18 верасня 2019, Серада, 17:23
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Эканаміст: Беларускі рубель друкуюць, як паштовыя маркі

48
Эканаміст: Беларускі рубель друкуюць, як паштовыя маркі

Лукашэнка доўгі час спаборнічаў з Зімбабвэ.

Сёлета беларускі рубель святкуе сваё 25-годдзе. За гэты час нашая нацыянальная валюта ўстанавіла нямала рэкордаў. Да прыкладу, за гэты час курс беларускага рубля знізіўся да даляра ў 1 444 200 разоў. Беларусь паспела пабіць сусветны рэкорд у дэвальвацыі ў 2011 годзе і правесці дэнамінацыю ў 2016.

Сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым эканамістам Леанідам Заікам, які падвёў вынікі 25 гадоў існавання беларускага рубля, распавёў пра яго перспектывы і нават падзяліўся парадай, у якой валюце лепш захоўваць свой ашчадак.

- Леанід Фёдаравіч, якімі былі гэтыя 25 гадоў беларускага рубля?

- Маленькія краіны гуляюць у такую гульню, якая называецца «суверэнная грашовая адзінка». Чым меншая краіна, тым больш яе распірае ад гонару, калі яна стварае сваю ўласную нацыянальную валюту.

У 90-я гады мы апошнімі, разам з Таджыкістанам увялі сваю грашовую адзінку. Досвед раскідання Аўстра-Вугоршчыны паказвае, што тыя краіны, якія хутчэй уводзяць сваю валюту, больш здабываюць. Мы доўгі час чапляліся за СССР і трохі страцілі.

Беларускі рубель стаў вельмі слабай, ілюстрацыйнай валютай, якую ў народзе называлі «драўлянай». Дагэтуль нашую валюту называюць «зайцамі». Доўгі час ішоў працэс абясцэньвання беларускага рубля. Інфляцыя дасягала і 1 000% на год, даходзіла і да аднаго мільёна.

Мне даводзілася ўвесь час пісаць і казаць, што трэба ўвесці нармальную грашовую адзінку і пераходзіць на залаты стандарт. Толькі пасля 12-ці гадоў артыкулаў і настойлівых рэкамендацый улады наважыліся на дэнамінацыю. Калі б улады пачулі і правялі раней, то можна было дамагчыся прапорцыі 1 еўра да 1 рубля. Цяпер прапорцыя 1 даляр да двух рублёў.

Мы доўгі час старанна спаборнічалі з Зімбабвэ. Дарэчы, мы ў гэтым спаборніцтве трохі адстаём: яны свайго прэзідэнта скінулі, а мы - не.

Самае галоўнае, на што не пайшлі ўлады пры дэнамінацыі - увядзенне залатога стандарту. Беларускі рубель павінен забяспечвацца золатам. Увядзенне залатога стандарту зрабіла б нас перадавой краінай у свеце. Кітай да гэтага прыйдзе, увесь свет таксама будзе пераходзіць на гэта. Хто раней - той больш здабывае.

Доўгі час прагаворвалася стварэнне адзінай валюты з Расеяй. Прыхільнікам гэтай пастановы хачу сказаць - расейскі рубель не выконвае сваю функцыю, не з'яўляецца сапраўднай каштоўнасцю. Расейцам трэба закрэсліваць два нулі. Мне даводзілася гаварыць на гэтую тэму з былым дарадцам Пуціна Андрэем Іларыёнавым і ён цалкам з гэтым згодны. Ён таксама прыхільнік таго, каб закрэсліць два нулі.

Нашаму ўраду я настойліва раіў бы пазбаўляцца ад наміналістычнай тэорыі грошай і пераходзіць на залаты стандарт. Але беларускія чыноўнікі ды ўрад да гэтага не гатовыя, яны неадукаваныя і непрафесійныя.

- У сеціве з'явіўся здымак, які наглядна дэманструе «поспехі» беларускага рубля за гэтыя гады. Купюра наміналам 1 мільён рублёў і дзесяць капеек, у якія гэтыя сума ператварылася за некалькі дзесяцігоддзяў. Як бы вы гэта пракаментавалі?

- Кіраўнікі краіны думалі, што грошы можна друкаваць, як паштовыя маркі. Просты непрафесіяналізм, глупства ў квадраце і кубе. Я магу гэта назваць сітуацыяй непрафесійнай тупасці.

- Ці не думаеце вы, што дэнамінацыя стала пэўнай псіхалагічнай штукай, з дапамогай якой прыкрылі ўзняцце коштаў?

- Я не шаман і не псіхатэрапеўт, нават не псіхадэлічны ілюзіяніст, усяго толькі эканаміст. З пункту гледжання навукі - нічога не мяняецца. Працэс перанясення коскі і маніпуляцыі з апошнімі нулямі можа адбівацца і ў той, і ў іншы бок. Галоўнае тое, што дэнамінацыя была праведзеная. У свой час мы праводзілі даследаванне, дзе гаварылася, што ў краін, у якіх такая колькасць нулёў, няма ніякай будучыні. Дэнамінацыю правялі, хоць і праз 12 гадоў. Дарэчы, наступная краіна, якую чакае дэнамінацыя, будзе Расея. Калі яны закрэсляць два нулі - вы мяне яшчэ ўспомніце.

- А якая рэпутацыя ў нашай нацыянальнай валюты на міжнароднай арэне?

- Беларускі рубель не з'яўляецца канверсоўнай валютай. Які можа быць аўтарытэт у краіны, дзель ВУП якой складае 0.2% ад сусветнага? Беларускі рубель ніхто не абавязаны нават ведаць. Гэта як цётка Прося з хутара ля Дзіканькі. Хто пра яе павінен ведаць? Вядома, калі былі «зайцы» «ваўкі» ды іншыя звяры - усе проста шалелі. Тады я працаваў за мяжой і памятаю, што мой малады калега абмяняў адзін беларускі «зайчык» на адзін амерыканскі даляр. Найлепшай аперацыі ў гісторыі нашай валюты не было.

Сёння Беларускі рубель па вызначэнні не можа мець цікавасці. Ніякіх ілюзій не варта мець. А калі б мы ўвялі залаты стандарт, то ўсе беглі б за намі і казалі «беларусы, можна з вамі!».

Паўтаруся, я працаваў у Кітаі і вывучаў гэтае пытанне. Кітай прыйдзе да залатога юаня, расейцы таксама зробяць гэта са спазненнем, а мы маглі гэта зрабіць яшчэ ўчора. Але для гэтага патрэбныя прафесіяналы на чале краіны.

- У якой валюце лепш за ўсё захоўваць свой ашчадак? Падзяліцеся сакрэтам, у якой валюце вы захоўваеце свой ашчадак?

- Я ўжо дзесяць гадоў кажу, што калі ў вас менш за 100 тысяч даляраў, то купіце шампанскае, зладзьце прыемную вячэру са свечкамі і не пераймайцеся.

А калі сур'ёзна, то адсоткаў 40 захоўваеце ў далярах, адсоткаў 20 - у еўра, 20 - у кітайскіх юанях, а тыя, што засталіся грошы можна ў швайцарскіх франках. Чым больш будзе дыферэнцыраваны ў вас кошык - тым лепш.