29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калі бензін і дызельнае паліва ў РБ падаражэюць на дзясяткі адсоткаў?

9
Калі бензін і дызельнае паліва ў РБ падаражэюць на дзясяткі адсоткаў?

Калі гэтага не зрабіць, беларускія АЗС проста збанкрутуюць.

Адна з актуальных тэмаў апошніх дзён – кошты на паліва на запраўках. Паспрабуем зразумець, што з імі будзе ў найбліжэйшай будучыні, піша banki24.by.

У канцы красавіка стала вядома, што кіраўнікі шасці прыватных сетак АЗС напісалі ліст віцэ-прэм'еру Ігару Ляшэнку. Паводле версіі партала tut.bу, прыватнікі папрасілі ва ўладаў «гарманізаваць узроўні аптовых і раздробных коштаў на нафтапрадукты».

Сярод падпісантаў ліста да Ляшэнкі былі такія сеткі АЗС, як Лукойл-Беларусь, РН-Захад, Юнайтэд Компані, Астатрэйдынг, Газпрамнафта-Белнафтапрадукт і Татбелнафтапрадукт.

Гэта не першы падобны дакумент: летась прыватнікі амаль тым самым складам агучвалі падобную просьбу. З названых кампаній справаздачнасць у адкрытым доступе публікуе толькі Астатрэйдынг (сетка заправак «А-100»).

Але ў і гэтага прадпрыемства пакуль няма даступнай справаздачы за 2018 год. Таму зразумець рэальнае становішча справаў на АЗС і высветліць, ці не хітруюць бізнэсы наконт сваіх фінансаў, амаль немагчыма. Пабочнаму назіральніку прапануецца верыць прыватнікам на слова.

Кіраўнікі прыватных сетак сцвярджаюць, што яны апынуліся ў вельмі складаным становішчы пасля сакавіцкага ўзняцця акцызаў на паліва і наступнага за ім павышэння аптовых коштаў.

Узровень раздробных коштаў на бензін і дызпаліва ў Беларусі задае канцэрн «Белнафтахім», які не дазволіў сеткам адразу павялічыць іх кошты на адсотак, адпаведны росту аптовых. Пакуль што прадстаўнікі Белнафтахіма выступаюць за прадаўжэнне практыкі «капейкавага павышэння» коштаў на запраўках.

Дзяржаўная сетка Беларуснафта ўключае ў сябе 570 заправак, якія ўяўляюць з сябе 65% ад агульнай колькасці АЗС ва ўсёй Беларусі. Зразумела, што ў Беларуснафце ніякіх петыцый да Ляшэнкі не падпісвалі.

Маючы на руках такі актыў, як Беларуснафта, дзяржава можа сабе дазволіць стрымліваць кошты на паліва. Калі дазволіць прыватнікам вызначаць кошты на сваё меркаванне, попыт хутка пераарыентуецца на запраўкі Беларуснафты. У канцы 2019 года адбудуцца выбары ў парламент, а ў 2020-м – і прэзідэнцкія. З улікам таго, што бензін і дызпаліва фактычна абвешчаныя сацыяльнымі таварамі, ніякіх скокаў коштаў не павінна быць яшчэ некалькі кварталаў запар.

Мабыць, у адказ на вясновы ліст прыватнікі атрымаюць з Саўміна ветлівую адпіску.

А што будзе з коштамі на запраўках пасля выбараў?

Кошты на АЗС будзе вызначаць падатковы манеўр у Расеі і адставанне коштаў на бензін і дызпаліва ад узроўню суседзяў і ўзроўню 2014 года.

У 2014 годзе раздробныя кошты на паліва ў Беларусі вагаліся блізу 0,9–1 USD за літр. У сакавіку 2019-га сярэдні кошт на бензін і дызпаліва склаў 0,72 USD і 0,74 USD адпаведна.

У траўні 2018 года старшыня Белнафтахіма казаў, што «пры 80 USD за бараль парытэтны кошт ва ўмовах нашага ўнутранага рынку на бензін 92-і і 95-ы будзе ўкладвацца ў дыяпазон ад 80 да 85 цэнтаў за літр».

Аднак на той момант яшчэ не пачаўся апошні этап падатковага манеўру ў РФ. У рамках манеўру кожны год кошт нафты для Беларусі будзе расці, пакуль да 2024 года не зраўняецца з сусветным.

Таму на сярэднетэрміновую перспектыву варта арыентавацца на кошты найбліжэйшага да нас украінскага рынку. Там на пачатку 2019 года бензін і дызпаліва прадаваліся за 0,9–0,93 EUR за літр.

Іншымі словамі, за наступныя некалькі гадоў раздробныя кошты на паліва ў Беларусі амаль напэўна паднімуцца на дзясяткі адсоткаў. Калі гэтага не зрабіць, беларускія АЗС проста збанкрутуюць, гандлюючы сабе ў мінус.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках