19 красавiка 2024, Пятніца, 22:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блакада Берліна: Чаму Сталіну давялося адступіць

14
Блакада Берліна: Чаму Сталіну давялося адступіць

70 гадоў таму, 12 траўня 1949 года, скончылася савецкая блакада Заходняга Берліна.

Жыхароў выратаваў небывалы ў гісторыі паветраны мост. Нямецкая хваля зазірнула ў дзённік абложанага горада.

Берлінскія блакаднікі? Магчыма, у некага гэтае словазлучэнне выкліча здзіўленне. Але берлінская блакада таксама была. І таксама ў час вайны. Праўда – "халоднай".

Зразумела, з блакадай ленінградскай сталінскую блакаду Заходняга Берліна 1948–1949 гадоў параўноўваць нельга. Страты, якія зазналі берлінцы, ні ў якое параўнанне не ідуць з тымі, што давялося вынесці жыхарам абложанага Ленінграда. Заходні Берлін ніхто не бамбаваў, яго не абстрэльвалі з дальнабойных гарматаў, людзі там не паміралі ад голаду, на ягоных вуліцах не ляжалі трупы замерзлых людзей... І ўсё ж блакада застаецца блакадай.

Паветраны мост

Амаль год Сталін і верныя яму ўсходненямецкія камуністы спрабавалі ўзяць Заходні Берлін зморам, прымусіць заходніх хаўруснікаў сысці адтуль, а берлінцаў – скарыцца лёсу і савецкім акупацыйным уладам. Амаль год практычна наглуха былі перакрытыя жалезныя і аўтамабільныя дарогі, што вялі ў заходнюю частку горада, амаль год усё неабходнае – ад прадуктаў харчавання да вугалю – дастаўлялася ў Заходні Берлін самалётамі. Амерыканцы, брытанцы і французы арганізавалі небывалы ў гісторыі паветраны мост. Кожныя дзве-тры хвіліны садзіліся і ўзляталі транспартныя самалёты. І Сталіну давялося адступіць.

Пра ўсё гэта ідзе гаворка, сярод іншага, у кнізе вядомага нямецкага гісторыка і публіцыста Фолькер Коопа (Volker Koop) "Дзённік берлінскай блакады". Гэта сапраўды дзённік: падрабязна, дзень за днём, аўтар апавядае пра будні абложанага горада. Вось некалькі прыкладаў.

Пятніца, 25 чэрвеня 1948 года

Савецкая ваенная камендатура забараніла ўсе пастаўкі вугалю ў заходнія сектары горада, на якім працуюць заходнеберлінскія электрастанцыі. Крыху пазней будуць забароненыя пастаўкі медыкаментаў у заходнеберлінскія лякарні. У аэрапорце Тэмпельхоф садзяцца першыя амерыканскія транспартныя самалёты з харчаваннем. Заходнія хаўруснікі абяцаюць: "Галадаць у горадзе не будзе ніхто".

Чацвер, 8 ліпеня

Праз два тыдні пасля пачатку блакады ў Заходнім Берліне ўведзеныя жорсткія нормы эканоміі электраэнэргіі. Спынены рух электрычак. Трамваі, тралейбусы і цягнікі метро ходзяць з 6-й гадзіны раніцы да 6-й вечару і з вельмі вялікімі інтэрваламі. У жылыя дамы электрычнасць падаецца толькі на дзве гадзіны раніцай і на дзве – увечары. Забароненае падсвятленне вітрынаў крамаў.

У свеце шырыцца рух салідарнасці з жыхарамі Заходняга Берліна. Швэдскія працоўныя, якім пасля вайны таксама жывецца не надта сытна, сабралі 15 тонаў аўсяных шматкоў, дваццаць мяшкоў цукру, 240 пакетаў сухога малака. З ЗША пачалі прыходзіць прыватныя прадуктовыя пасылкі.

Некалькі дзясяткаў тысячаў тонаў бульбы і вугалю нечакана прапанавалі паставіць Заходняму Берліну Чэхаславакія і Польшча – праўда, не ў якасці гуманітарнай дапамогі, а за цвёрдую валюту. Масква хутка спыніла сваіх сацыялістычных сяброў, якія не да канца разумеюць асаблівасці "цяперашняга моманту". Угода не адбылася. І больш з падобнымі ініцыятывамі "брацкія" сацкраіны да канца блакады не выступалі.

