20 красавiка 2024, Субота, 0:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Foreign Policy» пра невыпадковыя супадзенні ў Беларусі

17
«Foreign Policy» пра невыпадковыя супадзенні ў Беларусі

Звальненне Бабіча, арышты высокапастаўленых чыноўнікаў, забруджванне нафты - падзеі, якія супалі невыпадкова.

Пасля некалькіх месяцаў канфліктаў прэзідэнт Расеі адклікаў свайго амбасадара ў Беларусі. На пасадзе пасла Міхаіл Бабіч, былы афіцэр КДБ, дазваляў сабе рабіць заявы, якія раздражнялі Аляксандра Лукашэнку. МЗС Беларусі абвінаваціла дыпламата ў тым, што ён ставіцца да Беларусі як да рэгіёну Расеі, а не як да незалежнай дзяржавы.

Прызначэнне Бабіча, якога ўважаюць за прызначэнца Пуціна, было ўспрынятае як злавесны сігнал для Беларусі. Па меры набліжэння 2024 года, калі ў Пуціна заканчваецца апошні прэзідэнцкі тэрмін, сталі ўсё часцей гаварыць, што Беларусь можа стаць ключавым элементам ягоных планаў на будучыню. Пачынаючы са снежня мінулага года расейскае кіраўніцтва раптам стала праяўляць цікавасць да забытай дамовы, якую дзве краіны падпісалі ў 1999 годзе і паводле якой мяркуецца стварыць саюзную дзяржаву з адзіным супольным кіраўніцтвам. Гэта пагадненне можа дазволіць Пуціну застацца ва ўладзе ў дзяржаве-тандэме і не ламаць расейскую Канстытуцыю.

«Foreign Policy» абмеркаваў гэтую сітуацыю з Андрэем Саннікавым, каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». У 2010 годзе ён быў апанентам Лукашэнкі на выбарах, затым правёў 16 месяцаў у зняволенні паводле палітычных, як мяркуецца, абвінавачванняў. Цяпер ён жыве ў выгнанні ў Варшаве.

- Як вы думаеце, ці пагодзіцца Лукашэнка ўступіць у саюз, бо гэта будзе азначаць для яго страту ўлады?

- Усё магчыма, гэта ж яго дзецішча. Калі б не Лукашэнка, не было б такіх стасункаў з Расеяй і не было б такіх пагадненняў. Вы, магчыма, памятаеце, чаму гэтыя дамовы былі падпісаныя. У той час Лукашэнка сам прэтэндаваў на месца прэзідэнта Саюзнай дзяржавы.

Лукашэнка пачаў сваё кіраванне са знішчэння беларускай ідэнтычнасці і прадаўжае ў тым жа духу. Знішчаючы нашу мову, культуру, гісторыю, ён па частках прадае Беларусь Расеі. У нейкі момант ён апынецца ў бязвыхадным становішчы і можа пайсці на ўгоду з Пуціным. Ён ніколі не будзе бараніць незалежнасць Беларусі. Яна для яго не існуе. Абараняць свой рэжым - так. Сваю асабістую ўладу - так, але ніяк не краіну.

- А як, па-вашаму, павінен Захад ставіцца да Беларусі, да Лукашэнкі?

- Захад павінен зразумець, наколькі важная Беларусь з пункту гледжання бяспекі. Нават не абароны правоў чалавека, не дэмакратыі, а бяспекі. Вайсковага вымярэння бяспекі. Захад проста павінен прызнаць, наколькі важныя працэсы, што адбываюцца ў нашым рэгіёне. Нельга разглядаць Лукашэнку за «меншае зло» і выкарыстоўваць яго супраць Пуціна. Зло яно і ёсць зло. І са злом трэба змагацца, абараняючы прынцыпы, свае ж прынцыпы і каштоўнасці, і дапамагаючы Украіне. А без незалежнай Беларусі Украіна будзе заставацца ўразлівай.

- Лукашэнка нервуецца?

- Безумоўна. Паказальная ў гэтым плане беспрэцэдэнтная крытыка Бабіча беларускім МЗС. Гэта ж было са згоды, нават на загад Лукашэнкі.

- Паведамляюць, што Бабіча адклікалі.

- Магчыма, Пуцін не жадае далей публічна канфліктаваць. У кожным выпадку, яго планаў гэта не мяняе. А ў яго адназначна ёсць планы ў дачыненні да Беларусі.

- Яны не хочуць выносіць канфлікт на публіку таму, што да 2024 года яшчэ далёка, і да таго часу яны змогуць знайсці лепшы спосаб для развязання праблемы падаўжэння паўнамоцтваў Пуціна?

- Магчыма. Што да Беларусі ў яго ёсць некалькі варыянтаў, і зусім не тэарэтычных, а выпрабаваных, пачынаючы з Грузіі. Анэксія грузінскіх зямель, Украіна, Крым. Украінцы кажуць аб тым, што Расея рыхтуе новую агрэсію.

- А як ставіліся да Бабіча, калі яго прызначылі летась? Яго ж уважаюць за даручэнца Пуціна.

- Так, вядома. А яшчэ ён вядомы тым, што з ім не хацелі мець справу. У пачатку сваёй кар'еры ён працаваў з Ахматам Кадыравым (былы кіраўнік Чачэніі), які быў ім незадаволены і прасіў Пуціна замяніць Бабіча. Хацелі прызначыць яго амбасадарам ва Украіну, але украінцы не пагадзіліся, і яго накіравалі ў Беларусь.

Я думаю, невыпадкова супалі некаторыя нядаўнія значныя падзеі. Звальненне Бабіча, арышты высокапастаўленых чыноўнікаў (у канцы красавіка быў арыштаваны былы кіраўнік службы бяспекі Лукашэнкі), забруджванне нафты, якая пастаўляецца ў Польшчу, Украіну і Еўропу. Нешта рыхтуецца. Думаю, за сітуацыяй варта пільна назіраць. Дзмітрый Мезенцаў (новы пасол Расеі ў Беларусі) з'яўляецца спецыялістам у інфармацыйных тэхналогіях. У Расеі спецыяліст інфармацыйных тэхналогій азначае спецыяліст у дэзінфармацыі і прапагандзе. Таму я мяркую, што абодва паслы – два складнікі аднаго плана.

- А як працуе расейская дэзінфармацыя ў Беларусі?

- Расейскія медыя дамінуюць у інфармацыйнай прасторы Беларусі. Лукашэнкаўская прапаганда і агулам тэлевізія - нізкай якасці, і людзі глядзяць расейскія праграмы. Вось чаму больш за 60% беларусаў падтрымліваюць анэксію Крыма. Расеі лёгка працаваць у Беларусі. У выраб і распаўсюд дэзінфармацыі Расея ўкладвае мільярды даляраў. Уразлівасць Беларусі перад гэтай плынню відавочная. Небяспека сітуацыі ў тым, што беларусы не бачаць выйсця: яны ненавідзяць Лукашэнку, аддаюць перавагу Пуціну; пры гэтым ролі Захаду наогул не відаць, а апазіцыя не мае доступу да масавых медый.

- Як да Лукашэнкі ставяцца ў Беларусі?

- У Беларусі яго ненавідзяць. У Беларусі Пуцін больш папулярны, чым Лукашэнка. Гэта небяспечная сітуацыя, бо, калі яны захочуць арганізаваць нешта накшталт рэферэндуму і параўнаць гэтых двух кіраўнікоў, двух дыктатараў, Пуцін выперадзіць Лукашэнку. Сістэма ў Беларусі - гэта сам Лукашэнка. У Расеі крыху больш складана. У Расеі, на мой погляд, пэўная частка людзей падтрымлівае сістэму, якую стварае Пуцін. У Беларусі справы ідуць па-іншаму. У Беларусі да сістэмы ставяцца і са страхам, і са смехам. Людзі смяюцца з Лукашэнкі, але дзесьці і баяцца, што іх стаўленне стане вядомае ўладам.

- Ці думаеце вы зноў вылучыць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах?

- Калі ў нас будуць выбары.

- Вы маеце на ўвазе справядлівыя выбары?

- Вядома, і ў гэтым Захад можа нам дапамагчы: дамагчыся свабодных і справядлівых выбараў. Змены ў нашым рэгіёне адбываліся там, дзе захаваўся інстытут выбараў - Арменія, Украіна і г. д. у Расеі і Беларусі гэты інстытут быў знішчаны. У ідэале стратэгія Захаду павінна пераследваць мэту дапамагчы нам арганізаваць свабодныя выбары.

- А заходнія інстытуты дапамагаюць вам у вашай дзейнасці?

- Не. Нас пазбавілі дапамогі з дзвюх прычын. Першая: адбыліся падзеі ва Украіне, і на яе пераключылася і ўвага, і рэсурсы. Гэта зразумела, але невытлумачальна, бо трэба спрабаваць разглядаць праблемы ўсяго рэгіёну, а не проста рэагаваць на падзеі ў гэтым рэгіёне. Другая: Еўропа памяняла сваё стаўленне да рэжыму Лукашэнкі, скасавала санкцыі. Ігнаруючы парушэнні правоў чалавека, еўрапейцы ўважаюць за лепшае мець справу з рэжымам Лукашэнкі, з падстаўнымі няўрадавымі арганізацыямі і з фэйкавымі палітыкамі. Я кажу пра тое, што дапамогу не атрымліваюць вельмі патрэбныя грамадству сегменты, такія як палітычная апазіцыя, незалежная прэса, незалежныя прафзвязы, праваабаронцы, грамадзянская супольнасць.

Эмі Макінан, «Foreign Policy»

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках