28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі ўжо набліжаныя сілавікі здаюць правадыра»

50
«Калі ўжо набліжаныя сілавікі здаюць правадыра»

З самой сістэмай нешта не так.

Праз тры тыдні пасля затрымання экс-намесніка кіраўніка Рады бяспекі Андрэя Уцюрына Аляксандр Лукашэнка выступіў з публічнымі заявамі пра гучны скандал.

Высветлілася, што Андрэй Уцюрын трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ да пераводу ў Раду бяспекі, піша «Салiдарнасць».

– Літаральна праз некалькі месяцаў мне даклалі пра тое, што да яго ёсць пытанні, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Таму гэта не мае ніякага дачынення да таго, што ён нібыта быў ледзь не агентам амбасадара Расеі. Калі б ён быў агентам замежнага амбасадара, праз суткі ўжо ведалі б пра гэта.

Дыктатар нагадаў, што Уцюрына ўзялі з доказамі злачынства: «150 тысячаў даляраў яму чарговы раз прывезлі расейцы».

Паводле словаў кіраўніка, блізу паўтара-двух гадоў былы кіраўнік Рады бяспекі знаходзіўся пад кантролем спецслужбаў, у якіх было шмат фактаў пра ягоную супрацьпраўную дзейнасць.

Як людзі, на якіх ёсць сур'ёзны кампрамат, прызначаюцца на высокія пасады?

– Логіка вельмі дзіўная. Ён жа ўсе найважнейшыя дзяржаўныя таямніцы мог шмат разоў прадаць! – звяртае ўвагу палітолаг Валер Карбалевіч у калонцы на «Радыё Свабода».

Палітычны аглядальнік нагадаў, што гэта не першы падобны выпадак і прывёў у прыклад затрыманне 30 траўня летась пры атрыманні хабару інспектара Гарадзенскай вобласці, памочніка кіраўніка Сяргея Раўнейкі.

– Лукашэнка тады казаў, што ён «трапіў у поле зроку» праваахоўных органаў больш чым за паўтара года да таго, – заўважыў эксперт. – То-бок гэта не асобны выпадак, а цэлая сістэма. Людзі, на якіх ёсць вялікі кампрамат, прызначаюцца на высокія пасады.

На думку Карбалевіча, гэта робіцца не таму, што ў кадравым рэзерве не засталося прыстойных людзей.

– Чалавек з кампраматам знаходзіцца на кручку. Ён больш палітычна лаяльны, паслухмяны, адданы, ён выканае любы загад, нават незаконны, у яго няма выйсця. Гэта асабліва важна для людзей у пагонах. У выпадку нейкіх хваляванняў яны будуць абараняць Лукашэнку да канца.

Эксперт не адкідвае версію пра расейскі след, адзначаючы, што хабар даваў прадстаўнік расейскай кампаніі.

З гэтай нагоды выказаўся таксама на сайце Naviny.by палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

– Зразумела, што Лукашэнку ў прынцыпе невыгодныя версіі пра агентуру Масквы і тым больш змову ў сваім асяроддзі. Вертыкаль і простыя людзі могуць падумаць: калі ўжо набліжаныя сілавікі здаюць правадыра і плятуць такія сеткі, то гасі святло, уся сістэма прагніла.

Ён звярнуў увагу на дэталь: Рада бяспекі не павінна займацца камерцыяй.

– І калі чыноўнік гэтай структуры здольны прасоўваць нечыя камерцыйныя інтарэсы, значыць, з самой сістэмай нешта не так.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках