26 чэрвеня 2019, Серада, 2:01
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

У кангрэсе ЗША падрыхтавалі новы праект санкцый супраць Расеі

Прапанаваныя санкцыі дзеляцца на дзве групы.

Камітэт фінансавых паслуг Ніжняй палаты кангрэсу ЗША апублікаваў для грамадскага абмеркавання чарнавік зводнага законапраекта пра новыя санкцыі супраць Расеі. Дакумент прапанаваны для камітэцкага слухання 15 траўня на тэму санкцыяў, якое было першапачаткова запланаванае на люты, але перанесенае з невядомых прычынаў, паведамляе РБК.

Прапанаваны камітэтам чарнавік, у сутнасці, аб'ядноўвае законапраекты DASKA («Аб абароне амерыканскай бяспекі ад агрэсіі Крамля») і DETER («Аб стрымліванні замежнага ўмяшання ў амерыканскія выбары»), унесеныя групамі амерыканскіх сенатараў адпаведна ў лютым і красавіку. Мяркуючы з усяго, гэта альтэрнатыва, што зыходзіць ад Палаты прадстаўнікоў, якая ахоплівае большасць папярэдніх сенацкіх ініцыятываў у галіне антырасейскіх санкцый.

Гэты чарнавік фармальна не ўнесены ў палату ў якасці законапраекта, ягоная мэта – «сабраць ідэі і пачуць ад экспертаў, як лепш рэалізоўваць санкцыі», удакладняе Bloomberg са спасылкай на крыніцу ў профільным камітэце кангрэса.

Прапанаваныя санкцыі дзеляцца на дзве групы:

тыя, што абавязкова будуць уведзеныя ў выпадку прыняцця законапраекта ў адказ на, як мяркуюць заканадаўцы, ужо даказаныя факты ўмяшання Расеі ў амерыканскія выбары 2016 і 2018 гадоў;

тыя, што могуць быць уведзеныя надалей, калі Расея ўмяшаецца ў будучыя выбары ў ЗША.

Санкцыі супраць дзяржпазыкі і замежных энэргетычных праектаў

У адказ на ўмяшанне ў выбары прапануецца наступны набор санкцый:

забарона для амерыканскіх інвестараў на набыццё новай суверэннай запазычанасці Расеі, выпушчанай праз тры месяцы пасля таго, як закон пачне дзейнічаць;

уключэнне ў санкцыйны спіс SDN любога расейскага фінансавага інстытута, датычнага да фінансавання ўмяшання ў выбары 2016 ці 2018 года;

уключэнне ў спіс SDN любой расейскай асобы, якая падтрымлівае ўмяшанне ў выбары;

уключэнне ў спіс SDN любога «энэргетычнага праекту», што знаходзіцца за межамі Расейскай Федэрацыі, у які расейская дзяржкампанія ўкладзе не менш за $5 млн праз тры месяцы пасля таго, як закон пачне дзейнічаць.

Апошні пункт мог бы быць накіраваны супраць будаўніцтва газаправода «Паўночны струмень-2», але гэты праект павінен быць закончаны да канца 2019 года. Акрамя таго, кангрэсмэны спецыяльна плануюць прадпісаць Мінфіну ЗША вывесці з-пад санкцый праекты, у якія расейская дзяржава на момант, калі закон пачаў дзейнічаць, ужо інвеставала сродкі.

Акрамя таго, прапануецца абавязаць амерыканскіх інвестараў раскрыць любыя дзелі, якія яны могуць мець на капіталах наступных банкаў: ВЭБ.РФ, Ашчадбанк, ВТБ, Газпрамбанк, Рассельгасбанк, Прамсувязьбанк.

Магчымыя будучыя санкцыі: РФПІ і «Растэх»

Будучыя санкцыі за патэнцыйнае ўмяшанне ў амерыканскія выбары, пачынаючы з 2020 года ўключаюць:

забарону для амерыканскіх грамадзянаў і кампаній інвеставаць у расейскі энэргетычны сектар і расейскія энэргетычныя дзяржкампаніі;

санкцыі супраць аднаго або некалькіх фінансавых інстытутаў з спісу: Расейскі фонд прамых інвестыцый (РФПІ), ВЭБ.РФ, Ашчадбанк, ВТБ, Газпрамбанк, Рассельгасбанк, Прамсувязьбанк.

санкцыі ў выглядзе ўваходжання ў спіс SDN любых абаронных прадпрыемстваў, якія належаць Расейскай Федэрацыі, «у тым ліку Растэх» (у цяперашні час «Растэх» знаходзіцца пад сектаральнымі санкцыямі, амерыканцам забаронена пазычаць яму больш чым на 30 дзён).

Рассакрэціць «Крамлёўскі даклад»

Асобным пунктам у чарнавіку законапраекта ідзе прадпісанне Мінфіну ЗША апублікаваць назвы «любых структураў» (але не фізічных асобаў), уключаных у сакрэтны дадатак да «крамлёўскага дакладу» – спецыяльнай справаздачы амерыканскага Мінфіна, падрыхтаванай у студзені 2018 года. У ёй аналізаваліся расейскія алігархі і кампаніі з дзяржудзелам не меншым за 25%. Аднак з хадайніцтва дырэктара Нацыянальнай выведкі некаторыя імёны могуць застацца засакрэчанымі, калі гэта неабходна з меркаванняў нацыянальнай бяспекі ці абароны выведвальнай працы.

Ёсць у дакуменце і пункт, навеяны гісторыяй з выключэннем з санкцыйнага спісу кампаній En+ і Rusal, якія першапачаткова патрапілі пад санкцыі за падкантрольнасць Алегу Дзерыпаску. Цяпер кангрэсмэны прапануюць прапісаць, што выключэнне якой-небудзь кампаніі з-пад санкцый магчымае толькі ў тым выпадку, калі падсанкцыйны бізнэсмэн і ягоныя найбліжэйшыя сваякі (уключаючы былую жонку) знізяць сукупную дзель у ёй да менш чым на 25%. Калі б такое становішча дзейнічала цяпер, En+ нельга было б выключыць з санкцыйнага спісу пры фактычных параметрах пагаднення з Мінфінам ЗША (Дзерыпаска, ягоныя дзеці і былая жонка фармальна захавалі за сабой больш за 50% En+).