25 чэрвеня 2019, aўторак, 5:34
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Іронія беларускіх коштаў

5

За кошт высокіх увозных мытаў беларускія чыноўнікі папросту перакладаюць грошы з кішэняў грамадзянаў у дзяржаўны бюджэт.

У пачатку траўня ўлады зноў загаварылі пра неабходнасць рэгуляваць кошты. У першую чаргу на прадукты харчавання.

Першым паводле традыцыі тэму падняў Аляксандр Лукашэнка, які 2 траўня загадаў Федэрацыі прафесійных звязаў Беларусі «пракантраляваць, стварыць зграбную, дакладную сістэму і кантраляваць кошты ў Беларусі».

Чыноўнікі, як мае быць, хутка ўзялі пад казырок. І ўжо 14 траўня ў краіне з'явіўся новаспечаны орган – экспертная рада ў пытаннях коштаў і тарыфаў, у якую ўвайшлі прадстаўнікі адразу некалькіх дзяржорганаў: ФПБ, Нацбанка, Белстата і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання.

Незалежныя эканамісты скептычна ставяцца да гэтай ідэі.

– На маёй памяці гэта другая хваля ўдзелу прафзвязаў у кантролі за коштамі, – у каментары «Салiдарнасцi» сказаў доктар эканамічных навук Барыс Жаліба. – Літаральна 2-3 гады таму было тое самае. І там сядзелі эканамісты, якія ў літаральным сэнсе лічылі кошты на майкі, трусы і шкарпэткі...

Я мяркую, што гэтае мерапрыемства непатрэбнае. Так, мы ведаем, што часам у развітых заходніх краінах былі моманты, калі прафзвязы казалі сваё слова, калі было рэзкае павышэнне коштаў. Але там яны самастойныя – і не з'яўляюцца прыдаткам улады. Таму пра іх згадваюць... А ў нас у гэтым няма сэнсу.

Эканаміст таксама падкрэсліў, што пытанні росту коштаў трэба развязваць, у першую чаргу, рынкавымі прынцыпамі – працаваць над зніжэннем інфляцыі і павышаць дабрабыт людзей.

Тым не менш хутка «жвавая чацвёрка» пачне ўзмоцнена змагацца з высокімі коштамі на прылаўках беларускіх крамаў. На што новаму органу варта было б звярнуць увагу ў першую чаргу?

Журналісты вывучылі некалькі дакументаў, якія рэгулююць кошты на імпартныя прадукты, што ўвозяцца ў Беларусь, і выявілі некалькі цікавых лікаў.

Напрыклад, праз увозныя мыты, проста перасякаючы мяжу, любімая ў народзе рыба мінтай даражэе на 6%, абрыкосы і апельсіны – на 10%, цыбуля рэпчатая – на 13%, сыры – на 15%, свініна – на 15%, а курыныя крылцы або грудка – і зусім на 25%!

Усё гэта робіцца, каб абараніць мясцовых вытворцаў у рамках Еўразійскага эканамічнага звязу. А вось насельніцтву Беларусі наўзамен даводзіцца пераплачваць немалыя сумы – прычым не толькі за імпартныя прадукты харчавання, але і за вопратку, тавары для дому, медыкаменты.

За кошт высокіх увозных мытаў беларускія чыноўнікі папросту перакладаюць грошы з кішэняў грамадзянаў у дзяржаўны бюджэт, з якога шчодра фінансуюцца розныя дзяржаўныя органы. У тым ліку і тыя, якія бадзёра рапартуюць пра зніжэнне коштаў у беларускіх крамах. Такая вось іронія.