20 красавiка 2024, Субота, 4:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі з'явіўся новы канкурэнт на газавым рынку

У Расеі з'явіўся новы канкурэнт на газавым рынку

Што адбываецца на «шахматнай дошцы» ва Усходнім Міжземнамор'і.

У 2010 годзе Геалагічная служба ЗША ацаніла запасы басейна Усходняга Міжземнамор'я на 122 трыльёны кубаметраў. Краіны рэгіёну не былі гатовыя да гэтай інфармацыі, паколькі дэмаркацыя межаў часта прыпынялася. Канфлікты і стварэнне альянсаў пачаліся пасля адкрыцця новага газавага радовішча ў Егіпце ў 2015 годзе, піша егіпецкае выданне Almasry Alyoum (пераклад - inosmi.ru).

Міністэрства замежных справаў Егіпта выказала занепакоенасць намерамі Турцыі пачаць аперацыі датычна марскога бурэння ў раёне, які Кіпр уважае сваёй выключнай эканамічнай зонай. У сваёй заяве яно перасцерагло Турцыю ад прыняцця любых аднабаковых дзеянняў, накіраваных на падрыў бяспекі і стабільнасці на Блізкім Усходзе, а таксама падкрэсліла неабходнасць захавання нормаў і палажэнняў міжнароднага права.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган на паседжанні датычна Міжземнаморскага дыялогу NATA заявіў, што правы Турцыі на бурэнне ў Міжземным моры не падлягаюць абмеркаванню, дадаўшы, што чакае ад NATA павагі правоў Анкары. Варта нагадаць, што Турцыя абвесціла пра намер пачаць выведвальнае бурэнне ў водах Міжземнага мора, якія Кіпр уважае сваёй выключнай эканамічнай зонай.

14 студзеня 2019 года Егіпет, Ізраіль, Кіпр, Грэцыя, Італія, Іарданія і Палестына абвесцілі пра стварэнне форуму краінаў Усходняга Міжземнамор'я ў сферы здабычы прыроднага газу, які дазволіць удзельнікам кіраваць газавай палітыкай у рэгіёне і прапаноўваць канкурэнтаздольныя кошты. Таксама відавочна, што блізкаўсходні форум не абмяжоўваецца толькі гандлёвым аспектам, а мае палітычную і ваенную падаплёку. Удзельнікі форуму імкнуцца абараніць газавыя радовішчы і транспартныя сродкі ад Турцыі. Анкара не зрабіла ніякай афіцыйнай заявы ў адказ на інфармацыю пра стварэнне форуму, але правяла некалькі ваенных вучэнняў у раёне Міжземнамор'я.

Каір заявіў, што Тэль-Авіў будзе экспартаваць прыродны газ у Егіпет, а таксама ў Еўропу праз Кіпр, Грэцыю і Італію. Дзеянні Егіпта пагражаюць турэцка-расейскаму праекту будаўніцтва газаправода «Турэцкі струмень». У сваю чаргу, Еўропа імкнецца абмежаваць уплыў Расеі на свой газавы сектар у цэлым і Нямеччыны асобна.

Егіпет выконвае пэўную ролю на геапалітычнай мапе рэгіёну, якую можна растлумачыць з дапамогай шахматнай дошкі. Выкарыстоўваючы даступную тэхнічную і юрыдычную інфармацыю, Егіпет пачаў спакойна перамяшчаць фігуры, рыхтуючыся да далейшых крокаў. Ён павялічыў свае ваенна-марскія магчымасці, набыўшы два шрубалётаносцы тыпу «Містраль» і нямецкія падводныя лодкі. Егіпет дамовіўся пра паскарэнне працэсу дэмаркацыі марскіх межаў з Грэцыяй і Кіпрам. Потым ён заключыў гандлёвы альянс з Ізраілем і краінамі Еўрапейскага Звязу (Італіяй, Грэцыяй і Кіпрам), які прывёў да прамой інтэграцыі эканамічных інтарэсаў праз кампаніі «Эні» (Eni), «Тоталь» (Total) і «Эксан мабіл» (Exxon Mobil). Згаданыя кампаніі ўплываюць на асобаў, якія прымаюць пастановы ў еўрапейскіх краінах, а таксама на сусветную эканоміку.

Узмацніўшы свае дыпламатычныя і ваенныя пазіцыі, Егіпет змог паставіць Турцыю перад выбарам: адступіць ад выведкі газу ў гэтым рэгіёне або парушыць правілы NATA і выступіць супраць Еўразвязву. Такім чынам, Егіпет адстойвае свае правы і правы сваіх партнёраў ва Усходнім Міжземнамор'і. Ён удзельнічае ў шахматнай партыі, дазваляючы спаборніку пры неабходнасці прасоўвацца наперад, у той час як усе важныя фігуры абароненыя ад любой магчымай атакі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках