20 красавiка 2024, Субота, 0:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Педыятраў абавязалі сачыць, ці не з'яўляецца хто-небудзь з бацькоў дзяцей «дармаедам»

49
Педыятраў абавязалі сачыць, ці не з'яўляецца хто-небудзь з бацькоў дзяцей «дармаедам»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Жыхарцы Бабруйска не далі лісток непрацаздольнасці на дзіця, бо муж працуе ў Польшчы.

У канцы красавіка ў жыхаркі Бабруйска Алесі Гарбаценкі захварэў сямігадовы сын, яна выклікала лекара, які паставіў дыягназ «ветраная воспа». Калі Алеся, якая на той момант працавала ў продажах, папрасіла выпісаць ёй лісток непрацаздольнасці падчас догляду дзіцяці, ёй адмовілі. Аргументацыя адмовы была такая - бацька хлопчыка працуе за мяжой.

Са слоў Алесі Гарбаценкі, калі яна папрасіла лекара выпісаць лісток непрацаздольнасці, ён спытаў, дзе працуе ейны муж.

«Я крыху здзівілася, - распавяла Naviny.by Алеся. - Са студзеня гэтага года я пяць разоў брала лісток, сын часта хварэў. І ні разу такога пытання мне не задавалі, а выдавалі лісток на падставе стану дзіцяці. Характэрна, што рабілі гэта розныя лекары, у тым ліку і той лекар, які прыйшоў да мяне на прыём гэтым разам. Я распавяла, што муж працуе за мяжой. Лекар сказаў, што не выдасць мне лісток, а выпіша даведку. Працуе муж афіцыйна ці не, мяне не пыталіся».

Алеся Гарбаценка абурылася, яшчэ раз патлумачыла лекару, што афіцыйна працаўладкаваная, што плаціць падаткі, аднак лекар спаслаўся на пастанову Міністэрства аховы здароўя, згодна з якой ёй лісток непрацаздольнасці не належыць. І параіў для змены сітуацыі ўзяць даведку аб тым, што муж працуе ў Польшчы афіцыйна.

- кажа Алеся. - Акрамя таго, я не хварэла ветраной воспай, а інкубацыйны перыяд доўжыцца да 21 дня, так што я сама магу быць заразнай. Я напісала электронны зварот у паліклініку. На наступны дзень мне патэлефанавала загадчыца і распавяла аб пастанове Міністэрства аховы здароўя і Мінпрацы, якая і вызначае правілы выдачы лісткоў непрацаздольнасці дзецям «дармаедаў».

Пры гэтым загадчыца праз тэлефон параіла ўзяць даведку аб афіцыйным працаўладкаванні мужа, якая, нібыта, здыме ўсе пытанні: «я спытала, згодна з якім дакументам я павінна выдаць у паліклініку даведку. Адказ пачула 8 траўня, калі прыйшла на пасяджэнне камісіі, створанай на мой зварот. Мне патлумачылі, што згодна з указам №200 пры выдачы лістка непрацаздольнасці лекары маюць права запатрабаваць усе даведкі, якія неабходныя для ажыццяўлення гэтай адміністрацыйнай працэдуры».

На сустрэчы ў паліклініцы Алесі стала ясна - да медыкаў зверху давялі «правільнае» разуменне пастановы Міністэрства аховы здароўя і Мінпрацы «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку выдачы і афармлення лісткоў непрацаздольнасці і даведак аб часовай непрацаздольнасці». Сутнасць такая: калі ў сям'і ёсць «дармаед», значыць, іншы працоўны з бацькоў можа ўзяць у выпадку хваробы дзіцяці толькі даведку, але не лісток непрацаздольнасці.

У пункце 30 інструкцыі гаворыцца: «Калі маці (мачыха), бацька (айчым), усынавіцель апякун знаходзяцца ў сацыяльных адпачынках [... ] ці не належаць да катэгорыі занятых грамадзян [... ] іншай асобе падчас догляду хворага дзіцяці ў гэтай сям'і па выніках экспэртызы часовай непрацаздольнасці выдаецца даведка».

Ёсць выключэнні, якія прапісаныя ў гэтым дакуменце, але яны не тычацца сям'і Алесі.

«На той момант, - распавяла яна —у мяне на руках ужо было апавяшчэнне з падатковай Польшчы аб тым, што муж плаціць у гэтай краіне падаткі. Я спытала ў паліклініцы, ці прымуць яны дакумент на польскай мове. Яны прынялі і выдалі мне лісток непрацаздольнасці. Аднак да таго часу я ўжо звольнілася, а на тыя працоўныя дні, якія трапілі на перыяд хваробы дзіцяці, узяла адпачынак за свой кошт».

«Гэта паказчык таго, як дзяржава ставіцца да людзей»

Алеся кажа, што шакаваная тым, што здарылася. Па-першае, яе абурыла тое, што яе спрабавалі пазбавіць гарантаванай сацыяльнай падтрымкі на перыяд хваробы дзіцяці:

«Калі прапануюць даведку замест лістка непрацаздольнасці, гэта азначае, што калі 7-10 дзён хваробы трапляюць на працоўныя дні, яны не аплачваюцца. Гэта сур'ёзны ўдар па бюджэце сям'і. І гэта вельмі паказальна ў частцы таго, як дзяржава ставіцца да сваіх людзей. І мне не зразумела, чаму афіцыйна жанчына, якая працуе афіцыйна, не можа скарыстацца правам на лісток непрацаздольнасці з прычыны хваробы дзіцяці незалежна ад таго, дзе працуе ейны муж? Я ж плаціла падаткі нашай дзяржаве».

Па-другое, Алеся незадаволеная тым, што ў паліклініцы збіраюць інфармацыю пра яе сям'ю, якая не тычыцца здароўя дзіцяці: «Я мяркую, што там не маюць права збіраць пра мяне інфармацыю. І мне непрыемна, што ўлады прымушаюць бедных лекараў, у якіх так шмат працы, весці сачэнне за пацыентамі».

Яшчэ Алеся здзіўляецца, чаму маўчаць іншыя маці: «У нашым рэгіёне і ва ўсёй краіне вельмі шмат жанчын засталося з дзецьмі, а мужы з'ехалі на заробкі. Чаму маўчаць жанчыны? Няўжо яны згаджаюцца на тое, каб застацца без заробленага лістка непрацаздольнасці? Ці яны не кажуць, што муж з'ехаў? Аднак доўга не схаваеш, асабліва ў невялікіх населеных пунктах. Мужчыны з'язджаюць, бо няма працы, і мой муж з'ехаў з той жа прычыны. Вы думаеце, гэта добра, што мая сям'я расколатая - ён у Польшчы, а мы з сынам тут? Разбілі нашу сям'ю і яшчэ патрабуюць даведку аб афіцыйным працаўладкаванні мужа, каб выдаць лісток».

Усё адпаведна закону

Як адзначыла ў каментары для Naviny.by загадчыца філіяла Бабруйскай гарадской дзіцячай паліклінікі № 1 Алена Жвіціяшвілі, выпадкі, калі з-за таго, што хтосьці з бацькоў працуе за мяжой, іншаму даюць не лісток, а даведку, рэдкія ў паліклініцы, аднак яны сапраўды бываюць:

«На якіх падставах выдаецца даведка замест лістка, выразна прапісана ў пункце 30 пастановы».

На пытанне, чаму Алесі Гарбаценцы раней давалі лісток, не пытаючыся аб месцы працы мужа, Алена Жвіціяшвілі сказала: «Бываюць усякія сітуацыі, калі можа не ўзнікаць пытанне аб працы бацькі. Тут у дзіцяці была ветраная воспа, і лекар збіраў звесткі аб кантактах. Гэтыя звесткі мы падаем у санстанцыю. Раней падавалі звесткі толькі пра кантактных дзецей, цяпер, згодна з нарматыўнай дакументацыяй, і пра бацькоў. З удакладненнем эпіданамнезу і ўсплыло пытанне аб працы».

Алена Жвіціяшвілі ўдакладніла, што звесткі аб месцы працы і прафесіі бацькоў або законных прадстаўнікоў збіраліся ў паліклініках заўсёды - у амбулаторнай карце дзіцяці ёсць спецыяльная графа для гэтай інфармацыі. Яна ўдакладняецца кожны раз, калі гаворка ідзе аб выдачы лістка.

Інфармацыя збіраецца са слоў бацькоў, а калі ўзнікаюць сумневы, звесткі правяраюць: «у выпадку ўзнікнення сумненняў у лекара мы звярталіся ў аддзелы кадраў прадпрыемстваў».

Лекарка таксама адзначыла, што магчымасці правяраць кожнага няма - адсутнічае доступ да базы звестак аб занятых.

Адказваючы на пытанне, ці не з'яўляецца праверка працаўладкавання бацькоў абавязкам іншых органаў, а не медыкаў, якія павінны займацца лячэннем, Алена Жвіціяшвілі сказала: «Мы працуем з дакументамі. І калі ў нейкім пункце прапісаная (неабходнасць праверкі. - рэд.), гэта наша праца. У нашы абавязкі ўваходзіць не толькі лячэбная праца, але і экспэртыза часовай непрацаздольнасці».

Такая практыка, натуральна, распаўсюджваецца на ўсю краіну.

Прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун адзначыла, што ў выпадку, калі хтосьці з бацькоў або афіцыйных прадстаўнікоў дзіцяці з'яўляецца не занятым, сапраўды выдаецца даведка. Логіка супольнай пастановы Міністэрства аховы здароўя і Мінпрацы такая: калі чалавек не працуе, значыць, ён можа знаходзіцца дома і даглядаць хворае дзіцё.

«Таму ў гэтым выпадку, калі адзін з бацькоў беспрацоўны і не выявіў жаданне даглядаць дзіцё, яму выдаецца даведка аб часовай непрацаздольнасці, а не лісток непрацаздольнасці», - сказала Барадун.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках