18 лiпеня 2019, Чацвер, 2:29
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Рэжым Лукашэнкі - паразітарны і марыянеткавы

39
МІКОЛА СТАТКЕВІЧ

Лідар БНК выступіў у літоўскім Сейме.

Як паведамляў сайт Charter97.org, сустаршыня БХД Павал Севярынец і лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч выступілі ў літоўскім Сейме.

Мікола Статкевіч апублікаваў тэкст свайго выступу ў "Фэйсбуку":

«Паважанае спадарства!

Я пачну з выбачэнняў. На жаль, мы не змаглі перашкодзіць Лукашэнку размесціць атамную электрастанцыю каля вашай сталіцы. Нармальныя суседзі так не робяць. Прабачце нам.

Вось вы якраз паводзіце сябе як нармальныя і адказныя суседзі Беларусі. Хачу падзякаваць вам за прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да таго, што адбываецца ў нашай краіне.

На жаль, такая прынцыповасць сярод палітыкаў дзяржаваў ЕЗ цяпер хутчэй выключэнне, чым правіла. Палітыкі іншых еўрапейскіх краінаў цяпер прымаюць нелегітымны беларускі рэжым як роўнага партнёра, нягледзячы на ягоныя злачынствы супраць нашага народа і дзяржавы.

Не ведаю, чаго тут больш – вульгарнай матэрыяльнай зацікаўленасці, адсутнасці ўласных прынцыпаў або памылак.

Адно з самых распаўсюджаных апраўданняў гульняў з Лукашэнкам – ён нібыта спрабуе абараніць незалежнасць Беларусі ад Расеі. Недарэчнае апраўданне. Усе мы тут выдатна ведаем, як умацаваць незалежнасць краіны.

У першую чаргу – гэта эканамічныя рэформы, закліканыя зрабіць эканоміку самадастатковай. Гэта захады для ўмацавання нацыянальнай і дзяржаўнай ідэнтычнасці. Гэта дыялог з грамадствам і фармаванне агульнанацыянальнага кансэнсусу пра неабходнасць і шляхі абароны незалежнасці. Гэта аб'яднанне ўлады з патрыятычнай часткай грамадства, запрашэнне патрыётаў у структуры, звязаныя з бяспекай і абаронай.

Нічога падобнага з боку Лукашэнкі мы не бачым. Хутчэй наадварот – эканоміка не рэфармуецца, русіфікацыя прадаўжаецца, ціск рэжыму на грамадства толькі ўзмацняецца, пераслед патрыётаў не спыняецца.

Прычына ў тым, што дыктатар абараняе не незалежнасць, а існы ўзровень датацыяў і, адпаведна, існы ўзровень залежнасці ад Масквы.

Беларускі рэжым першапачаткова сфармаваны як паразітарны і марыянеткавы. Ягонае функцыянаванне магчымае толькі дзякуючы каласальным расейскім датацыям. Без іх існаванне беларускай дзяржаўнай прамысловасці і дзяржаўнай сельскагаспадарчай вытворчасці, што ў большасці выпадкаў нясуць не прыбытак, а страты, даўно скончылася б крахам.

Без гэтых датацыяў было б немагчымае ўтрыманне амаль 200-тысячнай арміі "праваахоўнікаў", размеркаванай у 8 аўтаномных спецслужбаў. А значыць, без маскоўскіх датацыяў Беларусь даўно ўжо забылася б пра кіраванне Лукашэнкі.

Напэўна, ён нават радаваўся свайму шчасцю. За словы пра інтэграцыю і малазначныя для яго саступкі ці нават жаданыя ім самім дзеянні, накшталт знішчэння беларускай мовы, барацьбы з патрыётамі, перадачы Маскве тэлевізійнай прасторы, ён атрымліваў магчымасць неабмежаванай улады над нашай краінай.

Але тое, што Лукашэнка ўспрымаў, як камфортны заўсёдны стан, для Крамля было працэсам. У канцы якога – поўнае паглынанне Беларусі.

План гэтага паглынання быў прапанаваны самім Лукашэнкам 20 гадоў таму. Ён завецца "Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы".

І гэта ніколі не хавалася Масквой. Там заўсёды гаварылі пра "будаўніцтва Саюзнай дзяржавы". А цяпер проста пастанавілі, што Лукашэнка дастаткова падрыхтаваў Беларусь да інкарпарацыі і што час перайсці да яе вызначальнай стадыі.

Вядома, беларускаму дыктатару не хочацца адмаўляцца ад статусу "прэзідэнта" фармальна незалежнай краіны. Ён спрабуе захаваць гэты статус, спрабуе пакінуць за сабой становішча прывілеяванага васала Масквы.

Але ў Крамлі ўжо пастанавілі ягоную долю. Тым больш што інкарпарацыя Беларусі дазволіць Пуціну зноў падняць свой рэйтынг і застацца ва ўладзе пасля 2024 года ўжо ў якасці "прэзідэнта Саюзнай дзяржавы". Для лідара, які страчвае папулярнасць, гэта значна лепшы спосаб, чым проста змена Канстытуцыі, якая напэўна выкліча непрыманне значнай часткі расейскага грамадства.

Калі Лукашэнка катэгарычна адмаўляе рэформы, пры скарачэнні датацый ён будзе неўнікнёна саступаць ціску Масквы. Інакш гэтае скарачэнне прывядзе да эканамічнага калапсу і бунту. Але саступкі не выратуюць яго. У Крамлі ведаюць пра маштабы ўсенароднай нянавісці беларусаў да менскага дыктатара. Каб не ставіць пад пагрозу праект інкарпарацыі, на нейкім яе этапе дыктатара прыбяруць.

У існых умовах адзіным рэальным абаронцам незалежнасці Беларусі застаюцца толькі патрыятычна настроеныя грамадзяне.

Беларускі нацыянальны кангрэс заявіў пра сваю гатоўнасць абараняць незалежнасць любымі сродкамі. Цяпер мы вядзем працу ў кансалідацыі пратэставай большасці вакол патрыятычных сілаў, у стварэнні патрыятычнага лідарства для тых 80% беларусаў, якія хочуць пераменаў.

У сваёй працы мы выкарыстоўваем і афіцыйныя выбарчыя кампаніі. Мы выдатна разумеем, што рэальных выбараў у нас няма. Што адмыслова адабраныя выбарчыя камісіі папросту не лічаць галасы, а назіральнікі не маюць права кантраляваць падлік бюлетэняў.

Але нават фэйкавыя "выбары" – гэта магчымасць для правядзення масавых пратэстаў. Бо за межамі выбарчых кампаній любыя пратэставыя акцыі ў цэнтрах гарадоў сканчаюцца рэпрэсіямі. Напрыклад, нядаўна я адседзеў 15 дзён у турме за заклік да малітвы каля галоўнага праваслаўнага храма да абароны крыжоў на месцы сталінскіх расстрэлаў, якія былі знесеныя на загад Лукашэнкі.

Мы будзем выкарыстоўваць найбліжэйшую парламенцкую кампанію як падрыхтоўку да прэзідэнцкіх "выбараў". Наша мэта – шляхам масавага доўгага мірнага працэсу дамагчыся вяртання сумленных выбараў.

Я вылучаны кандыдатам у прэзідэнты ад БНК. Але насуперак Канстытуцыі Беларусі, выбарчае "заканадаўства" дыктатара забараняе маё вылучэнне праз 8 гадоў судзімасці. Я атрымаў яе пасля 5 гадоў турмы за пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, дзе быў кандыдатам.

З прычыны палітычных судзімасцяў абмежаваныя ў палітычных правах і іншыя патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты ад БНК – Андрэй Саннікаў і Генадзь Фядыніч.

Таму часткай парламенцкай і прэзідэнцкай кампаній будзе барацьба і за аднаўленне нашых канстытуцыйных правоў.

Наша канчатковая мэта – абарона незалежнасці Беларусі, пабудова ў нашай краіне вольнай шчаснай дзяржавы.

У гэтай барацьбе цяпер мы пакінутыя практычна сам-насам з фінансаваным Масквой рэжымам. На афіцыйным узроўні салідарнасць з намі цяпер выяўляе толькі Літоўская рэспубліка.

Мы будзем змагацца за свабоду Беларусі ў любой сітуацыі. Але тым больш мы ўдзячныя за любыя праявы салідарнасці з нашай барацьбой. Дзякуй за падтрымку!

За нашу і вашу свабоду!» – заявіў на выступе ў Сейме Літвы Мікола Статкевіч.