Субота, 21 жніўня

З неба Берліна ўпершыню падаюць на маленькіх парашуціках пліткі шакаладу, цукеркі, пакуначкі разынак... Гэтыя, як іх сталі называць, "Rosinenbomben" (што можна перавесці як "салодкія бомбы") – вынаходка аднаго з амерыканскіх лётчыкаў. У яго хутка знайшлося вельмі шмат пераймальнікаў. У берлінскіх дзяцей было пасля вайны не так шмат радасцяў. "Салодкія бомбы" – адна з іх.

Серада, 15 верасня

Восень у Берліне халодная. У заходняй частцы горада жывуць блізу 10 тысячаў дзяцей, пра якіх няма каму паклапаціцца пасля заканчэння заняткаў у школе: бацькі загінулі на фронце ці знаходзяцца ў палоне, маці працуюць. Магістрат Заходняга Берліна прымае пастанову адчыніць для іх трыста "ўцепленых групаў падоўжанага дня". Каштуе гэта гораду нятанна: трэба, напрыклад, набыць дадаткова блізу сотні печак. Тым не менш магістрат вылучае са свайго беднага бюджэту нават 50 тысячаў марак на тое, каб дзеці атрымлівалі ў гэтых групах падоўжанага дня гарачае харчаванне.

Пятніца, 25 лютага 1949 года

Нягледзячы на блакаду, толькі за адзін апошні месяц у Заходнім Берліне папрасілі прытулак дзве з паловай тысячы бежанцаў з савецкай зоны акупацыі. Гэта стварае сур'ёзныя праблемы для абложанага горада: дзе размесціць людзей, чым накарміць, ці адпраўляць на "вялікую зямлю", гэта значыць у Заходнюю Нямеччыну?

Панядзелак, 4 красавіка

У мэтах узмацнення барацьбы супраць "распальніцкага і раскольніцкага заходняга друку" Палітбюро ЦК САПН (Сацыялістычнай адзінай партыі Нямеччыны) забараніла вольны доступ да газетаў і часопісаў, якія выходзяць у Заходнім Берліне і Заходняй Нямеччыне. Нават у райкаме партыі, прафкаме і іншых арганізацыях іх дазваляюць чытаць толькі асабліва правераным таварышам. А пасля чытання перыёдыку спальваюць пад адмысловым кантролем.

Чацвер, 12 траўня

Ва Усходняй Нямеччыне знішчаюцца апошнія рэшткі дэмакратыі. Аднак задушыць яе ў заходняй частцы Берліна не атрымліваецца. Блакада відавочна стала неэфектыўнай не толькі з палітычнага, але і з эканамічнага гледзішча. Хоць жыхарам Заходняга Берліна нялёгка, але паветраны мост выконвае сваё прызначэнне: ніхто не памірае з голаду, у горадзе няма эпідэмій, а сякую-такую прадукцыю нават экспартуюць. На ёй стаіць ганарлівы надпіс: "Выраблена ў абложаным Берліне".

Урэшце Сталін вымушаны быў саступіць. У ноч на 12 траўня 1949 года блакада Заходняга Берліна была знятая. Аднак халодная вайна на доўгія дзесяцігоддзі стала вызначаць палітыку ў Еўропе і свеце. Галоўным палітычным вынікам берлінскай блакады стала аб'яднанне заходніх земляў і стварэнне Федэратыўнай Рэспублікі Германіі, а таксама наданне Заходняму Берліну аўтаномнага статусу. Акрамя таго, пад знакам берлінскай блакады і "паветранага моста" 4 красавіка 1949 года была прынятая пастанова аб стварэнні Паўночнаатлантычнага альянсу (NATO).

А Заходні Берлін прадаўжаў заставацца астраўным, фактычна абложаным горадам да лістапада 1989 года, калі ўпаў, нарэшце, мур, які падзяляў яго.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках