25 красавiка 2024, Чацвер, 9:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сербскія сябры Лукашэнкі маюць у Менску рэкордныя прыбыткі

9
Сербскія сябры Лукашэнкі маюць у Менску рэкордныя прыбыткі
Фота: onliner.by

Паводле прыбытку забудоўнікі «Маяк Менска» і «Менск Свету» амаль здагналі «Еўрагандаль».

Чысты прыбытак беларускіх кампаній холдынгу Astra Group, кантраляванага сербскімі мільянерамі Драгамірам і Багалюбам Карычамі, якіх часта называюць сябрамі Лукашэнкі, у мінулым годзе перавысіў 50 млн даляраў, паведамляе «Ежедневник».

Паводле справаздач кампаній «Замэкс Інвэстмэнт» і «Дана Астра», іх сукупная чысты прыбытак у 2018 годзе перавысіў 115 млн рублёў (блізу 55 млн даляраў). У параўнанні з 2017 годам ён вырас на рэкордныя 60%.

З гэтым паказчыкам браты Карычы не толькі самыя паспяховыя дэвэлаперы Беларусі, але і ўладальнікі аднаго з самых прыбытковых бізнэсаў у нацыянальным маштабе.

Сярод прыватных кампаній, якія апублікавалі свае фінансавыя паказчыкі за 2018 год, больш за «Замэкс Інвэстмэнт» і «Дана Астра» зарабіў толькі найбуйнейшы рэтэйлер краіны - «Еўрагандаль». Яго чысты прыбытак, скарэктаваны на велічыню страт паводле курсавой розніцы, у 2018 годзе склаў 136,88 млн рублёў (рост на 20,9%).

У дзяржсектары больш за братоў Карычаў у мінулым годзе зарабілі кампаніі, якія належаць урадам Беларусі і Расеі - «Беларуськалій» і «Газпрам трансгаз Беларусь». Чысты прыбытак «Беларуськалія» склаў819, 582 млн рублёў, дочкі «Газпрама» - 602, 440 млн рублёў.

Нагадаем, што прадстаўнікі адной з самых уплывовых сямей постсацыялістычнай Сербіі з'явіліся на беларускіх прасторах у 2008 годзе і за дзесяць гадоў сталі найбуйнейшымі інвестарамі ў мясцовы рынак нерухомасці.

Цягам 2009-2012 гадоў беларускія «дочкі» дэвэлапэрскага холдынгу Карычаў Dana Holdings пабудавалі дамы «Моцарт», «Бетховэн» і «Шапэн» і атрымалі надзелы пад забудову некалькіх буйных жылых комплексаў на чале з «Маяком Менска». У 2015 годзе Dana Holdings замяніла расейскую «Ітэру» на засваенні тэрыторыі былых аэрапорта «Менск» і Менскага авіярамонтнага завода №407.

Усяго за час дзейнасці ў Беларусі намаганнямі Dana Holdings было пабудавана і прададзена 1 274 за 700 кв. метраў у 7 жылых комплексах і дамах. Таксама ўведзеныя ў эксплуатацыю адзін з найбуйнейшых у краіне гандлёвых цэнтраў Dana Mall (120 тысяч кв м. агульнай плошчы) і бізнэс-цэнтр Dana Center.

Цяпер кампаніі холдынгу будуюць і прадаюць квадраты жылога квартала «Менск Свет». Цягам 2015-2027 гадоў у яго рамках плануецца пабудаваць 3 млн кв метраў. Яшчэ 300 тысяч кв метраў да 2020 года будуць пабудаваныя ў рамках праектаў Vogue і «Парк Чалюскінцаў».

У 2016 годзе Драгамір і Багалюб Карычы атрымалі права пабудаваць на месцы былога будынка музея Вялікай Айчыннай вайны бізнэс-цэнтр «Капітал Цэнтр». Ён павінен з'явіцца ў цэнтры Менска да 2020 года.

Сербскія бізнэсоўцы даўно вядомыя і сяброўскімі сувязямі з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле паведамлення сербскіх СМІ, на запрашэнне Карычаў беларускі дыктатар у сакавіку 2009 года пабываў на самым папулярным сербскім гарналыжным курорце Капаонік. Карычы ўважаюцца за адных з самых уплывовых бізнэсоўцаў Сербіі ў часы кіравання Слабадана Мілошавіча.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках