20 красавiка 2024, Субота, 5:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На працу ў Нямеччыну: У краіне мяняюць міграцыйнае заканадаўства

11
На працу ў Нямеччыну: У краіне мяняюць міграцыйнае заканадаўства

У цяперашні момант у Нямеччыне не хапае 1,2 мільёна спецыялістаў.

Жыць і працаваць у ФРГ, не з’яўляючыся грамадзянінам адной з дзяржаваў - чальцоў ЕЗ, даволі складана. Але Нямеччыне не хапае працоўных рук, таму ў краіне мяняюць міграцыйнае заканадаўства, піша dw.com.

У Нямеччыне жывуць амаль 11 млн чалавек, якія не маюць нямецкіх пашпартоў. Кожны год больш за 100 000 замежнікаў праходзяць працэдуру атрымання нямецкага грамадзянства. Нягледзячы на гэта, ФРГ за апошнія дзесяцігоддзі не ўважала сябе краінай імігрантаў. Але сітуацыя павінна змяніцца. З прыняццем закона пра міграцыю кваліфікаванай працоўнай сілы працэдура ўезду ў Нямеччыну спецыялістаў з краінаў, якія не ўваходзяць у ЕЗ, павінна быць спрошчаная.

Пра што спрачаюцца дэпутаты бундэстага

На мінулым тыдні дэпутаты бундэстага ўпершыню правялі дэбаты пра закон. У ім ідзе гаворка пра тое, што спецыялісты з краінаў, якія не ўваходзяць у ЕЗ, могуць працаваць у Нямеччыне, калі маюць працоўную дамову і прызнаную кваліфікацыю. Абмежаванні, якія тычацца асобных прафесій, а таксама правіла, згодна з якім нямецкія грамадзяне або грамадзяне ЕЗ маюць прыярытэт у атрыманні працоўнага месца, павінны быць скасаваныя. Але на рэгіянальным узроўні гэтае правіла ўсё адно можа быць уведзенае.

Таму, хто мае высокую кваліфікацыю і добра гаворыць па-нямецку, будзе дазволена пражываць у Нямеччыне без працоўнай дамовы цягам паўгода - для таго, каб знайсці сабе працу. Да цяперашняга моманту такая магчымасць была толькі ў асобаў з вышэйшай адукацыяй. Але той, хто шукае працу, павінен сам сябе фінансава забяспечыць. Сацыяльных выплатаў дзяржава ў гэтым выпадку не дае.

Міністр унутраных справаў ФРГ Хорст Зеехофер назваў змены ў заканадаўства пераходам да сучаснай міграцыйнай палітыцы. Новы закон вызначыць дакладныя крытэры таго, хто і пры якіх умовах можа ўязджаць у краіну і заставацца ў ёй. Пры гэтым Нямеччына не страціць кантроль над мігрантамі. «З дапамогай гэтага закона мы створым умовы для таго, каб спецыялісты, у якіх тэрмінова мае патрэбу наша эканоміка, спарадкавана і кантралявана прыбывалі ў краіну», - заявіў Зеехофер.

Усё больш працоўных месцаў застаюцца не занятымі

У цяперашні момант у Нямеччыне не хапае 1,2 млн спецыялістаў. Дэфіцыт працоўнай сілы існуе ў будаўнічай галіне і ў сферы медыцынскага абслугоўвання, напрыклад, гэта тычыцца догляду за хворымі і пажылымі людзьмі. «Той, хто ў Берліне спрабаваў узяць на працу спецыяліста працоўнай прафесіі, ведае, як палепшылася б сітуацыя, калі б у нас было больш спецыялістаў», - адзначыў у ходзе дэбатаў у бундэстагу федэральны міністр працы Хубертус Хайль.

Сярод дэпутатаў бундэстага, якія крытыкуюць будучы міграцыйны закон, прадстаўнікі правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (АДН), а таксама партыі Звяз-90 / «зялёныя» і Левай партыі. «Што мы тут бачым? Зняць абмежаванні для прафесій, дзе назіраецца дэфіцыт кадраў? Гэта значыць усё роўна, ці патрэбныя нам увогуле гэтыя людзі. Самае галоўнае - міграцыя людзей іншай культуры», - кажа Готфрыд Курыа з АДГ.

Дэпутат ад партыі «левых» Сузанна Фершл крытыкуе ў прапанаваным законапраекце тое, што ўрад абслугоўвае ў першую чаргу эканамічныя інтарэсы, замест таго каб думаць пра добрую працу для ўсіх. Спецыялісты з трэціх краінаў, на яе думку, зазнаюць ціск, бо «той, хто наракае, той страчвае працу».

Шанцы для тых, хто не атрымае прытулак

Адным з новаўвядзенняў прапанаванага законапраекта з'яўляецца магчымасць для тых мігрантаў, якія не атрымалі прытулак, але пакуль не могуць быць высланыя ў свае краіны, здабыць легальны статус у ФРГ. Асноўнай умовай для яго атрымання з'яўляецца праца 35 гадзінаў на тыдзень цягам паўтара года, якая дазваляе самастойна сябе забяспечваць. Акрамя таго, тут важныя веды нямецкай мовы і адсутнасць судзімасці.

Менавіта гэтае становішча, якое дазваляе спашукальнікам прытулку стаць легальнымі мігрантамі, не ўхваляюць кансерватары з ХДЗ / ХСЗ. Хорст Зеехофер падчас дэбатаў у бундэстагу падкрэсліў, што нельга гуляць з працэсам атрымання прытулку. Сацыял-дэмакраты, партнёры ХДЗ / ХСЗ у кіроўнай кааліцыі, бачаць сітуацыю інакш. «У нас ёсць людзі, якія вельмі спатрэбяцца нашай эканоміцы», - указаў міністр працы Хайль, які прэзентуе СДПГ.

Наконт правілаў міграцыі працоўнай сілы ў ФРГ чальцы кіроўнай кааліцыі пасля доўгіх дэбатаў дамовіліся яшчэ ў снежні 2018 года. У бундэстагу законапраект пакуль абмяркоўваецца ў першым чытанні. Ягонае прыняцце тармозяць кансерватары з ХДЗ / ХСЗ, якія мяркуюць, што гэты закон неабходна разглядаць супольна з іншым - якія рэгулююць працэдуру дэпартацыі замежных грамадзянаў.

Гэтую прапанову падтрымліваюць і ў Нямецкім звязе гарадоў і супольнасцяў. Ягоны кіраўнік Герд Ландсберг папярэджвае ўрад, што грамадзяне з краін, якія не ўваходзяць у ЕЗ і не знайшлі ў Нямеччыне працу, не стануць добраахвотна пакідаць краіну.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках