляеў, Севярынец. Гэта людзі, якія вядомыя ў свеце і сваім жыццём даказалі, што для іх Беларусь і каштоўнасці многае значаць.

Тое, што ўсё будзе развязвацца ў найбліжэйшы час – гэта факт, гэта неўнікнёна.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках