20 красавiка 2024, Субота, 0:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іранец, якому на радзіме пагражае павешанне, павінен сам пакінуць Беларусь

7
Іранец, якому на радзіме пагражае павешанне, павінен сам пакінуць Беларусь
МЕХРДАД ДЖАМШЫДЗІЯН

У іранца ёсць тры месяцы на тое, каб пакінуць Беларусь, інакш яго зноў арыштуюць.

14 траўня з ізалятара часовага ўтрымання быў вызвалены іранец Мерхдад Джамшыдзіян, якога хацелі прымусова выслаць на радзіму, дзе яго можа чакаць пакаранне смерцю. Больш за 10 месяцаў ён прабыў у ізаляцыі, яму не далі ніводнага спаткання з сям'ёй. Цяпер у Мерхдада ёсць тры месяцы на тое, каб пакінуць Беларусь, інакш яго зноў арыштуюць. Ён павінен сам знайсці краіну, якая гатовая яго прыняць. Беларускія ўлады так і не змаглі прапанаваць яму ні аднаго варыянту, паведамляе tut.by.

Больш за 20 гадоў Мерхдад Джамшыдзіян пражыў у Беларусі, тут у яго жонка і трое дзяцей, усе - грамадзяне нашай краіны. Сам Мерхдад не змог атрымаць грамадзянства, бо, са слоў яго жонкі, у сям'і былі праблемы з жыллём.

У 2012 годзе яго ўпершыню арыштавалі. У міліцыі мужчына даведаўся, што іранскія ўлады даслалі запыт з патрабаваннем вярнуць яго на радзіму, дзе супраць яго распачатая справа аб забойстве маці і роднага брата. Паводле версіі следства, ён расправіўся са сваякамі, каб атрымаць усю спадчыну. У Іране за гэта прадугледжанае пакаранне смерцю. Аднак Мерхдад уважае пераслед палітычным. Справа ў тым, што яго брат быў актывістам апазіцыйнага руху. Паводле дакументаў, забойства адбылося ў верасні 2012 года, а Джамшыдзіян 25 жніўня таго года ўжо вярнуўся ў Менск. Другі брат і дачка загінулага не вераць, што злачынства ўчыніў Мерхдад. Яны неаднаразова заяўлялі пра гэта іранскім праваахоўнікам. Генеральная пракуратура Беларусі двойчы адмовіла Ірану ў выдачы Мерхдада на радзіму. Да нядаўняга часу Джамшыдзіян знаходзіўся ў міжнародным вышуку па лініі Інтэрпола. Аднак адвакат і беларускія праваабаронцы, якія яму дапамагаюць, накіравалі абгрунтаванне аб яго невінаватасці, і яго выключылі з базы вышуку.

Яшчэ адзін важны ў гэтай гісторыі момант: Мерхдад прыняў хрысціянства ў Беларусі. Паводле іранскіх законаў, гэта лічыцца вераадступніцтвам, за што яго могуць прысудзіць да смяротнага пакарання.

Адвакат Наталля Мацкевіч падала ў судзе вынікі спецдакладчыка правоў чалавека ААН, які адзначае, што за апошні год у Іране было 207 смяротных пакаранняў, найбольшую долю складаюць этнічныя і рэлігійныя меншасці. Акрамя таго, міжнародныя праваабаронцы сведчаць аб тым, што ў Іране актыўна прымяняюцца катаванні: адсячэнне канечнасцяў, псіхалагічны ціск, асляпленне, доўгае ўтрыманне ў адзіночнай камеры і іншыя. А яшчэ парушаныя стандарты справядлівага суда, у тым ліку ў справах, дзе абвінавачаных прысуджаюць да смерці.

Гэтыя падставы, на думку абаронцы, кажуць пра тое, што Беларусь не можа дэпартаваць Мерхдада на радзіму.

У выніку суд пастанавіў скасаваць пастанову аддзела грамадзянства і міграцыі Маскоўскага РУУС аб прымусовай дэпартацыі і накіраваў справу на новы разгляд. Сёння стала вядома, што Мерхдада выпусцілі з ізалятара, была прынятая пастанова, што ён добраахвотна павінен пакінуць Беларусь, на гэта яму даецца тры месяцы.

Фактычна, цяпер ён павінен знайсці трэцюю краіну - не Беларусь і не Іран, якая пагодзіцца яго прыняць і абараніць. Адзначым, што беларускія ўлады спрабавалі знайсці для яго такі варыянт, але беспаспяхова.

Са слоў праваабаронцы Насты Лойкі, якая падтрымлівае сувязь з сям'ёй, Мерхдад цяпер знаходзіцца ў прыгнечаным стане і пакуль не гатовы адказаць, куды менавіта ён будзе спрабаваць выехаць. Родныя да апошняга спадзяваліся, што яму ўсё ж такі дазволяць застацца ў Менску, побач з сям'ёй.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках