18 лiпеня 2019, Чацвер, 2:23
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Юры Шаўчук: «Можам паўтарыць!» Што паўтарыць?! Забіць яшчэ сотню мільёнаў людзей?

65
ЮРЫ ШАЎЧУК

Легенда расейскага року параіў «канапным ваякам» пачытаць Васіля Быкава.

Лідар расейскага рок-гурта «ДДТ» Юрый Шаўчук раскрытыкаваў расейскія ўлады і СМІ за прапаганду вайны, піша censor.net.

«Вось цяпер прайшоў Дзень Перамогі – святая дата для расейцаў і многіх нашых суседзяў, бо краіну ўсім светам ратавалі. Але зноў шмат дураты: "Можам паўтарыць!" Уся гэтая бесаўшчына... Што паўтарыць?! Забіць яшчэ сотню мільёнаў людзей? Урэзацца ў рай?» – здзіўляецца Шаўчук.

У інтэрв'ю расейскім журналістам Шаўчук крытыкуе тое, якім чынам у ягонай краіне цяпер святкуюць 9 траўня: «Сапраўдных франтавікоў, як мой бацька, нашы дзяды, якія маглі б сказаць гэтым недалёкім паліттэхнолагам і канапным ваякам: "Апамятайцеся, што вы несяце?" – ужо амаль не засталося. А дзяды ведалі, якая гэта была сусветнага маштабу трагедыя.

Так, мы перамаглі, але якім коштам? Гэты акіян крыві, краіна ў ёй ледзь не захлынулася. Колькі было неапраўданых стратаў, глупства самаздаволенага, цынічнага кіраўніцтва... Перамаглі з вялізнымі ахвярамі – колькі загінула ад голаду ў блакадным Ленінградзе і ў сталінскіх лагерах. У тыле, дзе людзі працавалі на ваенных заводах пад адкрытым небам пры тэмпературы мінус сорак, тачылі снарады і паміралі ад знясілення і хваробаў. Але пра гэта цяпер амаль ніхто не кажа. Пачытайце кніжкі Віктара Астаф'ева, Васіля Быкава, пачытайце ўспаміны пра вайну Мікалая Нікуліна і іншых франтавікоў – гэта сумленныя кнігі, там праўда. Але гэтых герояў ужо няма і цяпер зноў пайшоў плакат, міфатворчасць».

Легендарны музыка апавёў пра тое, якім чынам ён адсвяткаваў Дзень Перамогі: «Моладзь выхоўваюць у духу: вайна – гэта так, стралялкі – усіх замочым, шапкамі закідаем, ракетамі сакрэтнымі... А гэтага не атрымаецца. Вайна – страшная трагедыя. Таму 9 траўня я пайшоў не на парад, а ў храм – паставіў свечкі па ўсіх загінулых і каб вайны не было. Запаліў свечкі тым, хто выратаваў нашу нервовую будучыню – простаму салдату і гераічным жанчынам, нашым бабулям, якія кавалі перамогу ў тыле».

Акрамя таго, Шаўчук абураны прапагандай вайны ў расейскіх СМІ: «Прапаганда вайны – адстой. Агідна. Колькі можна гарлапаніць "мы ўсіх замочым!"? Я чую гэтыя крыкі з цэнтральных каналаў, з высокіх трыбунаў, у інтэрнэце – і я ад гэтага шалею, бо ніхто на нас яшчэ не напаў. А рок-н-рол – усё ж музыка міру. І спявае ён не толькі пра тое, што ўсё ў нас добра... Чым таўсцейшыя мэрсэдэсы на дарогах, тым больш на іх георгіеўскіх стужачак. Усе гэтыя прамоўцы ваяваць не будуць. А будуць гінуць пацаны з усіх бакоў і мірнае насельніцтва – пенсіянеры, маці, дзеці. Што ўжо не раз адбывалася».

«Чаго хочуць дамагчыся яны гэтай рэкламай вайны? Спрабуюць на нянавісці да суседзяў змацаваць краіну, cцэментаваць дзяржаву, аб'яднаць усіх на зле? Чаму не на дабры?» – пытаецца Шаўчук.