20 красавiка 2024, Субота, 8:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь пастаўляе малако ў Расею праз Кыргызстан?

2
Беларусь пастаўляе малако ў Расею праз Кыргызстан?

Можа працаваць новая схема.

У 2019 годзе Беларусь на фоне малочнай вайны з Расеяй рэзка павялічыла экспарт сваёй малочнай прадукцыі ў Кыргызстан. Але існуе верагоднасць, што прынамсі частка яе магла згубіцца па дарозе на прасторах Расеі, паведамляе «Белсат».

Як сведчыць інфармацыя Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у студзені-лютым 2019 года экспарт малочнай прадукцыі з Беларусі ў Кыргызстан вырас у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года ў 5–10 разоў. Усяго было пастаўлена малака і згушчаных і сухіх вяршкоў 5660 тонаў, малочнай сыроваткі – 800 тонаў, сыру і тварагу – 864 тоны.

За гэты ж час экспарт малочнай прадукцыі ў Расею, паводле звестак Белстата, скараціўся больш чым на чвэрць.

Пры гэтым сам Кыргызстан, паводле інфармацыі Еўразійскай эканамічнай камісіі, за студзень-люты 2019 года паставіў у Расею паводле некаторых пазіцыяў малочнай прадукцыі ў 2,1–2,6 разы больш, чым у студзені-лютым 2018-га.

Малочная вайна

Усё гэта адбываецца на фоне таго, што «Рассельгаснагляд» яшчэ 6 чэрвеня 2018 года абмежаваў пастаўкі ў Расею з Беларусі малака і некаторых відаў малочнай прадукцыі. Дзякуючы падпісанай неўзабаве дамове былі дазволеныя пастаўкі з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.

У студзені 2019 года калегія ЕЭК паведаміла РФ пра неабходнасць выконваць дамову аб ЕАЭС пры абмежаванні паставак з Беларусі асобных катэгорый малочнай прадукцыі. Але ў Расеі з гэтым не пагадзіліся.

Паводле вынікаў пасяджэння міжурадавай рады ЕАЭС у Ерэване 30 красавіка, кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі дамовіліся пра скасаванне сектаральных абмежаванняў у малочнай галіне ў дачыненні ўсіх беларускіх прадпрыемстваў.

І хоць «Рассельгаснагляд» скасаваў татальную забарону на пастаўкі з Беларусі малочнай прадукцыі, іншыя абмежаванні, якія былі ўведзеныя «Рассельгаснаглядам» у дачыненні да 29 прадпрыемстваў Беларусі, захоўваюцца.

Што хаваецца за беларускімі пастаўкамі?

У каментары журналістам старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб адзначыў, што за рэзкім ростам паставак беларускай малочнай прадукцыі ў Кыргызстан могуць хавацца адразу дзве схемы. Так, можна часткова казаць пра магчымую наяўнасць схемаў рээкспарту беларускай малочнай прадукцыі ў РФ праз Кыргызстан. «Мы пастаўляем туды, яны гэта называюць сваім і пастаўляюць у Расею», – сказаў ён.

Але найбольш верагодная, на ягоную думку, іншая схема.

«Расея даволі даўно выстаўляе Беларусі прэтэнзіі датычна транзіту беларускіх тавараў, якога, на самай справе, няма. Напрыклад, накіроўваецца малочка ў краіны Сярэдняй Азіі. Гэта можа быць і Кыргызстан, і Казахстан. Паводле дакументаў, яна з Беларусі выйшла туды, але потым растварылася на прасторах Расеі і да гэтых краінаў не дайшла», – апавёў эканаміст.

На ягоную думку, Расея ў сваіх прэтэнзіях можа мець рацыю – у Кыргызстан «нешта проста не даходзіць».

У любым выпадку важна бачыць статыстыку Кыргызстана, якая паказала б, колькі малочнай прадукцыі з Беларусі ён атрымаў. Бо, заявіў Вадзім Іосуб, у свеце распаўсюджана практыка ў вонкавым гандлі, калі звесткі пра двухбаковы гандаль паміж краінамі ў статыстыцы дзвюх краінаў могуць адрознівацца ў разы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках